Бяспека – і наш клопат

Ахова правапарадку Нумары

ДРУЖЫННІКІ – РЭЗЕРВ МІЛІЦЫІ

Добрааахвотныя дружыны здольны не толькі аказаць садзейнічанне міліцыі ў ахове грамадскага парадку, а і змяняць свядомасць людзей.

Роля гэтых грамадскіх фарміраванняў была чарговы раз падкрэслена пры падвядзенні вынікаў работы добраахвотных дружын раёна за 2015 год. Пасяджэнне праходзіла ў раённым выканаўчым камітэце з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Шэсцеля і намесніка начальніка райаддзела міліцыі – начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Руслана Харуты. Было агучана, што самыя актыўныя добраахвотныя памочнікі райаддзела міліцыі знаходзяцца менавіта ў горадзе, дзе, між іншым, якраз і рэгіструецца найбольшая колькасць розных правапарушэнняў (за год – да трох тысяч, і гэта без уліку парушэнняў па лініі ДАІ). З-за розных прычын абвастраецца і крымінагенная  абстаноўка. Дружыннікі прыцягваюцца ў выхадныя і святочныя дні да патрулявання паркаў і вуліц, у сезон – зон масавага адпачынку ля вады. Іх дзяжурства адбываецца сумесна з супрацоўнікамі ДАІ і патрульна-паставой службы, участковымі інспектарамі і інспектарамі інспекцыі па справах непаўналетніх, аднак практыкуецца і самастойны выхад, без работнікаў міліцыі, дзе іх галоўная задача – паведаміць у міліцыю аб тым ці іншым заўважаным правапарушэнні або, у залежнасці ад сітуацыі, зрабіць парушальніку заўвагу.

– У парку сталі менш распіваць спіртное, ды і на пляжах не дапушчана распівання спіртнога цэлымі сем’ямі, кампаніямі, што нярэдка здаралася раней, – адзначыў Сяргей Шэсцель.

Паступова, у тым ліку пад уплывам дружыннікаў, мяняецца свядомасць людзей, і – самае галоўнае – у іх, дружыннікаў, выпрацоўваецца свая сістэма работы. Пры гэтым нельга не прызнаваць, што рэзерв, які ўяўляюць дружыннікі, на даны момант да канца не выкарыстаны.        

Лепшай дружынай з 22-х, якія дзейнічаюць на Стаўбцоўшчыне, названа дружына філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы.  Яе гісторыя бярэ адлік з 2004 года. За 2015 год на яе рахунку – 56 выхадаў на ахову грамадскага парадку, а таксама найбольшая колькасць спыненых у грамадскіх месцах правапарушэнняў, затрыманых парушальнікаў. З мінулага года дружыну ўзначаліла Наталля Жаўнерчык – адзіная жанчына сярод камандзіраў добраахвотных дружын раёна. За плённую работу па ахове грамадскага парадку ёй уручана падзячнае пісьмо райвыканкама. Наталля Жаўнерчык назвала касцяк дружыны. Гэта Віктар Аўгусцінчык, Вацлаў Гарэлік, Ала Вільнявец. Яна падзялілася з калегамі вопытам, з якога відавочна, што баявы дух дружыны трымаецца на дысцыпліне, дакладным выкананні графіка дзяжурстваў і, немалаважна, на асэнсаванні важнасці гэтай работы з боку кіраўніцтва прадпрыемства, якое знаходзіць сродкі для матэрыяльнага заахвочвання дружыннікаў.

Было прыемна бачыць, як добры прыклад маторнікаў закрануў за жывое камунальнікаў: прадстаўнік АКС Валерый Бохан запэўніў, што ў наступным годзе прэтэндаваць на першае месца будзе іх дружына, бо ў любых сітуацыях і пры любых абставінах камунальнікі імкнуцца працаваць у цесным узаемадзеянні з органамі правапарадку і таксама зацікаўлены ў тым, каб зрабіць наш горад камфортным і бяспечным.           

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

КРЫМІНАЛЬНАЯ ГІСТОРЫЯ

21 красавіка 2016 года каля 17 гадзін адбылося нападзенне на работніка аддзялення ААТ «Беларусбанк» у п. Бярэзінскае Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Злачынец, пагражаючы супрацоўніку аддзялення прадметам, падобным на пісталет, украў 60 мільёнаў рублёў, пасля чаго ўцёк.

Устаноўлена, што да гэтага злачынства маюць дачыненне двое маладых людзей. Ёсць меркаванне, што зламыснікі былі на матацыкле «ІЖ – Планета-4» без рэгістрацыйных нумароў. Гэты транспартны сродак знойдзены непадалёку ад месца нападзення. Гаспадар матацыкла не ўстаноўлены.

Знойдзены матацыкл мае наступныя прыкметы: перафарбаваны ў сіні колер (завадскі – зялёны), сядзенне абвязана празрыстым скотчам, спідометр і задні ўказальнік паварота замацаваны сіняй ізалентай.

Супрацоўнікі міліцыі просяць усіх, хто валодае інфармацыяй аб уладальніках матацыкла, ці каму што-небудзь вядома па факце разбойнага нападзення, паведаміць у Маладзечанскі  РАУС (тэл. 8-01767) 7-16-56, 8-029-697-37-03, 8-029-753-99-40, 8-029-140-83-32). Канфідэнцыяльнасць і ўзнагароджанне гарантаваны.

Аддзяленне інфармацыіі грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама

 

ПОЛЫМЯ НАД ЦЕСНАВОЙ

17 мая прыкладна ў адну гадзіну 20 мінут ночы па тэлефоне 101 паступіла трывожнае паведамленне з Цеснавой-1: над драўляным жылым домам – адкрытае полымя…

Бяду першымі ўбачылі і адчулі суседзі. У ахопленым агнём доме, які належыць мясцовай гаспадарцы, пражывалі бацькі з дзевяцігадовым сынам. Другакласнік  некалькі дзён таму вярнуўся, як і ўсе вучні Цясноўскай школы, з аздараўлення ў санаторыі. Вечарам бачылі, як хлопчык гуляў з іншымі дзецьмі на вуліцы…

На месца здарэння аператыўна прыбылі чатыры пажарныя падраздзяленні. Карціна адкрылася страшная: ад агню ўжо праваліўся дах дома. У ходзе тушэння ў адным з пакояў былі знойдзены целы дзіцяці і яго маці, 1972 года нараджэння.  

Што здарылася ў доме ноччу, калі маці і яе малалетні сын спалі (бацька быў на рабоце, на кругласутачнай пасьбе кароў), неабходна высветліць. Адпрацоўваецца некалькі версій, найбольш верагодная з іх – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.      

Шкодныя звычкі (і не толькі курэнне) і раней прысутнічалі ў гэтай сям’і. З-за іх у 2010 годзе было задаволена хадайніцтва школы і трохгадовае на той момант дзіця прызнана маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Згодна з Дэкрэтам № 18, з сям’ёю цесна працавалі ўсе суб’екты прафілактыкі.

Яе разглядалі і заслухвалі на саветах прафілактыкі і на пасяджэннях грамадскага пункта аховы правапарадку і прафілактыкі, яна брала ўдзел у сельскім сходзе на тэрыторыі сельсавета, дзе ўказвалася ў тым ліку і на пытанні пажарнай бяспекі. Штогод гэты жылы дом абследавала камісія на пажарна-тэхнічную бяспеку. Маці прайшла курс лячэння ад алкагольнай залежнасці і, па сутнасці, вярнулася да нармальнага жыцця. Асэнсаваўшы сваё мацярынства, у 2012 годзе яна аднавілася ў бацькоўскіх правах у адносінах да двух сваіх старэйшых сыноў (цяпер ім 21 і 18 гадоў, яны працуюць і вучацца ў Мінску). 

Жанчына працавала ў гаспадарцы цялятніцай. Асаблівых пытанняў да яе ад наймальніка не было.

– Праблемы ўзнікаюць тады, калі слабне ўвага і кантроль за падобнымі сем’ямі з боку суб’ектаў прафілактыкі, – заўважае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын і падкрэслівае, што вырашаць іх неабходна агульнымі намаганнямі, без маладушша, таму што – і гэта паказвае канкрэтны выпадак – на коне стаіць жыццё дзіцяці.

15 мая ў 22.14 у Яблынаўцы быў зарэгістраваны пажар у жылым доме, на якім пацярпеў 14-гадовы падлетак. Ад атручэння чадным газам (прычына пажару высвятляецца) хлопец страціў прытомнасць і, калі б не своечасовыя і граматныя дзеянні суседа Аляксандра Церахава, былога работніка рамонтна-аднаўленчай часці, які разбіў акно, вынес пацярпелага на руках і аказаў яму першую дапамогу, наступствы маглі б быць непрадказальнымі… Цяпер стан падлетка не выклікае апасенняў – з нязначнымі апёкамі ён пераведзены з рэанімацыйнага аддзялення бальніцы ў хірургічнае.

Напярэдадні летніх канікул актуальна гучаць наступныя патрабаванні пажарных-выратавальнікаў: не пакідайце дзяцей адных, без нагляду дарослых, захоўвайце асцярожнасць пры карыстанні электрапрыборамі, пры курэнні. Важнае пытанне – устаноўка ў жылых пакоях аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, найбольш дзейснага сродку для ранняга выяўлення пажару, а таксама своечасовая замена ў ім батарэек для падтрымання ў рабочым стане.

Просьба да грамадзян, якім становяцца вядомымі факты пра нядобранадзейныя сем’і, асабліва з непаўналетнімі дзецьмі: паведамляйце пра іх у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, міліцыю, каб не дапусціць трагедыі, аналагічнай той, якая адбылася ў Цеснавой. Наша прынцыповая грамадзянская пазіцыя дапаможа зрабіць жыццё ўсіх жыхароў раёна больш бяспечным.      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *