Ацэнка – дарослым, падлеткам – клуб

Нумары Увага - дзецям

У раённай камісіі па справах непаўналетніх працягваецца практыка выязных пасяджэнняў. На гэты раз яно прайшло на базе Коласаўскай сярэдняй школы.

Скажам адразу, што гэтае мерапрыемства – планавае, праводзіцца ў адпаведнасці з комплексным планам прафілактычнай работы. Да ўдзелу ў ім былі запрошаны старшыня мясцовага сельвыканкама, дырэкцыя школы, а таксама асобныя сем’і і вучні, у адносінах да якіх складзены адміністрцыйныя пратаколы за распіванне ў грамадскім месцы алкагольных напіткаў, піва. Падобныя факты не з’яўляюцца для Коласаўскай школы характэрнымі, аднак яны ёсць і іх нельга пакідаць без  увагі. Больш таго, як падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па справах непаўналетніх Сяргей Шэсцель, на Стаўбцоўшчыне намецілася тэндэнцыя павелічэння колькасці непаўналетніх, затрыманых за распіванне спіртнога (35 падлеткаў у 2014 годзе, 51 – у 2015 годзе). «Неабходна дэталёва ўнікнуць у кожную сітуацыю, даць ацэнку дарослым», – расставіў акцэнты Сяргей Шэсцель.

Заслухваць прыйшлося тры сям’і. «Пляма», якая легла на ўсіх іх, – распіванне сынамі піва ў грамадскім месцы. Хлопцы ўжывалі яго па-заліхвацку – наўпрост з горла бутэлькі ля пад’езда аднаго з дамоў, дзе іх маглі бачыць іншыя жыльцы, у тым ліку дзеці. За гэты ўчынак у адносінах да двух 17-гадовых маладых людзей складзены адміністрацыйныя пратаколы, у адносінах да трэцяга, які яшчэ не дасягнуў узросту прыцягнення, адміністрацыйная адказнасць ускладзена на матулю. Усе хлопцы – з нядрэнных сем’яў, раней бацькі не заўважалі за імі шкодных звычак. І характарыстыка ад педагогаў: дысцыпліну не парушаюць, хоць матывацыя да вучобы (сярэдні бал – 6–7) жадае быць большай. 

На кожнага парушальніка накладзены штраф у памеры 105 000 рублёў. Штрафныя санкцыі – мінімальныя, з улікам таго, што непаўналетнія прызналі сваю віну і, падобна, асэнсавалі зробленую памылку. Але і гэта «сотня» рублёў для кожнай сям’і (адна з іх – няпоўная, другая – шматдзетная, трэцяя – перасяленцы з Украіны),  не была б лішняй… Акрамя таго, падлеткі пастаўлены на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх.

Па хадайніцтве школы камісіяй была разгледжана яшчэ адна сям’я, у якой ніяк не наладжваюцца ўнутрысямейныя адносіны (скандалы жонкі і мужа, выклікі міліцыі і т. п.), і гэта адмоўна ўплывае на выхаванне дачкі-шасцікласніцы. Заслуханы таксама грамадзянін, зарэгістраваны ў пасёлку Наваколасава, непаўналетняя дачка якога была ў бацькоў часова адабрана. Прычыны – злоўжыванне алкагольнымі напіткамі з боку маці, пражыванне ў сваякоў з-за адсутнасці ўласнага жылля і стабільнага заробку… «У дзіцяці ёсць сваякі, у якіх яно знаходзіцца на апецы, аднак жыллёвае пытанне – куды вяртаць яго? – не вырашана», – выказала занепакоенасць сітуацыяй намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько. 

Знаёмства адбылося і з тымі вучнямі, якія пастаўлены на ўнутрышкольны ўлік. Такіх у школе адзінкі. Кожную суботу гэтыя дзеці наведваюць заняткі па інтарэсах, яны нават у Стоўбцы ездзяць на брэйк-данс… Іх запрасілі на пасяджэнне з прафілактычнай мэтай.

Галіне Круцкіх, педагогу-псіхолагу з вялікім стажам работы, была дадзена магчымасць падзяліцца вопытам дзейнасці сацыяльна-педагагічнай службы з непаўналетнімі, якія стаяць на рознага віду ўліках. Важна, як адзначыла спецыяліст, – пабываць у сям’і і ўбачыць рэальную сітуацыю, самае складанае – каб цябе прынялі як псіхолага, які прыйшоў з дабром.

У рабоце з сем’ямі можна валодаць нарматыўнымі дакументамі, метадамі дыягностыкі і т. п., аднак праблема вырашыцца толькі тады, калі чалавек яе ўсвядоміць. Падлетка важна разгаварыць, зацікавіць. У Коласаўскай школе ёсць для гэтага кабінет інфарматыкі. Спорт развіты добра (пра гэта сведчаць і  спартыўныя дасягненні). Акрамя таго, дзеці ездзяць у фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Стоўбцы. Запрашаюць заняткі па інтарэсах. «У вучняў яны карыстаюцца папулярнасцю, таму вырашылі перайсці да клубнай работы. Падумаем над праграмай і створым свой клуб – «Падлетак», – зазначае Галіна Круцкіх. 

Сяргей Шэсцель нагадаў пра нязменную цікавасць падлеткаў да розных відаў тэхнічнай творчасці, непасрэдна да тэхнікі – ад матацыклаў да «беспілотнікаў», – і падкінуў ідэю стварыць для іх нешта  з гэтага разраду. Наваколасава – нельга забываць! – гэта воінская часць, з якой школа супрацоўнічае. Кажучы ўмоўна, застаецца адшукаць з ліку бацькоў ці проста мясцовых жыхароў таго афіцэра-творцу, які б узяўся працаваць з дзецьмі.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *