Майскі сад Уладзіміра Шчэкалы

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Таленты Стаўбцоўшчыны

У нашым раёне ёсць прыватныя прадпрыемствы, аб якіх мы гаворым, што гэта вытворчасць будучага. Сярод такіх можна назваць СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн», СЗАТ «Агракамбінат «Колас», фермерская гаспадарка «Сула». З поўным правам гэты спіс можа прадоўжыць яшчэ адна фермерская гаспадарка на тэрыторыі нашага раёна – «Мой Сад». Гаспадаром яе з’яўляецца карэнны стаўбчанін Уладзімір Шчэкала (на здымку зверху справа).

Да таго як чатыры гады назад фермер заклаў сад, ён набыў багаты вопыт прадпрымальніцкай дзейнасці ў прыватным бізнесе ў сферы грузаперавозак. Пасадзіць дрэва і не адно яго падштурхнула шчаслівая падзея ў сям’і – нараджэнне пасля дзвюх дачок сына Адрыяна, позняга дзіцяці ў сям’і, наследніка прозвішча.

Сад размешчаны на палетках ААТ «Агранёманскі» з юрыдычным адрасам у вёсцы Цвіркі. Перш чым былі пасаджаны пладовыя дрэвы, прадпрымальнік паставіў прыдарожную капліцу, іконы для якой па заказе былі выкананы іканапісцамі Свята-Елісавецінскага манастыра. Да найпрыгажэйшай каплічкі з чатырма іконамі праляглі вытаптаныя сцяжынкі. Праязджаючы міма, людзі спыняюцца памаліцца і папрасіць благаславення ля святых лікаў на дарогу і на добрыя справы.

Нечакана пачуць, што прыватны сад займае салідную плошчу – 100 гектараў. А пачыналася ўсё з 60-ці, потым сад дарастаў. Фермер вырошчвае яблыні, грушы, чорныя парэчкі і чарнаплодную рабіну. Прызнаёмся, мы ўпершыню знаходзімся ў прамысловым садзе і нашу ўвагу прыцягвае ўсё. Сад вырошчваецца па самых сучасных тэхналогіях і ўяўляе сёння інтарэс для фермераў і фірмаў за мяжою. Варта прывесці хоць бы такі факт: ізраільская фірма выбрала «Мой Сад», каб правесці эксперымент па апыленні яблыневага цвету чмялямі. Дастаўлены спецыяльныя домікі з гэтымі працалюбівымі насякомымі. Мы маглі з цікавасцю паназіраць, як яны завіхаліся на яблыневым цвеце. Потым будзе зроблены аналіз ураджайнасці на ўчастках, дзе цвет апылілі чмялі, і на астатніх.

У садзе высаджаны самыя перспектыўныя еўрапейскія сарты карлікавых яблынь. Каб яны не гнуліся пад грузам пладоў, прыменена тэхналогія ўмацавання іх бамбукавымі палкамі і прыстасаваннем са спецыяльнага дроту. Асвоены выраб бетонных слупкоў на ўласным участку і іншага патрэбнага абсталявання. У сад дастаўлены самыя сучасныя матэрыялы з-за мяжы, гэта датычыць і патрэбнай тэхнікі для догляду саду, укамплектаванай прычапнымі агрэгатамі. Абслугоўваюць тэхніку вопытныя вадзіцелі, як Генадзь Высоцкі, Іван Душэўскі (на здымку злева). У Івана Часлававіча багаты вопыт работы механізатарам. Адносна саду ён гаворыць, што дрэвы патрабуюць такога ж догляду, як дзеці, тут неабходна не толькі мець навыкі ўпраўляцца з тэхнікай, але і ўкладваць душу. Так лічыць і садовы работнік Часлава Антонава. Гаспадары саду прымянілі і сваё рацыяналізатарства, змайстравалі за зіму патрэбныя прычыпныя агрэгаты. Гэтым працэсам кіраваў аграном фермерскай гаспадаркі «Мой Сад» Анатоль Чыкун (на здымку знізу). Хоць стаж работы яго пасля Горкаўскай сельскагаспадарчай акадэміі складае толькі восем гадоў, аднак яго імя вядомае ў нашай краіне і за парадай да яго звяртаюцца нават знакамітыя аграномы. Гэтай справе Анатоль прысвяціў сябе з дзяцінства: у садзе ААТ «Вішнявецкі» працавалі яго бацькі: маці – адмысловы майстар акуліроўкі, і бацька, які выконваў усе механізаваныя аперацыі па доглядзе саду. У калгасным садзе прайшло ўсё дзяцінства Анатоля Чыкуна. Ён выказвае вялікую задаволенасць, што быў запрошаны Уладзімрам Шчэкалам працаваць у гаспадарку «Мой Сад» са Ждановіцкага агракамбіната. Спецыяліста сваёй справы Анатоля Чыкуна вельмі радуе, што тут у яго ёсць магчымасць развівацца ў сваёй прафесіі, прымяняючы самыя сучасныя тэхналогіі вырошчвання прамысловага саду. Фермер прадастаўляе магчымасць удзелу ў міжнародных выстаўках і семінарах за мяжою. Анатоль Чыкун у гэты дзень быў у асаблівым стане: за гадзіну да нашай размовы ў яго нарадзілася дачка, другое дзіця ў сям’і. І мы далучаемся да яго  шчаслівага настрою.

Анатоль Чыкун паказвае нам плошчу, дзе праведзена акуліроўка: метадам кланіравання на дзічках пасаджаны сартавыя пупышкі. Гаспадары самі вырошчваюць саджанцы такім метадам падвою. Фермер рыхтуе пасадачны матэрыял толькі для сваіх вытворчых патрэб. Аднак ёсць у прадпрымальніка сябры, ён з’яўляецца і дабрачынцам, таму саджанцы з яго саду разыходзяцца па раёне. Уладзімір Шчэкала рад таму, што родная зямля амалоджваецца новымі пладовымі дрэвамі ўзамен тых, што былі пасаджаныя яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Увесь сад разбіты на кварталы, кожны ўчастак мае сваё прызначэнне: дзесьці рыхтуецца поле для пасадкі, дзесьці высаджаны дзічкі для падвояў, вось тут толькі-толькі праклюнуліся новыя саджанцы, ёсць двухгадовы сад, трохгадовы, паўнацэнны чатырохгадовы, ад якога ёсць ужо поўная аддача. Бізнес у фермера няпросты – патрэбна некалькі гадоў укладваць сродкі без даходаў, чакаць, пакуль сад запладаносіць. Яблыні пасаджаны на 27-гектарнай плошчы, чорныя парэчкі – на 41-гектарнай.

Роўнымі радамі высаджаны чорныя парэчкі – ранніх і позніх сартоў. Яны адрозніваюцца паміж сабою нават візуальна – па колеры зеляніны. Першыя два гады збор парэчак праводзіцца ўручную. Прыцягваюцца да работы школьнікі, студэнты, пенсіянеры. Ураджай трохгадовых і пазнейшых па ўзросце парэчак далей здымаецца камбайнам. Вітамінныя плады рэалізуюцца індывідуальным прадпрымальнікам, якія гандлююць на Камароўскім рынку ў беларускай сталіцы. Асноўная маса прадукцыі рэалізуецца ў Расію – Санкт-Пецярбург, Маскву, Самару, Варонеж. Якасць чорнай парэчкі лепшай польскай селекцыі вытрымлівае самую жорсткую канкурэнцыю – ягады адгружаюцца ў фуры ў дзень іх уборкі.

Яблыкі таксама прадаюцца за мяжу – іх закупляюць буйныя гандлёвыя сеткі Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, яны адпраўляюцца ў дашкольныя і агульнаадукацыйныя ўстановы не толькі нашага, але і іншых раёнаў праз магазін «Астэрыя», які выйграў электронныя таргі па пастаўцы прадукцыі для дзіцячага харчавання ў некалькіх раёнах Мінскай і Гродзенскай абласцей. Пакуль часовае сховішча для яблыкаў позніх сартоў з сартавальнай галандскай лініяй размяшчаецца на арандаваных плошчах ААТ «Агранёманскі». Фермер прыступіў да будаўніцтва новага вялікага сховішча магутнасцю на 2550 тон яблыкаў з праграмным кіраваннем і аснашчэннем самым сучасным абсталяваннем для сартавання і каліброўкі пладоў. Адначасова вядзецца работа па дастаўцы абсталявання для мантажу сістэмы кропельнага паліву саду пад кожнае дрэва. У планах гаспадара – устаноўка абсталявання для вырабу тары. Клапоцячыся пра рэнтабельнасць сваёй гаспадаркі, фермер думае аб тым, як максімальна эканамічна выкарыстоўваць апады і іншыя неліквідныя плады. Пакуль яны рэалізоўваюцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы, у тым ліку і на філіял Гарадзейскага цукровага камбіната. З чорнай парэчкі фермерскай гаспадаркі «Мой Сад» філіял выпускае апетытнае варэнне ў шкляных баначках па 300 грамаў. У перспектыве – будаўніцтва ўласнага перапрацоўчага цэха па выпуску соку першага адціскання і яблычнага павідла ў сучаснай тары і ўпакоўцы.

Варта звярнуць увагу не толькі на сучасныя тэхналогіі, але і на эстэтыку плошчаў. Яны абгароджаны, усё абкошана, высаджана ветраахоўная бярозавая алея, сад з’яўляецца сапраўдным упрыгажэннем мясцовасці і нашай роднай зямлі.

Уладзімір Шчэкала нясе вялікую адказнасць за распачатую справу, каб не падвесці тых, хто ў свой час паверыў яму, усклаў надзеі, даверыў зямлю: «У першую чаргу, гэта былы старшыня ААТ «Агранёманскі», сам выдатны гаспадар на роднай зямлі Іосіф Меляшкевіч, і былы старшыня райвыканкама Уладзімір Місько, які падтрымаў маю ініцыятыву, даў развіццё прыватнаму бізнесу».

Гаспадарка «Мой Сад» прадаставіла жыхарам раёна 12 новых рабочых месцаў, пастаянна прыцягваюцца сезонныя работнікі.

У ліпені бягучага года на базе фермерскай гаспадаркі «Мой Сад» пройдзе вялікі рэспубліканскі семінар-практыкум, падчас якога будзе праведзены конкурс лепшых майстроў краіны па акуліроўцы. Вядомыя фірмы па выпуску сродкаў аховы пладовых дрэў, спецыялізаванай тэхнікі выступаюць спонсарамі каштоўных прызоў для пераможцаў конкурсу. Арганізатарамі гэтага вялікага семінара накшталт тых, якія на працягу многіх гадоў праводзяцца ў нашым раёне на базе фермерскай гаспадаркі «Сула», выступаюць сур’ёзныя дзяржаўныя і камерцыйныя структуры.  Для фермерскай гаспадаркі «Мой Сад» гэта будзе яшчэ адзін крок да прызнання яе на рынку прыватнага бізнесу, шанц для пераймання самага перадавога вопыту ў развіцці садаводства.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *