Вырабы – сортам «экстра»

Нумары У перапрацоўшчыкаў

СЗАТ «Агракамбінат «Колас» – перапрацоўчае прадпрыемства, якое выпускае сыравяленыя вырабы сортам «экстра».

У якасць сваёй прадукцыі прадпрыемства інвесціруе немалыя сродкі. На мясакамбінаце ў Зарэччы высокія патрабаванні на ўсіх звеннях вытворчага ланцужка, у тым ліку – да абсталявання, персаналу. У штаце перапрацоўчага цэха, напрыклад, 20 супрацоўнікаў – дэзынфектары і прыбіральшчыкі, у абавязках якіх падтрымліваць адпаведныя санітарна-гігіенічныя ўмовы ў вытворчых і бытавых памяшканнях. Такая ідэальная чысціня для прадпрыемства нятанна каштуе. У памяшканнях падтрымліваецца і адпаведны тэмпературны рэжым, каб стварыць патрэбны вытворчы мікраклімат згодна з еўрапейскімі стандартамі, і гэта таксама патрабуе немалых выдаткаў. Кампанія вытрымала стандарты самых паважаных сертыфікацыйных цэнтраў па захаванні строгіх патрабаванняў менеджменту якасці і сістэмы бяспекі харчовай прадукцыі. Вялікая ўвага на прадпрыемстве надаецца рабоце з персаналам і стварэнню належных умоў працы.

Кампанія «Галерея вкуса» вядомая ў нашай краіне ў сегменце работы з прадуктамі для дзіцячага харчавання. Апошнім часам прадпрыемства робіць нямала новых крокаў у гэтым накірунку. А пачатак быў пакладзены на першачарговым этапе вытворчай лініі – вырошчванні птушкі. Вытворцы атрымалі ўнікальны кармавы прадукт для курэй-бройлераў, выключыўшы з яго антыбіётыкі, гарманальныя прэпараты, стымулятары адкорму і генетычна мадыфікаваныя арганізмы. І як вынік такіх інавацый, якія патрабавалі смелых рашэнняў і пэўнай рызыкі, – прадукцыя кампаніі атрымала права быць маркіраванай знакам «Натуральны прадукт». Агракамбінат унесены ў рэспубліканскі пералік прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца сыравіннай зонай для вытворчасці спецыялізаванага дзіцячага харчавання ў адпаведнасці з санітарна-гігіенічным заключэннем Камітэта па ветэрынарыі Мінскага аблвыканкама.

Вытворцы вытрымалі дастаткова строгія стандарты для дзіцячага харчавання не толькі па якасці сыравіны, але і па тэхналогіі выпуску прадукцыі – адсутнасць кансервантаў, штучных фарбавальнікаў, фасфатаў, узмацняльнікаў смаку.

– Вельмі хацелася б данесці да спажыўцоў, – гаворыць дырэктар СЗАТ «Агракамбінат «Колас» Аляксандр Скрыпко, – што не кожны прадукт, прыгожа ўпакаваны і прэзентабельна пададзены, можна аднесці да дзіцячага харчавання і што ён з’яўляецца такім. У разнайстайнасці прадуктаў харчавання на прылаўках сучасных магазінаў у нас чыстае сумленне перад пакупніком за нашы вырабы. Мы бяром на сябе поўную адказнасць за якасць прадукцыі, якую кладзём ва ўпакоўку з назвамі «Умка» ці «Алфавіткі». Для нашага прадпрыемства вельмі важна, што ў нас ёсць уласная сыравінная база, мы ажыццяўляем строгі кантроль, маем магчымасць працаваць з якасцю прадуктаў, прад’яўляем належныя патрабаванні да таго персаналу, які дапускаем у вытворчыя цэхі.

На сучасны момант СЗАТ «Агракамбінат «Колас» прадаставіў рабочыя месцы больш чым 500 чалавекам са Стаўбцоўскага і суседніх раёнаў. Працаўнікоў на вытворчыя аб’екты дастаўляюць пяць ведамасных аўтобусаў.

Не толькі прадукцыя для дзіцячага харчавання, але і ўся прадукцыя, якая выходзіць з вытворчай лініі перапрацоўчага цэха СЗАТ «Агракамбінат «Колас», заваявала папулярнасць сярод спажыўцоў. Сведчанне таму – дыпломы, атрыманыя на рэспубліканскіх спажывецкіх конкурсах. Даводзілася чуць ад стаўбчан (ёсць і свой уласны вопыт), калі надараецца патрэба зрабіць пакупкі ў сталічных маркетах, ля прылаўкаў з каўбасамі і вэнджаннямі яны спыняюць свой выбар на вырабах з брэндам «Галерея вкуса». Вялікая справа – давер.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: на дапамогу фаршаскладальніку Ігару Папову – сучаснае абсталяванне з праграмным кіраваннем; на сваім пасту нясе службу начальнік аддзела якасці Галіна Шугаева.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ГІЛЬЗА ДЛЯ МАТОРНАГА 

Восем тысяч гільзаў блока цыліндра – такое месячнае планавае заданне на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, з якім вытворцы спраўляюцца ўжо некалькі месяцаў.

Устаноўленае на заводзе абсталяванне загружана на 100 працэнтаў у адназменным рэжыме работы. Як адзначае начальнік вытворчасці высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця Павел Ярахавец, рытмічнасць і стабільнасць работы напрамую залежаць ад матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Пытаннямі паставак сыравіны займаецца галаўное прадпрыемства. На галаўны канвеер Мінскага маторнага завода адгружаецца і гатовая прадукцыя – гільза.

Праект «Вытворчасць высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця» з’яўляецца імпартазамяшчальным, інавацыйным для нашай рэспублікі. Безумоўна, ён дае перспектыву і для саміх Стоўбцаў, і для жыхароў райцэнтра. У першую чаргу, яна звязана са стварэннем новых рабочых месцаў. Варта сказаць, што кадры для «ліцейкі» павінны быць з сучаснымі ведамі і адпаведнай кваліфікацыяй, практычнай падрыхтоўкай. Сёння штат поўнасцю ўкамплектаваны неабходнымі спецыялістамі для існуючых патрэб вытворчасці. Узначальваць яе даверана маладому і адказнаму спецыялісту – Паўлу Ярахаўцу, які, дарэчы, вылучаны дэлегатам ад Стаўбцоўшчыны на V Усебеларускі народны сход. Павел Анатольевіч працуе на філіяле сем гадоў, прычым паспрабаваў сябе на самых розных участках. Адметна, што адразу пасля заканчэння БНТУ пачынаў ля станка, звычайным вучнем. Ацаніў такую прафесійную і жыццёвую школу, за што выказвае ўдзячнасць дырэктару завода Анатолю Молчану. Разам з будаўніцтвам новай вытворчасці назіраўся і кар’ерны рост маладога спецыяліста.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *