Праграма “Кармы”

Нумары Сельская гаспадарка

ЗАПРАСУЮЦЬ У РУЛОНЫ

У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» сёлета запланавана нарыхтаваць восем тысяч тон сенажу. Пры гэтым усю правяленую зялёную масу, як і летась, запрасуюць у рулоны з абгортваннем поліэтыленавай плёнкай, а таксама пакладуць у палімерныя рукавы ля фермаў. Для выканання намечанага на прадпрыемстве ў наяўнасці неабходная тэхніка – два імпартныя рулонныя прэсы і ўпакоўшчык. На адным з іх працуе малады механізатар Дзмітрый Лявончык (на здымку ўверсе). На трактары з граблямі шчыруе таксама малады Дзмітрый Кульша. Абодва добрасумленныя работнікі. Першы ўкос корманарыхтоўшчыкам прадпрыемства неабходна правесці на 900 гектарах.

 

ВЫЗНАЧЫЎСЯ НА СЯЎБЕ

У ліку васямнаццаці механізатараў, якія вызначыліся сёлета на веснавой сяўбе, заахвочаны падзячнымі пісьмамі райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і механізатар ААТ «Агранёманскі» Аляксандр Фалюк. Аляксандр Мікалаевіч пасеяў 463 гектары кукурузы і стаў лепшым у раёне на выкананні гэтай тэхналагічнай аперацыі. Дбайны работнік пастаянна перавыконвае нормы выпрацоўкі. Летась ён стаў прызёрам  абласнога спаборніцтва сярод камбайнераў і прымаў удзел у абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2015», які праходзіў ў Вілейцы.

 

НАБІРАЕ ТЭМПЫ

Па стане на 23 мая бягучага года  травы ў гаспадарках раёна былі скошаны на плошчы звыш 1800 гектараў, што склала 13,5 працэнта да запланаванага. Да касавіцы прыступілі сем сельгаспрадпрыемстваў. Нарыхтавана каля 1900 тон травяных кармоў, якія запрасаваны ў рулоны з абгортваннем  палімернай плёнкай. Пакуль што кармы закладваюцца менавіта па такой тэхналогіі. Больш за іншых запрасавалі сенажу корманарыхтоўшчыкі ААТ «Радзіма Якуба Коласа» – амаль 550 тон. У гэтым таварыстве першы ўкос патрэбна правесці на плошчы, якая складае тысячу гектараў. Рупіцца на сенажацях кормаўборачны атрад. На касілках шчыруюць механізатары Алік Крывашэй, Аляксандр Хвіцько і Сяргей Ланкевіч, на граблях – Аляксандр Есьман і Мікалай Гушча. Прасуе правяленую зялёную масу Міхаіл Ванагель. Задзейнічаны на «зялёным» жніве і Іван Ажгірэвіч. Ён косіць траву ў суседзяў – ААТ «Вішнявецкі-агра», з якім таварыства скааперыравалася ў міжгаспадарчы кормаўборачны атрад.

 

САМАЯ АДКАЗНАЯ КАМПАНІЯ

У гаспадарках раёна пачалася касавіца – самая адказная палявая кампанія, якая працягнецца да глыбокай восені. Першымі вывелі тэхніку на сенажаці  ААТ «Каганец», «Жацерава», «Вішнявецкі-агра» і  «Радзіма Якуба Коласа». Паступова да «зялёнага жніва» прыступаюць і астатнія сельгаспрадпрыемствы. Згодна з даведзеным заданнем першы ўкос корманарыхтоўшчыкі раёна правядуць на плошчы 13 314 гектараў, пад другі адведзена 9320 гектараў. Запланавана нарыхтаваць з першага ўкосу 175,5 тысячы тон  кармавых адзінак, што на ўмоўную галаву жывёлы складзе 50 цэнтнераў. У тым ліку травяных кармоў трэба закласці 117,5 тысячы тон, на ўмоўную галаву па 25,9 цэнтнера. Як і летась, будзе весціся строгі кантроль за якасцю закладкі кармоў. За парушэнне тэхналогіі нарыхтоўкі сенажу і сіласу вінаватыя панясуць адказнасць. На першым месцы і ахова працы. Каб выключыць выпадкі вытворчага траўматызму, запатрабавана безумоўнае выкананне правілаў па ахове працы.

 

НА КАСАВІЦЫ – ПЯЦЬ АТРАДАЎ

Як і ў мінулым годзе,у сельгаставарыствах  для нарыхтоўкі кармоў для грамадскага статка сёлета створана пяць міжгаспадарчых кормаўборачных атрадаў. Вось толькі ў адрозненне ад леташняга скааперыраваліся гаспадаркі крыху інакш. Працаваць разам будуць таварыствы «Вішнявецкі-агра» і «Радзіма Якуба Коласа», «Жацерава» і «Агранёманскі», «Шашкі» і «Дзераўное», «Радзіма Дзяржынскага» і «Рочавічы», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і ААТ «Каганец». Кожны атрад укамплектаваны поўным наборам неабходнай для выканання работ сельскагаспадарчай тэхнікі: кормаўборачнымі камбайнамі, касілкамі, прэс-падборшчыкамі, граблямі, трактарамі для трамбавання зялёнай масы і тэхнікай для яе адвозкі. Нарыхтоўваць кармы самастойна будуць «Рубяжэвічы», «Вялікі Двор», ТАА «СЖК «Налібакі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *