У спаборніцтве сем’яў перамагла дружба

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Пяты год запар на базе Шашкоўскага сельскага дома культуры ладзіцца свята да Дня сям’і. Сёлета яно сабрала мамаў і татаў з дзецьмі не толькі з аграгарадка Шашкі.

Гэтая добрая традыцыя паслужыла нагодай для абагульнення вопыту работы сельскай установы культуры з сем’ямі  і, у цэлым, вызначэння яе ролі ў соцыуме ў рамках раённага семінара, арганізаванага аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама.

Мерапрыемства гэтае названа семінарам, аднак сваёй творчай атмасферай, багаццем імправізацый ды інтэрпрэтацый яно больш нагадвала вечар адпачынку, сустрэчу сяброў і аднадумцаў, якія цікава праводзяць час разам. Час, між іншым, расцягнуўся не на адну гадзіну, неўзабаве перакінуўся ўжо на другую палову дня, але ніхто на гадзіннік або на дзверы не паглядваў… Гадзіны ляцелі незаўважна…

Сваімі напрацоўкамі дзейнасці ў соцыуме работнікі Шашкоўскага дома культуры дзяліліся ў творчай форме, прэзентуючы ўвесь таленавіты патэнцыял сваіх клубных фарміраванняў. Іх тут працуе столькі, колькі чуецца ў слове сям’я – сем, два з іх – для дзяцей. Гэта вакальныя калектывы і гурткі, драматычны гурток, клубы «Гаспадынька і «Затейник». Гордасць Дома культуры – народны фальклорны ансамбль «Гарэзы», заснаваны заслужаным работнікам культуры Д. У. Кухаравай яшчэ ў 1986 годзе. Апошнія дзевяць гадоў ім кіруе Вера Калкоўская. Ансамбль разам з дырэктарам Дома культуры Аленай Явід віталі ўдзельнікаў семінара песнямі і караваем, а затым запрасіў на «Вячоркі» з іскрамётным народным гумарам і танцамі, з дасціпным беларускім характарам. Дзякуй ім за такую пашану да спадчыны нашых продкаў!

Увогуле рабіць творчую справаздачу было і складана і, адначасова, лёгка. Рэч у тым, што культработнікам не прыйшлося спецыяльна да гэтага дня нешта шукаць, так бы мовіць «варганіць» на хуткую руку. Відавочна, што ўсё паказанае падчас семінара – гэта матэрыял напрацаваны, разнастайны і адточаны, сведчанне карпатлівай паўсядзённай працы.

– Сваёй асноўнай задачай калектыў Дома культуры лічыць развіццё духоўнасці, павышэнне культуры насельніцтва, выхаванне сапраўднага грамадзяніна нашай краіны, – падкрэсліла Алена Явід. – Ахопліваем усе слаі насельніцтва. Пастаянна вядзём пошук эфектыўных, у тым ліку і новых, інтэрактыўных, формаў і метадаў работы. Супрацоўнічаем з сельвыканкамам, школамі, сельгаспрадпрыемствам, суседнімі ўстановамі культуры. Праводзім анкетаванне з мэтай выяўлення інтарэсаў вяскоўцаў, ацэнкі работы Дома культуры. 

Сваю ацэнку дала і старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева:

– У нас сапраўды зладжаная работа з сем’ямі. Акрамя Дома культуры, у Шашках працуе яшчэ школа мастацтваў, якую дзеці таксама наведваюць з вялікім задавальненнем. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца Шашкоўская сярэдняя школа і Аталезскі ВПК дзіцячы сад–сярэдняя школа, Аталезскі сельскі дом культуры. Наладжваецца ўзаемасувязь паміж школамі і ўстановамі культуры, што дае станоўчы эфект у плане рэалізацыі Дэкрэта № 18. У бягучым годзе ў Шашкоўскай школе не была пастаўлена на ўлік ніводная сям’я ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта – плён цеснай сумеснай работы ў соцыуме ўсіх зацікаўленых: сельвыканкама, школы, установы культуры, сельгаспрадпрыемства.

Святлана Якаўлева падкрэсліла, што на ўліку ў Шашкоўскім сельсавеце знаходзяцца пяць сем’яў, дзе дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. Працаваць з імі складаней з-за аддаленасці – дзве сям’і пражываюць у Дружнай і дзеці наведваюць Дзераўнянскую школу, дзеці яшчэ з трох сем’яў наведваюць Аталезскі ВПК дзіцячы сад–сярэдняя школа. У гэтай школе работа з сем’ямі апошнім часам значна палепшылася. Летась вучняў школы запрасілі ў Шашкі на свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

– Культура – таксама адзін з суб’ектаў прафілактыкі ў рабоце як з сям’ямі, так і з дзецьмі, – дадае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько. – Ацэньваючы гэтую работу, мы больш звярталі ўвагу на ўстановы адукацыі. З бягучага года, Года культуры, няхай пачынанне абагульняць вопыт работы з сем’ямі на прыкладзе ўстаноў культуры раёна стане традыцыяй. Сёння відавочна, што атрымалася цудоўнае мерапрыемства, свята для сем’яў.                                                

– Намаганні культработнікаў скіраваны ў першую чаргу на работу з сям’ёю – творчую, цікавую, культурную, – узмацніла гэта ўражанне і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Суднік.

Пры гэтым нельга не заўважаць, што ў многіх работнікаў Дома культуры – «сям’я разам з работай, работа разам з сям’ёю». Іх дзеці таксама займаюцца ў гуртках і калектывах Дома культуры, выступаюць на сцэне з бацькамі. Гэта мы і самі ўбачылі на прыкладзе сцэнкі «Матрыярхат», дзе разам з хармайстрам Таццянай Кавалеўскай выконваў адну з галоўных роляў і яе сын. У «Гарэзах» доўгі час спяваюць маці і дачка Кутас, сям’я Сабалеўскіх.    

Дзеці, якія займаюцца ў клубе «Затейник», адкрылі семінар. Яны, «гаваруны» з драматычнага гуртка (ім займаецца  мастацкі кіраўнік Дома культуры Лідзія Кірыленка) падрыхтавалі казку «Рэпка» на новы лад. Ад казак дзеці «вырастаюць» да сучасных пастановак. Усе разам яны рыхтуюць рэквізіт і сцэнічныя касцюмы. Паглядзець на іх выступленне і падтрымаць ідуць гледачы сем’ямі. У Доме культуры праводзіцца шмат «сямейных» мерапрыемстваў («А-ну, мамы!», «А-ну, таты», «А-ну, дзяўчаты!» і т. п.), ушаноўваюцца шматдзетныя сем’і. Часта прыязджаюць сюды з канцэртамі «зоркі» беларускай эстрады і, каб зацікавіць вяскоўцаў набываць білеты на іх, культработнікі ідуць у кожны дом, кватэру.

У тэму сям’і і прыемных сямейна-побытавых клопатаў у суботні дзень удзельнікам семінара была прапанавана вулічная забаўляльна-гульнявая праграма – «Лазневыя бітвы». Удзел у ёй узялі дзве шматдзетныя сям’і – Калкоўскіх з Шашкоў і Абдуліных з Аталезі. Пад гучныя эмоцыі гледачоў перамагла ў гэтай незвычайнай «бітве» дружба. Абедзвюм сем’ям уручаны падарункі, выдзеленыя тэрытарыяльным цэнтрам. Індывідуальныя прадпрымальнікі Ала Грамыка, Аляксандр Шулякоўскі аказваюць Дому культуры спонсарскую дапамогу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *