На далонях Стаўбцоўшчыны

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

На шырокіх далонях роднай Стаўбцоўшчыны раскінуўся наш утульны куточак Дзераўная з яго незвычайным таямнічым хараством. Менавіта гэтае хараство кладзе свой  адбітак на творчае ўспрыманне наваколля. Таму і багатая наша Дзераўная на таленавітыя, творчыя сем’і, прыгожыя душой, сваімі залатымі рукамі, добрымі справамі. Сем’і, якія ўмеюць і чалавека з дарогі прывеціць, і ў хату запрасіць, і малачком напаіць. Яны гонар і слава нашай зямлі дзераўнянскай. Штогод у Дзень сям’і Дзераўнянскі цэнтр культуры ладзіць  мерапрыемствы ў гонар маладых і шматдзетных сем’яў. Сёлета, калі ў краіне 2016-ты  аб’яўлены Годам культуры, было прынята рашэнне ўславіць сем’і, якія зрабілі значны ўклад у развіццё мастацкай самадзейнасці нашай установы культуры, многія гады дораць радасць і святочны настрой сваім землякам. І таму ў мінулую нядзелю Дзераўнянскі цэнтр культуры гасцінна запрасіў вяскоўцаў на свята сям’і «Сем Я – вясёлка ўсмешак». На свята для ўшанавання было запрошана сем сем’яў.

Пачуццё павагі выклікае сям’я Іосіфа Іосіфавіча і Ванды Вацлаваўны Комараў. Яны выгадавалі і дастойна выхавалі траіх дзяцей. У сям’і пабудавана надзейная крэпасць, дзе дзеці заўсёды адчувалі сябе абароненымі, жаданымі і любімымі. Цяпер яны дарослыя і маюць ужо свае сем’і. Але і сёння едуць за парадай да бацькоў і нізка кланяюцца ім за любоў і пяшчоту. На свяце мы выказалі словы шчырай падзякі Вандзе Вацлаваўне, нашай самай актыўнай удзельніцы мастацкай самадзейнасці. Нягледзячы на занятасць – а працуе наша спявачка выхавацелем у сярэдняй школе – яна знаходзіць час для рэпетыцый у Цэнтры культуры.

Знаёмімся яшчэ з адной цікавай сям’ёй Станіслава Мечыслававіча і Людмілы Юр’еўны Аржэўскіх. Тата гэтага сямейства працуе зараз у сістэме камунальнай гаспадаркі, мама – медыцынская сястра дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых. Мы сёння захапляемся гэтай мілай жанчынай, у якой на ўсё хапае часу: і на працы паспяваць, і дом у парадку трымаць, і дзетак выхоўваць. Многа гадоў Людміла Юр’еўна выступае на сцэне нашага Цэнтра культуры. Талент маці перадаўся і старэйшай дачушцы Марыі, якая наведвае фальклорны гурток і мае непаўторны голас.

Асаблівая адметнасць сям’і Віктара Бярнардавіча і Нэлы Эдуардаўны Шушкевічаў у тым, што ўсе яе члены – прыхільнікі мастацтва. Нэлу Эдуардаўну з радасцю вітаюць на раённых святах. Старэйшы сын Аляксандр, які зараз служыць у арміі, быў самым актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, спрабаваў сябе ў розных жанрах. Дачка Кацярына  цудоўна спявае.

Сардэчна віталі на свяце нашу ўдзельніцу мастацкай самадзейнасці Алену Лапко. За добрую працу яна занесена на  Дошку гонару ААТ «Дзераўное». Як прызнаецца Алена Міхайлаўна, сілы і ўпэўненасці ва ўсіх яе справах – вытворчых і дамашніх – прыдае песня.

Асабістае віншаванне  мы адрасавалі сям’і Камароўскіх: Марыне Станіславаўне і яе надзейнаму спадарожніку жыцця Аляксандру Міхайлавічу. Марына Станіславаўна мае добры музычны густ, непаўторны звонкі голас.

Мы вельмі ўдзячны сям’і Супрановічаў за трывалую прыхільнасць да мастацтва. Жанна Мар’янаўна працуе санітаркай у Дзераўнянскай участковай бальніцы, а Сяргей Міхайлавіч – трактарыстам у ДРБУ №135.  Яны дастойна выхавалі і паднялі на ногі дзвюх дачок і сына. Больш за 20 гадоў Жанна Мар’янаўна выступае на клубнай сцэне. Талент маці перадаўся  і дзецям. Дачка Алена часта выступала ў Цэнтры культуры, а зараз і малодшы  Ілля з’яўляецца актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці.

Наталля Сіняўская хоць і вельмі занятая на пасадзе дырэктара Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў, але знаходзіць час для рэпетыцый і канцэртаў.  Яе муж Леанід Казіміравіч таксама выдзяляе час, каб прысвяціць яго выступленням на клубнай сцэне. Чацвёра іх дзяцей дэманструюць яркія мастацкія таленты. Ніводнае мерапрыемства ў Цэнтры культуры не абыходзілася без выступленняў цудоўных эстрадных спявачак Марыі і Анастасіі Сіняўскіх. Часта выступае на нашай сцэне Іван Сіняўскі. Гэта сапраўды самаадданая сям’я. Мы вельмі ўдзячны сям’і Сіняўскіх за значны ўклад у развіццё культуры.

Свае песні дарылі гасцям удзельнікі мастацкай самадзейнасці Горкаўскага дома культуры. Кожны з гасцей атрымаў падарунак ад раённага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Святочную атмасферу для дзетвары стварылі вясёлыя атракцыёны: надзіманыя горкі, батут, цір, электрамабілі, гандлёвыя палаткі з цацкамі і салодкімі прысмакамі. На працягу праграмы гучаў радыёканцэрт «Любімыя пласцінкі з сямейнага альбома». У гэты святочны дзень адбыўся канцэрт спевака і кампазітара Сяргея Славянскага. Настрой ва ўсіх быў прыўзняты. Расчуленыя госці свята шчыра дзякавалі работнікам Цэнтра культуры.

Галіна КАРАЗЕЙ,мастацкі кіраўнік Дзераўнянскага цэнтра культуры



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *