Лекі ад «майданаманіі»

Грамадства Нумары

78879_69913_400_0Маладая нявестка ўжо добра асвоілася ў свекрыві і асмелілася зрабіць ёй заўвагу. Маўляў, што гэта ў вас, Іванаўна, у кватэры столькі розных пакецікаў, бляшанак ды бутэлек. І ў шафах, і на палічках, ужо пад сталом ды ложкам не ўмяшчаюцца. «Згушчонка», алей, розныя крупы, джэмы ды крэмы… Навошта такі запас, калі большасць гэтых прадуктаў з даўно пратэрмінаванай годнасцю?

Не спадабаўся гаспадыні такі інструктаж нявесткі. Тая далей на ражон і не лезла, тым больш, што пакуль не было яснай перспектывы пасяліцца з мужам у сваім гняздзечку. Паступова ўсё ж раскрылася тайна дзівацтва пажылой жанчыны. Даведалася, што Марыя Іванаўна нацярпелася ў свае юныя гады, якія прыйшліся  на ваеннае ліхалецце. Зведала нястачу, голад. Не ўдакладняла, якім псіхалагічным тэрмінам пазначана падобная фобія. Чалавек, які перанёс жорсткую галадоўку, можа міжволі захаваць ахвоту да скнарлівасці, калі купляе ўсяго з запасам, і гэты запас усё множыцца. Аж да таго, што набытак не толькі замінае, але і становіцца небяспечным для ўжытку. Разумее, што гэта не надта добра, ды падштурхоўвае генетычная памяць. Ці ж паўтараць, як нацярпеўся наш народ у страшныя ваенныя гады.

Гэтая пачутая жыццёвая гісторыя прыгадалася ад прачытаных у прэсе гістарычных момантаў з нагоды прарыву блакады Ленінграда. 70 гадоў таму, у канцы студзеня 1944 года, савецкімі войскамі было прарвана варожае кола, якое смяротнымі абдымкамі сціскала вялікі горад. За два з паловай гады блакады з двух з паловай мільёнаў жыхароў горада на Няве ў жывых засталіся толькі мільён чалавек. Усяго  некалькі працэнтаў з іх загінулі ад бамбёжак. У асноўным жа знішчыў людзей чорны спрут голаду.

Сядзім мы ва ўтульным крэсле цёплай кватэры. Глядзім тэлеперадачы аб тым, што было раней і што дзеецца сёння. Многіх трывожаць падзеі на Украіне. Не чужая ж нам зямля, суседзі, нехта мае там сваякоў, іншы збіраецца зноў паехаць на адпачынак, на экскурсію. І ўзнікла пытанне: «А можа цяпер небяспечна?» На кіеўскім Майдане агонь і дым. Паліцыя стрымлівае наступы, але захоплены нават некаторыя дзяржаўныя ўстановы і ў сталіцы Украіны, і ў іншых гарадах. Ёсць ахвяры стычак.

Можа некарэктна перакідваць масток паміж трагедыяй ваеннай даўніны і сённяшнімі падзеямі. Народ у сваёй краіне вырашае яе будучыню. Але ці ж народ? Ёсць незадавальненне ўрадавай палітыкай, хочацца перамен? Дык жа няхай вырашаюць выбраныя прадстаўнікі народа шляхам перамоў. Можна ж па спрэчных пытаннях правесці рэферэндум, як гэта не раз рабілася ў нас, у Беларусі.

Аналізаваць сітуацыю – задача палітолагаў. Нам жа пра сваё. Згадкі пра камуністычны рай, як і пра капіталістычны, цяперашняе пакаленне не суцешаць. Багацці самі сабой бурнай ракой не пальюцца. І замежны дзядзька, які падаграе касцёр разладу, думае найперш пра свае інтарэсы, а не аб тым, як ашчаслівіць, зрабіць багатай тую ж Украіну. Спадзявацца, як і ў сям’і, у калектыве, у грамадскай супольнасці, надзейна заўсёды на свае сілы.

Не ўсім падабаецца незалежны курс Беларусі, стабільнасць нашага грамадства. У нас дэмакратычная дзяржава, але ж дэмакратыя грунтуецца і на дысцыпліне. Інакш – анархія. Іскру, кінутую ці зласліва-наўмысна, ці бяздумна, лепш адразу патушыць, бо спознішся – пажар успыхне. А ён усё нішчыць, акрамя бяды, нічога нікому не прыносіць.

Памятаецца, як на нашай сталічнай Кастрычніцкай плошчы раскінуліся шатры «беларускага Майдана». Крычалі, мітынгавалі. Многія, хто ехаў па праспекце, ішоў па тратуары, проста з цікавасцю глядзелі на падобныя «забавы» нешматлікіх групак пераважна маладых людзей, якім ці паабяцалі ці ўжо выдалі за іх імпэт «доларавую падтрымку». Трывожна стала, калі, падбухтораны «правадырамі», натоўп рушыў да ўрадавых устаноў. Не далі біць вокны ды ламаць манціроўкамі дзверы. А як хацелі папарацы, што панаехалі з Захаду, зняць кадры «разгону мірнай дэманстрацыі»! А што здымаць? Ні дыму, ні агню, як у тым Кіеве, ні стогнаў, ні крыві на асфальце…

Аналітыка тут простая вуснамі мудрага чалавека, назаву яго тут Іванам Антонавічам. «Дзякуй Богу, у нас ціха, спакойна, ніхто не галадае. Пенсію ў вызначаны дзень кожны месяц прыносяць. Хто хоча больш мець, будзе лепш працаваць і заробіць. А як дзе бунтуюць? Злодзей ці бандыт у маю хату будзе лезці, дык што, не даваць адпору, маўчаць, хаця б суседзяў не патрывожыць, не пакрыўдзіць? Крычаць многія ўмеюць, а лепш рабіць сваю справу трэба. Тады і будзе парадак».

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *