Паклапоцімся аб здароўі

Медыцына Нумары

БЕРАЖЫЦЕ СЭРЦА

26 мая праводзіцца агульнарэспубліканская акцыя «Здаровае сэрца – паспяховая будучыня». За інфармацыяй звяртацца ў кабінет кардыёлага ЦРБ з 10.00 да 12.00 па тэл. 5-02-68.

 

АБ ЧЫМ ПАТРЭБНА ВЕДАЦЬ             

Гіпатырэоз – найбольш частае захворванне шчытападобнай залозы.

Яна размяшчаецца на шыі, практычна пад скурай, і мае форму матылька, два крылы якога ўтвараюць дзве долі. Асноўнай задачай шчытападобнай залозы з’яўляецца выпрацоўка для арганізма гармону тыраксіну, які неабходны нам для жыцця кожны дзень. Гармон гэты складаецца з амінакіслаты і чатырох малекул ёду. Ёд для сінтэзу тыраксіну наш арганізм можа атрымаць толькі са знешняга асяроддзя з прадуктамі харчавання ці ў выглядзе таблеткі, якая яго ўтрымлівае.

Калі ў шчытападобнай залозе дастаткова рабочых клетак, у якіх ідзе сінтэз гармону тыраксіну, то яна спраўляецца са сваёй асноўнай функцыяй, нават калі ў ёй ёсць вузлы ці яна павялічана. Калі клеткі ў шчытападобнай залозе разбураныя часткова ці цалкам, і яна не можа выпрацоўваць гармон тыраксін ці выпрацоўвае яго недастатковую колькасць, то ў арганізме адбываюцца змены, якія абазначаюць тэрмінам «гіпатырэоз». Гэта бывае пасля аперацыі на шчытападобнай залозе, калі ўдаляюць орган часткова ці цалкам. Пры гэтым парушаецца работа ўсіх клетак, абменныя працэсы пераходзяць у «спячы» рэжым работы, што прыводзіць да развіцця цяжкіх і нават небяспечных для жыцця парушэнняў у арганізме: парушаецца работа сэрца, сасудаў, нервовай і палавой сістэм, страўніка і т. п. Характэрна, што праяўленні гіпатырэозу шматгранныя, не спецыфічныя, таму часта лечаць анемію, парушэнні менструальнай функцыі, запоры, дэпрэсію і т. п., не падазраючы, што прычынай гэтага з’яўляецца гіпатырэоз.

Людзі са зніжанай функцыяй шчытападобнай залозы скардзяцца на слабасць, стамляльнасць, санлівасць, пагаршэнне памяці. Можа непакоіць ацёчнасць, прыбаўка ў вазе, адчуванне холаду нават у камфортных тэмпературных умовах, блякласць скуры, выпадзенне валасоў.  Характэрныя і іншыя сімптомы, адзначаныя вышэй.  Усе яны могуць сустракацца пры іншых паталагічных станах, таму для пацвярджэння гіпатырэозу неабходна гарманальнае даследаванне. І калі дыягназ пацвердзіцца, жыццёва неабходна папаўненне недахопу гэтага гармону ў той колькасці, каб ён адпавядаў узроўню тыраксіну ў арганізме здаровага чалавека. Для гэтага неабходна штодзённа прымаць сучасны сінтэтычны прэпарат гармону шчытападобнай залозы ў дазіроўцы, строга падабранай урачом-эндакрынолагам.

Наталля САХУТА,урач-эндакрынолаг

 

НАВЕДВАЙЦЕ СТАМАТОЛАГА  

Для папярэджання стаматалагічных захворванняў вельмі важна ў адпаведнасці з патрэбнасцямі арганізма арганізаваць рацыён і рэжым харчавання,  якое будзе збалансавана па колькасці бялкоў, тлушчаў, вітамінаў, вугляводаў. Лішняе ўтрыманне і працяглае прабыванне ў поласці рота прадуктаў, багатых вугляводамі, асабліва цукрам, аказвае негатыўны ўпыў на стаматалагічнае здароўе.

У якасці носьбіту дабавак фтарыдаў усяму насельніцтву рэкамендуецца харчовая ёдавана-фтарыраваная соль. Фтарыдаўтрымліваючыя пасты рэкамендуюцца для пастаяннага штодзённага двухразовага прымянення пры чыстцы зубоў. Дзецям ва ўзросце да шасці гадоў рэкамендуецца выкарыстанне зубной пасты з канцэнтрацыяй фтарыдаў памерам з маленькую гарошынку.

Неабходна не радзей чым раз у год наведваць стаматолага. Вам будуць своечасова назначаны і праведзены прафілактычныя мерапрыемствы, а пры неабходнасці – і лячэнне зубоў. Не адкладвайце візіт да стаматолага, калі заўважылі на зубах з’яўленне белых плямаў. Часцей за ўсё так праяўляецца  пачатковая форма карыесу. Лячэнне карыесу зубоў на ранніх стадыях бязболевае і найбольш эфектыўнае, у той час як у запушчаных стадыях зуб нярэдка даводзіцца выдаляць.

Захоўванне гэтых рэкамендацый дапаможа вам захаваць усмешку беласнежнай.

Эдвард СТАНКЕВІЧ,загадчык стаматалагічнага аддзялення

 

БЕЛАРУСЬ СУПРАЦЬ ТЫТУНЮ

З 12 па 31 мая ў Рэспубліцы Беларусь праходзіць інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню». Мэта акцыі – прафілактыка захворванняў, звязаных з тытунекурэннем, павышэннем узроўню інфармаванасці насельніцтва аб наступствах курэння, якія прыводзяць да ўзнікнення залежнасці.

Важным складаемым эфектыўнай барацьбы з тытунекурэннем з’яўляецца фарміраванне стойкіх негатыўных адносін да курэння ў насельніцтва. У грамадстве ўжо адбываецца ўсведамленне неабходнасці далейшага прыняцця жорсткіх мер, накіраваных на барацьбу з гэтай сацыяльна негатыўнай з’явай.

Галоўная задача акцыі – прапаганда здаровага ладу жыцця, фарміраванне ў грамадстве абсалютнага непрыняцця спажывання тытуню, перш за ўсё ў моладзі, падрастаючага пакалення. У рамках акцыі будуць праведзены розныя мерапрыемствы антытытунёвай накіраванасці.

Лепш за ўсё – кіньце курыць. За дапамогай можаце звярнуцца да спецыялістаў раённай паліклінікі ў каб. 321, 302  ці па тэлефонах: 5-02-35, 5-02-63, а таксама ва УАЗ «Мінскі абласны клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-наркалогія» па тэлефонах: (8-017) 331-84-96, 331-79-70.

 Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *