Юрый ГОРЛАЎ, старшыня Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта: «Калі ёсць поспехі, то лягчэй абазначыць і праблемы»

Нумары Пяты Усебеларускі народны сход Соцыум

image_pdfimage_print

У чым сакрэт поспеху, якія планы на будучае і на якія пытанні трэба звярнуць увагу дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу, расказвае старшыня райвыканкама, дэлегат V Усебеларускага народнага сходу Юрый ГОРЛАЎ.

–       Хочацца адзначыць, што наш раён за 2015 год спрацаваў нядрэнна. Мы выйшлі пераможцамі абласнога спаборніцтва па тэмпе росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. У сувязі з гэтым у бягучым 2016 годзе на развіццё раёна накіроўваюцца фінансавыя сродкі ў суме 100 мільярдаў рублёў. Сумесна з членамі райвыканкама, дэпутатамі райсавета, кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў гэтыя сродкі размеркаваны наступным чынам. Мы ведаем, што адна з праблем у нашым горадзе – гэта забеспячэнне дзяцей месцамі ў дзіцячых садах. Гэтая праблема існуе даўно, яшчэ, можна сказаць, з савецкага часу. Са 100 млрд руб. 40 млрд будзе накіравана на будаўніцтва дзіцячага сада на 230 месцаў у горадзе Стоўбцы. Падрыхтаваны праект дзіцячага сада, які ўжо праходзіць экспертызу.

Тое, што раён заняў лідзіруючыя пазіцыі, заслуга ўсіх калектываў, грамадзян, бо працавалі разам, зладжана. Дапамагалі гаспадаркам і ва ўборцы траў, ураджаю. Сельская гаспадарка выпускае больш за палову валавой прадукцыі ва ўсім аб’ёме. Таму 50 млрд руб. накіравана на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці. Частка сродкаў ужо пайшла на набыццё мінеральных угнаенняў, частка – на мадэрнізацыю, рэканструкцыю і будаўніцтва вытворчых аб’ектаў, напрыклад, МТФ.

Ёсць у нас пытанні і па развіцці горада. У мінулым годзе быў зроблены капітальны рамонт Вішнявецкай СШ. У гэтым годзе, з выдзеленых сродкаў, будзе праводзіцца рэканструкцыя СШ № 3 г. Стоўбцы, дзіцячага сада № 5. Частка грошай будзе накіравана і на добраўпарадкаванне горада. Гэта парк «Дружба народаў». Тут будзе зроблена дзіцячая пляцоўка. Прадоўжаны работы і па добраўпарадкаванні дарог і пракладцы тратуараў. Вельмі вялікі аб’ём работ запланаваны і на рэканструкцыю будынка былой стаматалогіі. Распрацаваны праект, ён ужо прайшоў экспертызу, аб’яўлены тэндар на выбар падрадчыка, які будзе рабіць рэканструкцыю гэтага будынка. Там размесцяцца дзве кватэры і інтэрнат для медыцынскіх работнікаў на дваццаць чалавек. Гэта таксама сур’ёзны аб’ём капіталаўкладанняў. Кошт усяго аб’екта складае шэсць мільярдаў рублёў. Плануем у 2018 годзе адрамантаваць будынак былой казармы і размясціць там харэаграфічныя гурткі, разгрузіць школу мастацтваў.

Бягучы 2016 год таксама пачаўся нядрэнна. На V Усебеларускім народным сходзе мы будзем абмяркоўваць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага рэгіёна за І квартал выконваецца. Пяць даведзеных асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця выкананы і перавыкананы. Экспарт тавараў пры прагнозе 105,2% мы перавыканалі ў 3,2 раза. Экспарт паслуг пры заданні 104% мы выконваем на 124%, інвестыцыі ў асноўны капітал пры заданні 100,5% мы выконваем на 164%. Прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (пры заданні 500 тысяч долараў ЗША) мы ўжо прыцягнулі на 1272 тысячы долараў ЗША. Даведзены яшчэ адзін новы паказчык – колькасць працаўладкаваных грамадзян на новаствораныя месцы. Пры прагнозе за студзень–сакавік стварыць 16 чалавека-месцаў прагнозны паказчык выкананы ў колькасці 35 чалавека-месцаў. Акрамя таго, дадаткова даведзены яшчэ тры паказчыкі: рост тавараабароту (прагноз – 101,7%, выкананне – 110,4%), вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі (прагноз за год – 108%, выкананне – 107,7%) і аб’ём будаўніча-мантажных работ. Апошні паказчык пакуль не выкананы, але па выніках года ён павінен быць забяспечаны.

Калі гаварыць аб людзях нашага раёна, то патрэбна адзначыць іх працавітасць. Калі праводжу прыём грамадзян, прамыя лініі, то мне відавочна, што людзей хвалююць пытанні не асабістага характару, а больш пытанні развіцця сваіх вытворчасцяў, арганізацый, пытанні тэхналагічныя. Напрыклад, праводзячы дні жывёлавода, сустракаючыся з калектывамі, размаўляючы з людзьмі, часта бачу, што патрэбна прыслухоўвацца да людзей, браць лепшае і прымяняць гэта на практыцы. Людзі чакаюць вырашэння пытанняў, якія іх хвалююць, чакаюць чагосьці лепшага. Шмат прыходзіцца і падказваць людзям. За мінулы год у кожнай сельгасарганізацыі мы правялі дзень жывёлавода. Сустракаліся з усім калектывам МТФ, абмяркоўвалі праблемы, шукалі шляхі іх вырашэння, узнагароджвалі людзей за добрасумленную працу, а таксама ўказвалі і на недахопы. У 2016 годзе мы прадоўжым гэтую работу, але трошкі інакш. У аснове – абмен вопытам. У раёне вызначылі тры таварыствы як гаспадаркі перадавога вопыту. Гэта ААТ «Каганец», «Налібакі-агра», «Вялікі Двор», якія будуць прымаць калектывы, дзяліцца сваімі ведамі, набыткамі.

Каб быў стымул працаваць сумленна, мы вырашылі прывязаць зарплату кіраўнікоў, спецыялістаў сельгаставарыстваў да якасці малака, г. зн. каб была і матэрыяльная зацікаўленасць. І гэта спрацоўвае, але ў нас ёсць яшчэ да чаго імкнуцца, ёсць з каго браць прыклад.

Зямля наша багатая. Раён размешчаны ў геаграфічным плане вельмі зручна: праходзіць чыгунка, аўтамагістраль, ды і сталіца зусім блізка. Планы ў нас вялікія, але і работы шмат. Мы праводзім рамонт, рэканструіруем, будуем і г. д. Нездарма гавораць: «Будоўля – гэта жыццё».

На V Усебеларускім народным сходзе мне вельмі хацелася б пачуць аб стварэнні больш «мяккага клімату» для прыцягнення інвестараў у малыя гарады, раённыя цэнтры. Гэта дазволіць мець дадатковыя адлічэнні ў бюджэт, якія мы зможам накіроўваць на развіццё сацыяльна-эканамічнай сферы. У нашым раёне таксама ёсць цудоўныя пляцоўкі, якія мы можам прапанаваць інвестарам. Хацелася б, каб і ў нашым горадзе ствараліся новыя вытворчасці, новыя рабочыя месцы.

Наш раён дынамічна развіваецца. Спадзяюся, што Стаўбцоўшчына будзе прывабліваць і маладых спецыялістаў. Бо будучае, як вядома, за моладдзю.

3 чэрвеня пройдзе абласны сход удзельнікаў V Усебеларускага народнага сходу, на якім будзе абмеркаваны праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады. Упэўнены, што наш рэгіён унясе дастойны ўклад у развіццё Міншчыны.

У райвыканкаме працуе гарачая лінія. Да 16 чэрвеня вы можаце патэлефанаваць па нумары (8-01717) 7-74-06 і ўнесці прапановы ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Усебеларускі народны сход – гэта важны форум пяцігодкі, і тэмы, якія будуць падымацца на ім, павінны мець усенароднае гучанне.

ПадрыхтавалаНэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *