У раёне

Нумары Раённыя навіны

ГАРАЧАЯ ПАРА КАМУНАЛЬНІКАЎ

Гэтымі майскімі днямі працягваецца высадка кветак на гарадскія клумбы і, адначасова, абкос паркаў і вуліц.

Майстар – ландшафтны архітэктар аб’яднання камунальных службаў Наталля Грынюк каардынуе ўсе гэтыя «зялёныя» работы і непасрэдна сама ўдзельнічае ў іх правядзенні.

– Большую частку клумбаў у горадзе мы ужо «засялілі», – падагульняе Наталля. – Па сутнасці засталося ажывіць невялікія кветнікі. Шчыруе вопытны кветкавод Ірына Свірская, а ў маі  ёй на дапамогу прыйшла  Таццяна Арлова. Работы ім хопіць і ў чэрвені, таму што плануем падсадкі і замену раслін, якія не прыжыліся. Насаджэнні стараемся праз дзень паліваць – палівачная машына працуе і ў выхадныя дні.

Самае крыўднае, на што звяртае ўвагу суразмоўца, ужо ёсць ганебныя факты выкопвання ці проста вырывання кветак на клумбах, праезду па іх веласіпеднымі коламі. Вандалы нават на плошчы Бессмяротнасці раскідалі частку вырванага.

На абкошванні гарадскіх паркаў і вуліц працуюць з трымерамі рабочыя зялёнага будаўніцтва Мікалай Жыбуль і Алег Высоцкі. З улікам вялікіх аб’ёмаў касьбы ў горадзе АКС прыцягвае і работнікаў з іншых участкаў.

Пр

 

ТОРФАБРЫКЕТЧЫКІ ВЫЙШЛІ Ў ПОЛЕ

На гэтым тыдні ў ААТ «ТБЗ Нёман» пачаўся сезон здабычы фрэзернага торфу. Сёлета неабходна нарыхтаваць яго 35 тысяч тон, на пяць тысяч тон больш, чым летась. 

– Для нас сезон здабычы – надзвычай адказная кампанія, ад якой напрамую залежыць стабільная работа прадпрыемства ў цэлым, – падкрэслівае дырэктар завода Міхаіл Камейша. – Прагнозы на гэты сезон (ён працягнецца да канца жніўня) спрыяльныя: надвор’е стаіць сухое, якасць торфу высокая і залежы добрыя.

Здабыча вядзецца ўжо сёмы год на радовішчы «Гуменаўшчызна» участка «Дружнае», плошча якога складае 103 гектары. У мінулым годзе вытворцам дадаткова было выдзелена 225 гектараў пад будаўніцтва плошчаў для здабычы торфу. Згодна з праектам, увод гэтага аб’екта намечаны на 2017 год. Такім чынам, перспектыва запасаў сыравіны акрэслена на бліжэйшыя 20-25 гадоў.

Згодна з тэхналогіяй, здабыча фрэзернага торфу праходзіць некалькі этапаў. Першы – фрэзераванне, на ім працуе машыніст Генадзь Кураш. На другім этапе – варушэнні – задзейнічаны машыніст Уладзімір Кутас, на трэцім – валкаванні – машыніст Вячаслаў Гарохавік, на чацвёртым – уборцы – машыністы Валерый Лысы, Генадзь Елак, Аляксей Новік і Іван Бялушка. На заключным этапе – штабеляванні – увіхаецца машыніст Віктар Чабай. Пераважная большасць гэтых людзей – спецыялісты з вялікім стажам работы, хаця ёсць і моладзь, якая імкнецца асвоіць прафесію, зарэкамендаваць сябе ў калектыве.    

Разам са здабычай торфу ў чэрвені на заводзе пасля планавых рамонтных работ запрацуе брыкетны цэх. Ужо паступаюць заяўкі на прадукцыю завода з арганізацый райпалівазабеспячэння. Як вядома, торфабрыкетны завод «Нёман» абслугоўвае палівам сем раёнаў Мінскай вобласці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ        

 

  ДАБРАЧЫННАЯ ПАДПІСКА

Сярод праяў дабрачыннасці сустракаецца шмат розных формаў, ёсць і такая – дабрачынная падпіска.

У аддзяленнях паштовай сувязі адкрыта падпіска на перыядычныя выданні на другое паўгоддзе, і начальнік раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух звяртае ўвагу, што на Стаўбцоўшчыне па выніках мінулай падпісной кампаніі было выпісана 140 экзэмпляраў розных падпісных выданняў на адрас дзіцячых дамоў-інтэрнатаў нашай рэспублікі. Натуральна, што пераважаюць сярод іх дзіцячыя часопісы, часопісы-расфарбоўкі і т. п.

Дабрачынцы не спяшаюцца афішыраваць сябе, аднак вядома, што на заклік аб дабрачыннай падпісцы адгукнуліся як звычайныя грамадзяне, так і індывідуальныя прадпрымальнікі, неабыякавыя да праблемы дзіцячага сіроцтва.

 

СУВЯЗЬ З АРІП

У аддзяленнях паштовай сувязі распачаты прыём плацяжоў з дапамогай адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы (АРІП).     

Акрамя плацяжоў, з выкарыстаннем гэтай сістэмы на пошце ўжо ажыццяўляецца прыём пераводаў, а ў бліжэйшы час будзе весціся і выдача пенсій. На даны момант для гэтага абсталявана сем рабочых месцаў аператараў: у гарадскім аддзяленні, а таксама ў сельскіх – Шашкі, Вішнявец, Новы Свержань, Дзераўная, Цеснавая.

– Гэтую сістэму мы пачалі ўкараняць з канца мінулага года, – зазначае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух. – Пакуль працуем у эксперыментальным рэжыме, таму ёсць магчымасць адшліфаваць пэўныя нюансы, каб карыстацца ўсімі перавагамі адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы. Раённы вузел паштовай сувязі імкнецца развіваць новыя віды паслуг і формы разлікаў, каб адпавядаць усім сучасным патрабаванням і запытам кліентаў, а іх на пошце становіцца ўсё больш.

 

БІЛЕТ НА ПРАЕКТ

На Стаўбцоўшчыне прайшла дабрачынная дыскатэка ў рамках праекта Чырвонага Крыжа «Актыўнае валанцёрства». Замест уваходнага білета фігурыравалі канцылярскія прылады, цацкі або грашовыя ахвяраванні – усё гэта прызначаецца дзецям-інвалідам.

– Дзякуем усім, хто адгукнуўся на нашу акцыю, – заўважае арганізатар дабрачыннай дыскатэкі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Жаўняркевіч.

Да арганізацыі дабрачыннай дыскатэкі спрычыніліся раённы камітэт БРСМ, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённы Цэнтр культуры. Але асабліва варта адзначыць работу валанцёраў БРСМ: Анастасіі Трацяк, Анастасіі Комар, Кацярыны Дырда, Аляксандры Пільнік, Аліны Яўсейчык і Анастасіі Мяланінай. Яны, карэктныя і нястомныя, апранутыя ў  майкі з лагатыпам валанцёрскага руху, актыўна тлумачылі сацыяльную скіраванасць акцыі.

 

САЛОДКІ ПАЧАСТУНАК

З нарыхтаваных у Стаўбцоўскім лясгасе трох тон мёду,  падрыхтаванага да продажу ў слоіках ёмістасцю 0,65, 0,45 і  0,25 кілаграма, каля 600 кілаграмаў прададзена ў гандлёвых кропках раённага вузла паштовай сувязі.

Ужо чатыры разы арганізатары рознічнага гандлю на пошце заказвалі мёд у лясгасе і паспяхова яго рэалізоўвалі ў сваіх 24-х гандлёвых кропках у райцэнтры і сельскай мясцовасці. Спажыўцы ацанілі і якасць каштоўнага прадукту, і даступныя цэны на яго.

На ведамасных прылаўках вузла паштовай сувязі прадстаўлена і прадукцыя Стаўбцоўскага філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната – агароднінныя кансервы і пладова-ягадныя сокі і нектары.

 Прыемна гаварыць аб такім супрацоўніцтве мясцовых арганізацый, аб узаемавыручцы і прапагандзе мясцовага тавару.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *