Сваё не ўпусцім?

Нумары Спорт

Заўчасна было б чакаць ад нашага «Нёмана-Агра» ў саперніцтве з больш  вопытнымі калектывамі лідарства ў першынстве Беларусі па футболе. І хаця ліга другая, але ж большасць удзельнікаў паспытала ўжо «пораху» ў спартыўных баталіях. Аднак жа  трэба змагацца за перамогу ў кожным матчы, і поспех прыйдзе.

Сапернік – каманда «Забудова-Буд», якая прадстаўляе пасёлак Чысць з Маладзечанскага раёна, – добра вядомы стаўбчанам. Рад сезонаў гэтыя калектывы спаборнічалі ў чэмпіянаце вобласці, а цяпер вось атрымалі павышэнне ў класе. І сустрэча дэбютантаў на новым узроўні выдалася баявой.

На стадыёне «Юнацтва» ініцыятыву адразу захапілі гаспадары поля. Госці парушаюць правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы, і Сяргей Маліноўскі рэалізуе пенальці – 1:0. Праз дзесяць хвілін пасля пачатку другога тайма адзінаццаціметровы суддзя прызначае ўжо ў вароты стаўбчан. Яшчэ дзесяць хвілін, і мы ўжо прайграём – 1:2. І ўсё ж з дружнай падтрымкай балельшчыкаў стаўбчане ідуць у рашучы наступ. Зноў не па правілах сапернікі стрымліваюць нашага нападаючага. Сяргей Маліноўскі з адзінаццаціметровай адзнакі дакладна пасылае мяч у вароты – 2:2. І нарэшце выніковы ўдар удаецца Аляксандру Бучу. Трыбуны горача рэагуюць на пераможны зыход паядынка – 3:2.

Пасля дзвюх праведзеных сустрэч лідзіруюць футбольныя дружыны з Пінска і Рагачова – па 9 ачкоў. На рахунку каманды «Нёман-Агра» тры ачкі і восьмае месца ў турнірнай табліцы. На шостым – з чатырма ачкамі – «Вікторыя» з Пухавіцкага раёна. У Мар’іну Горку і выязджаюць нашы футбалісты для ўдзелу ў наступным туры першынства.

Футбольны чэмпіянат рэспублікі набірае абароты. Першая перамога павінна даць нашым хлопцам больш упэўненасці. Заўзятары каманды спадзяюцца, што стаўбцоўскія футбалісты будуць праяўляць у кожным матчы і ўменне, і волю да перамогі.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *