Школьныя навіны

Адукацыя Нумары

ДА ІМІДЖУ АНГЕЛЫ МЕРКЕЛЬ

Так хутка і няўмольна ляціць час. Вось ізноў заканчваецца чарговы вучэбны год.  А значыць, прыпадае магчымасць падвесці вынікі плённай сумеснай працы вучняў і настаўнікаў на неабсяжнай  ніве ведаў. Колькі перамог і адкрыццяў адбылося за гэты час! Хацелася б узгадаць адно.

Вядомыя людзі – заўсёды на вачах: іх гаворка, манера паводзін, прычоска, перавагі ў адзенні выклікаюць ўсеагульную цікавасць. Але не кожны возьмецца за скрупулёзнае вывучэнне іншага боку асобы вядомага палітыка, акрамя самога палітыка.

А вось вучаніца 9 «А» класа ДУА «Гімназія №1 г. Стоўбцы» Марыя Францкевіч, разам са сваім куратарам Раісай Мікалаеўнай Малахавай правялі «незалежнае даследаванне» гэтага пытання і з яго вынікамі прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі работ школьнікаў.

Дзясятая школьная канферэнцыя, якая праводзіцца дыстанцыйна расійскім Цэнтрам навуковага супрацоўніцтва «Інтэрактыў плюс» сумесна з шэрагам устаноў вышэйшай адукацыі, выклікала цікавасць у вялікай колькасці школьнікаў не толькі з Расіі, але і з краін бліжняга замежжа. Усіх іх можна ўпэўнена назваць сапраўднымі даследчыкамі. І напрамкі іх даследаванняў па сваёй тэматыцы самыя разнастайныя. Кожнаму, хто хоць раз акунуўся ў гэтую займальную дзейнасць, без сумненняў ясна, што вельмі многае, калі не ўсё, залежыць ад арыгінальнасці тэмы даследавання.

У Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі  «Зімовы школьны марафон» прынялі ўдзел 59 камандаў з Расіі і бліжняга замежжа. Усе працы, якія ўвайшлі ў марафон, былі моцнымі, і выбраць з іх самую лепшую стала нялёгкай задачай. Але перавага была аддадзена работам, аўтары якіх змаглі правесці вычарпальнае і займальнае даследаванне.

З тэмай «Асноўныя аспекты каляровай сімволікі іміджу Ангелы Меркель» Марыя Францкевіч прыняла ўдзел у III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў «Зімовы марафон», якая праводзілася ў рамках згаданай вышэй дыстанцыйнай канферэнцыі. Ацэнка работ адбывалася па наступных намінацыях: «Першы дэбют» «Адкрыццё года», «Пазнанне», «У нагу з часам», «Школьны Оскар», «Дэбаты». Лепшыя працы вучняў былі размешчаны ў зборніку даследчых работ III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў.

Марыя Францкевіч і яе куратар Раіса Мікалаеўна Малахава выбралі тэму, якая мае не толькі пазнавальны аспект, але і займальны, і дзесьці нават нечаканы. Імі было праведзена даследаванне асаблівасцяў узаемасувязі асобасных характарыстык палітычнага лідара міжнароднага ўзроўню Ангелы Меркель і стылю яе адзення. Тэма стала цікавай не толькі для даследчыка. Яе арыгінальнасць, шматаспектнасць і паўната вывучэння зацікавілі як членаў кампетэнтнай экспертнай рады, так і вялікую аўдыторыю школьнікаў і студэнтаў, якія ў вольным доступе давалі свае ацэнкі работам з дапамогай інтэрактыўнага галасавання.

У выніку праца Марыі Францкевіч была прызнана лепшай у намінацыі «Пазнанне» і адзначана дыпломам першай ступені.

Віншуем пераможцаў і жадаем ім далейшых поспехаў на ніве навуковых адкрыццяў!

Наталля БАНДАРОВІЧ, настаўніца рускай мовыі літаратуры

 

А ПАСЛЯ ЎРОКАЎ –НАВУКОВАЯ ТВОРЧАСЦЬ

На базе ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы» прайшоў раённы турнір работ даследчага характару сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Падобны конкурс з’яўляецца штогадовым і закліканы актывізаваць работу па распаўсюджанні навуковых ведаў, прафесійнай арыентацыі і прыцягненні навучэнцаў да навуковай творчасці і даследчай работы ў пазаўрочны час пад кіраўніцтвам педагогаў.

67 навучэнцаў устаноў адукацыі раёна публічна прадставілі свае даследчыя работы ў 13-ці прадметных секцыях («Замежныя мовы», «Беларуская мова і літаратура», «Біялогія», «Інфарматыка» «Гісторыя», «Грамадазнаўства», «Працоўнае навучанне», «Энергазберажэнне ў адукацыйнай прасторы» і т. п.).

Лепшымі ў раённым конкурсе работ даследчага характару названы Аляксандра Дасько (школа № 3, кіраўнік – І. В. Шэрсцяк), Антон Кажухоўскі (гімназія № 1; Н. М. Казякоўская), Вераніка Канавал (гімназія № 1; М. А. Ларычэва), Улада Грэкава (школа № 3; В. Р. Сідаровіч), Кацярына Карыцкая (Дзераўнянская школа; Г. І. Дзямянка), Мілена Куянава (гімназія № 1; Р. М. Малахава), Ірына Сабалеўская (Рубяжэвіцкая школа; Л. У. Харытонава), Руслан Шаракоў і Дзмітрый Шкода (Любкаўшчынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа; Т. М. Клімовіч), Дзмітрый Герасімчык (Мікалаеўшчынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа; Т. Л. Каранеўская), Дар’я Нагорная (Аталезскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа; Н. Ю. Дрожжа), Хрысціна Бабровіч (Залужскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа; Н. У. Валента), Анастасія Недзень (Дзераўнянская школа; Л. С. Навіцкая), Яўгенія Богдан (Навасвержанская школа; А. П. Байкачова), Антон Бондараў, Сцяпан Васілеўскі, Валерыя Савіцкая, Канстанцін Волчанка, Вольга Грышкевіч (кіраўнік – У. С. Радзіон), Анастасія Мойса (школа № 3, І. Л. Адашкевіч), Андрэй Какошын (Рубяжэвіцкая школа, А. І. Аляшкевіч).

Віншуем пераможцаў і жадаем поспехаў.

Ала ВЯРШЭНЯ,метадыст аддзелаадукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

СА ШКОЛЬНЫМІ НАВІНАМІ

Школьнымі навінамі падзяліліся з намі юныя аўтары «Праменя».

Члены гуртка «Каласкі» Шашкоўскай СШ Ганна Карсюк і Любоў Валента пішуць: «Падчас вясновых канікул нам пашчасціла паўдзельнічаць у віктарыне-конкурсе «Кожнае дзіця мае права…», які праводзіўся ў Шашкоўскім доме культуры. Мы даведаліся шмат новага і цікавага. Гаворка ішла аб нас, дзецях, як раўнапраўных членах грамадства. У конкурсе ўдзельнічалі дзве каманды – «Сонейка» і «Кропелька». Нашым дэвізам былі словы: «Ёсць правы і ў мяне, хоць я і маленькі». Дэвіз каманды «Кропелька» гучаў так: «Правы дзяцей не парушаць, іх трэба выконваць».

Наталля Кабылінская з гэтай жа школы расказвае пра экскурсію ў Дзяржынава: «Цікавым і незвычайным аказаўся для нас, вучняў 9-11 класаў музейны ўрок, які арганізавалі настаўнік гісторыі М. М. Сурко і настаўніца беларускай мовы і літаратуры А. С. Рослік. На школьным аўтобусе мы адправіліся ў вёску Дзяржынава. У мемарыяльным комплексе «Дзяржынава» экскурсавод змястоўна і падрабязна апавядала нам пра цікавыя факты, успаміны родных, сяброў і саратнікаў Ф. Э. Дзяржынскага».

Вучаніца Налібацкай сярэдняй школы Ілона Губар таксама дзеліцца ўражаннямі аб праведзеных вясновых канікулах: «На базе нашай школы быў арганізаваны аздараўленчы лагер «Сонейка». Для нас ладзілася шмат цікавых мерапрыемстваў: спартландыя, віктарыны, інтэлектуальныя гульні, эстафеты і шмат іншага. Адбылася сустрэча з супрацоўніцай аддзела па надзвычайных сітуацыях В. Я. Салей. Мы спрабавалі стварыць «Азбуку бяспекі» ў малюнках. Але больш за ўсё нам спадабалася прымерка адзення выратавальніка».

Член гуртка «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай СШ Анастасія Жодзік захапляецца прыходам прыгажуні вясны: «Зайдзіце ў бязмежны блакіт нябёс, услухайцеся, як ажывае лес, поўніцца птушынымі галасамі, як нясуць сваё пяшчотнае ззянне гарэзлівыя ручайкі».

Член гэтага ж аб’яднання Аляксандр Чорны разважае аб мудрасці кнігі: «Без кніг, бібліятэк нельга ўявіць сабе цывілізаванае грамадства. Кніга забяспечвае даступнасць ведаў, інфармацыі, перадачу нашчадкам культуры, назапашанага вопыту».

Прыемна чытаць пісьмы юных аўтараў, яны звяртаюцца да важных тэм, па-філасофску разважаюць і выказваюць свае адносіны: вучацца думаць і літаратурнай мовай выказваць свае думкі. Жадаем ім поспехаў на гэтай ніве і чакаем новых карэспандэнцый.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *