Вяселле – брыльянтавае, а душа – залатая

Нумары Соцыум

Гэтаймайскай парой, калі шырока адзначаецца Дзень сям’і, аддзел ЗАГС правёў незвычайную ўрачыстасць, прысвечаную 60-годдзю сямейнага жыцця. Брыльянтавай парай, акружанай дружна дзецьмі і ўнукамі, стала сям’я стаўбчан Аляксандра і Ядвігі Раманоўскіх.

Для моладзі гэтыя людзі, несумненна, – цудоўны прыклад сумленнага сямейнага жыцця. Выхадцы з вёсак Жацерава і Татаршчына, яны 19 мая 1956 года зарэгістравалі свой шлюб у бюро ЗАГС Стаўбцоўскага раёна. Усё вялікае жыццё іх прайшло сярод землякоў, у шчырай працы. Аляксандр Канстанцінавіч прысвяціў сябе камунальнай гаспадарцы, Ядвіга Аляксандраўна – гандлёваму абслугоўванню. Дарэчы, у магазіне ў Стоўбцах, дзе яна працавала на той час прадаўцом, яны і сустрэліся. Уласнымі рукамі пабудавалі дом у горадзе. Выгадавалі сына і дзвюх дачок, а яны ўзнагародзілі дзядулю і бабулю пяцярыма ўнукамі. Усе нашчадкі –  статныя, прыгожыя, інтэлігентныя, гэта перадалося ім ад бацькоў. Менавіта дзеці пажадалі зрабіць бацькам такі падарунак – урачыстасць у аддзеле ЗАГС з нагоды 60-годдзя іх сумеснага жыцця. 

«Маладажонаў» сустрэла на парозе начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава. Пад гукі музыкі іх запрасілі ў святочную залу, на ганаровае месца жаніха і нявесты. «Нявеста» – у прыталеным светлым касцюме і туфлях на абцасіках, з падфарбаванымі вуснамі, ніткай бусаў на шыі – зусім на свае гады не выглядала. «Жаніх», «як тады», перажываў побач з ёю шчаслівыя і хвалюючыя імгненні. Міжволі залюбаваліся імі ўсе прысутныя.

Асаблівую цеплыню ўрачыстасці надалі віншаванні дачкі Галіны, унукаў. Да іх далучыліся прадстаўнікі райспажыўтаварыства. Намеснік старшыні Андрэй Халюта падзякаваў Ядвізе Раманоўскай, уладальніку звання «Выдатнік савецкага гандлю», за ўклад у развіццё арганізацыі.

Як і належыць на вяселлі, «жаніху»і «нявесце» госці крычалі «горка!», дарылі  свае пачуцці і пацалункі. «Маладажоны» запалілі сімвалічны агонь дамашняга ачага і яго, як эстафету, перадалі сваім дзецям, унукам. Яны паставілі подпісы ў кнізе ганаровых сямейных юбіляраў нашага раёна. На памяць аб брыльянтавым вяселлі ім уручана памятнае пасведчанне і медаль.                 

У невялікай гутарцы са шчаслівымі юбілярамі найперш захацелася даведацца пра сакрэт іх сямейнага  даўгалецця. Ядвіга Аляксандраўна, не раздумваючы, адказала: «Ён у тым, што мы з мужам любім працу. Не баяліся ніякай работы, выконвалі яе з задавальненнем. Я прыступіла да работы ў гандлі 18-гадовай дзяўчынай у 1945 годзе. Толькі закончылася вайна… І пайшла на заслужаны адпачынак праз дзесяць гадоў пасля атрымання пенсіі… Працавала пад кіраўніцтвам васьмі старшыняў райспажыўтаварыства, але асабліва запомніўся і ацаніў маю працу апошні з іх – У. І. Урублеўскі. Яму я вельмі ўдзячна, як і сваім калегам В. Д. Бакуновіч, Г. М. Канаш».

Гледзячы на Аляксандра і Ядвігу Раманоўскіх, слухаючы іх нетаропкі аповед, разумееш: іх брыльянтавае вяселле – сапраўды асаблівай пробы, падобнае на каштоўны камень, які вытрымаў усе выпрабаванні і пры гэтым не страціў сваёй прыгажосці і нават набыў з гадамі яшчэ больш высакародны бляск. Нездарма кажуць пра мужа і жонку, якія пражылі ў пары шэсць дзясяткаў гадоў: сэрцы ў іх – брыльянтавыя, а душы – залатыя.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

БЯСПЕЧНАЯ СЯМ’Я

На Стаўбцоўшчыне стартавала акцыя – «Не пакідайце дзяцей адных!». У рамках першага яе этапу выратавальнікі сустрэліся са сваімі старымі сябрамі – вялікай прыёмнай сям’ёй Васільевых з дзіцячага дома сямейнага тыпу.

Да слова, прыёмнымі гэтых дзяцей можна назваць умоўна, бо сям’я, дзе пануюць любоў і шчасце, сапраўды становіцца роднай. Але і самым цудоўным бацькам не лішне нагадаць пра бяспеку дзяцей. Аляксандр Анатольевіч і Кацярына Рыгораўна з радасцю згадзіліся стаць удзельнікамі акцыі МНС, але… папрасілі, каб ім дазволілі самім прыйсці ў госці да выратавальнікаў.

Безумоўна, госці таксама з цікавасцю слухалі экскурсаводаў.

– Мне цікава ўдвайне, – заўважыў галава сямейства Васільевых, – бо ў дзяцінстве я жыў у Расіі і быў юным выратавальнікам.

Самым цікавым падчас экскурсіі для дзяцей было пасядзець у кабіне машыны, прымераць касцюм пажарнага, патрымаць у руках інструменты выратавальнікаў. Уразіў і цэнтр аператыўнага кіравання, куды паступаюць усе выклікі. Пасля экскурсіі гасцям прапанавалі прайсці пажарныя выпрабаванні, у выніку ўсе хлопчыкі заявілі, што стануць у будучым выратавальнікамі.

Яшчэ адна сустрэча ў рамках акцыі прайшла ў аграгарадку Слабада, дзе было арганізавана спартыўна-забаўляльнае мерапрыемства «Тата, мама, я – бяспечная сям’я». Гумарыстычныя эстафеты і конкурсы, дэманстрацыя пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і традыцыйная летняя «водная феерыя» – усё гэта не пакінула нікога раўнадушным.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *