На жыццё – з новым поглядам

Нумары Соцыум

Гэтым людзям ёсць аб чым пагаварыць, у іх, жыхароў нават самых аддаленых населеных пунктаў раёна, ёсць жаданне сустрэцца, абмяняцца думкамі і падтрымаць адзін аднаго, – гэта і пацвердзіў справаздачны сход раённай арганізацыі інвалідаў па зроку, на якім падводзілі вынікі работы за 2015 год. 

Роўна год таму Аляксандру Клімашу даверылі ўзначаліць гэтую грамадскую арганізацыю. За гэты перыяд у яго светапоглядзе адбылося шмат пераўтварэнняў і, у першую чаргу, знікла крыўда за начныя званкі ў адносінах да тых, вакол каго пануе пастаянная ноч і адсутнічае арыентацыя ў часе, хто даўно не выходзіць за сцены свайго дома і мае павышаную патрэбу ва ўвазе і дапамозе… Заўсёды трэба ўлічваць, што людзі, пазбаўленыя зроку, – з абвостранымі пачуццямі. У раённай арганізацыі інвалідаў па зроку налічваецца каля 100 чалавек. Ідзе абнаўленне, амаладжэнне яе саставу, хаця пераважную большасць складаюць людзі пажылыя.

– Раённай арганізацыяй праведзена вялікая работа па высвятленні спіса інвалідаў па зроку, якія пражываюць у нашым раёне. Сярод 166-ці чалавек ёсць і шматдзетная сям’я з малалетнімі дзецьмі, увогуле шмат дзяцей, у тым ліку інвалідаў ад нараджэння. Факт гэты мяне так уразіў!.. У гэтай сям’і могуць нічога не ведаць пра нашу арганізацыю, але дзяцей важна адаптаваць у грамадства, – такая думка прайшла чырвонай ніткай у дакладзе Аляксандра Клімаша. Развіваючы яе, ён падзяліўся марай-праектам: «Хочацца сабраць такіх дзетак, запрасіць спецыялістаў, каб яны з імі папрацавалі».   

Сапраўды, праект высакародны, арганічны па сваёй сутнасці, як і тое, што раённая арганізацыя інвалідаў па зроку выступае супольнасцю, сілай, здольнай аздобіць адносіны людзей узаемаразуменнем, дапамогай, дружбай. З прыходам новага старшыні было выбрана «баявое» праўленне і актывізавалася работа над тым, каб акцэнтаваць увагу грамадскасці і раённых улад на праблемах інвалідаў па зроку. Нарэшце, дзякуючы райвыканкаму, яны займелі свой «куток» (у будынку друкарні, па суседстве з грамадскай прыёмнай «Белай Русі»), дзе Аляксандр Клімаш праводзіць па панядзелках з 09.00 да 12.00 прыём грамадзян. Былі падрыхтаваны пісьмы на прадпрыемствы з просьбай аб выдзяленні грамадскай арганізацыі пасільнай фінансавай падтрымкі. На жаль, адгукнуліся  адзінкі, хаця раённая арганізацыя  мае ў ёй вострую патрэбу. Працягнулі руку дапамогі сялянская фермерская гаспадарка «Сула», якая забяспечыла членаў арганізацыі бульбай на зіму. З кіраўніцтвам цэнтральнай раённай бальніцы дасягнута дамоўленасць на прыём членаў арганізацыі ўрачом-афтальмолагам без чаргі. Аздараўленне іх гарантуе дзяржава, напрыклад, у профільным санаторыі «Пад’ельнікі». РКБА станоўча вырашыла пытанне з прадастаўленнем членам арганізацыі 50-працэнтнай скідкі на стрыжку (па заяўцы інвалідаў па зроку І групы майстар выедзе і дадому). Раённы Цэнтр культуры выдзяляе на арганізацыю па пяць бясплатных білетаў на гастрольныя канцэрты.

На даным этапе пытаннем нумар адзін было ўдакладненне спісаў членаў арганізацыі і аднаўленне з імі кантактаў, хаця б тэлефонных. Для людзей сляпых і слабавідушчых, асабліва з сельскай мясцовасці, тэлефон з’яўляецца адзіным сродкам сувязі і спосабам атрымання неабходнай інфармацыі. Па магчымасці члены праўлення наведваюць сваіх таварышаў дома.

З боку Беларускага таварыства інвалідаў па зроку ёсць імкненне зрабіць членаў арганізацыі больш мабільнымі –- усім прапанаваны «говорящие» смартфоны і сім-карты ад мабільнага аператара «Лайф» для бясплатных размоў унутры сеткі. «Для жадаючых асвоіць камп’ютар (такую паслугу прапануе тэрытарыяльны цэнтр) ёсць магчымасць устанавіць праграмнае забеспячэнне з гукавым суправаджэннем», – расказала аб гэтых і іншых напрацоўках,  дасягнутых за апошні час зменах у заканадаўстве па сацыяльнай абароне інвалідаў старшыня праўлення Мінскай абласной арганізацыі інвалідаў па зроку Святлана Сянько. Ёю была дадзена высокая ацэнка работы раённай арганізацыі. Паспяховай дзейнасці садзейнічае цеснае супрацоўніцтва з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, тэрытарыяльным цэнтрам, раённым камітэтам БРСМ. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко звярнула ўвагу, што цэнтрам робіцца шмат для таго, каб людзі з інваліднасцю адчувалі сябе патрэбнымі: на базе ФАКа адкрыта працоўная майстэрня, пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту запрашаюць розныя гурткі і т. п. З раённым камітэтам БРСМ дасягнута дамоўленасць аб шэфстве над інвалідамі па зроку І групы. «Гэта будзе не толькі аказанне пасільнай дапамогі валанцёрамі БРСМ, а і, безумоўна, размова пакаленняў, вядзенне своеасаблівага летапісу», – падкрэслівае значнасць гэтага сумеснага праекта Аляксандр Клімаш.   

На сходзе кожны прысутны змог расказаць аб сваіх праблемах. З таго, што асабліва турбуе Ігара Войтку, Жанну Андроцкую і іншых маладых людзей, – пытанне працаўладкавання. Па стане здароўя многія хацелі б перанесці курс лячэння, рэкамендаванага ім двойчы на год, з абласной бальніцы ў раённую. Віктар Чэмка з Дзяражнага пытанняў асаблівых не ўзнімаў, але прывёз з сабою «візітную картку» – кошык, сплецены ўласнымі рукамі, фотаздымкі дамашняй гаспадаркі. У ёй – свінкі в’етнамскай пароды, якіх Віктар Станіслававіч разводзіць і такім чынам стварае для сям’і матэрыяльны дабрабыт.  

Галоўнае – і так лічаць у раённай арганізацыі, – каб у соцыуме да інвалідаў па зроку адносіліся не са шкадаваннем, а з павагай. Гэтыя людзі таго заслугоўваюць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ   



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *