Слаўныя вы ўсе, жанчыны года!

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» было прапанавана ўсім арганізацыям і прадпрыемствам, працоўным калектывам нашага раёна вылучыць сваіх прадстаўніц для ўдзелу ў першым раённым конкурсе «Жанчына года «. 14 жанчын прынялі рашэнне паўдзельнічаць у конкурсе, які праходзіў у васьмі намінацыях. Восем прадстаўніц, прызнаных пераможцамі, былі запрошаны прыняць удзел ва ўрачыстасці з нагоды аб’яўлення вынікаў конкурсу і ўзнагароджання намінантак.

Урачыстаць прайшла ў раённым Цэнтры культуры. Ёй папярэднічала пасадка дэкаратыўнай алеі ў скверы на плошчы Леніна. Кожная з намінантак пасадзіла сваю кіпарысавую тую. Саджанцы для гэтай рённай падзеі дабрачынна выдзеліў са свайго гадавальніка Стаўбцоўскі лясгас.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка, старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Святлана Сітнікава. Віншаванні са сцэны жанчынам прагучалі і з вуснаў намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргея Шэсцеля і старшыні раённага структурнага падраздзялення ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталлі Лапко.

Пераможцы конкурсу былі прадстаўлены ў відэапрэзентацыі на вялікім экране.

У намінацыі «Жанчына-легенда» перамогу атрымала брыгадзір малочнатаварнай фермы «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Зінаіда Ярашэвіч, якая носіць званне Герой Сацыялістычнай Працы. У 2015 годзе Зінаіда Ярашэвіч удастоена звання «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці». Гэта адзіная жанчына ў раёне, якой аказана такая павага.

У намінацыі «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва» ўзнагароджана дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» Рамуальда Бурдукевіч. Гэтае прадпрыемства лічыцца адным з вядучых у мясаперапрацоўчай галіне не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў рэспубліцы. Стараннямі, арганізатарскімі здольнасцямі і напорыстасцю кіраўніка ў 2015 годзе прадпрыемству быў вернуты ранейшы статус самастойнай юрыдычнай структуры, а не філіяла Мінскага мясакамбіната, што дало перапрацоўшчыкам шмат плюсаў. Гэта ўсё садзейнічае паспяховай вытворчай дзейнасці.

У намінацыі «За выхаванне дзяцей і моладзі» ўзнагароду атрымала прыёмная маці Вольга Гірко, якая з 2008 года прыняла ў сваю сям’ю шасцярых прыёмных дзяцей. Дапамога сіротам з цяжкімі лёсамі стала яе прызваннем і патрэбнасцю душы.

У намінацыі «За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры» адзначана мастацкі кіраўнік узорнага ансамбля танца «Гарошынка» раённага Цэнтра культуры Наталля Захарава. Бягучы год юбілейны для мастацкага калектыву – ансамбль адзначае 30-годдзе. Яму апладзіравалі гледачы Расіі, Чэхіі, Італіі, Польшчы, Германіі, Францыі. На працягу многіх гадоў калектыў выступае перад дэлегацыямі ЗША, Паўночнай Карэі, Кітая, Бельгіі, Канады, Англіі, супрацоўнічаючы з Беларускім таварыствам дружбы і культурных сувязяў з зарубежнымі краінамі. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам гран-пры, лаўрэацкіх дыпломаў першай ступені розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

У намінацыі «За ўклад у развіццё вёскі» ўшаноўвалі тэхніка па штучным асемяненні фермы «Ячонка» ААТ «Каганец» Галіну Канатка. Яна лічыцца лепшай у сваёй прафесіі не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі.

«За вернасць і адданасць прафесіі» адзначана дырэктар Дзераўнянскай сярэдняй школы Марыя Шумчык. Чацвёрты год школа прызнаецца лепшай у Мінскай вобласці сярод сельскіх агульнаадукацыйных школ. Гэты поспех складаецца з многіх інавацыйных накірункаў работы, у паспяховым ажыццяўленні якіх задзейнічаны ўсе – і настаўнікі, і вучні, і бацькі.

«За актыўную грамадскую дзейнасць» узнагароду атрымала старшыня раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Ніна Дубовік. Былі адзначаны невычэрпны энтузіязм і энергія Ніны Уладзіміраўны пры арганізацыі і ўдзеле ў значных грамадскіх падзеях.

«За паспяховую рэалізацыю бізнес-праекта» ўзнагароджана загадчыца групы грамадскага харчавання і гандлю ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Лілія Бобрык.  Яе ініцыятывы і гаспадарскі падыход да справы звязаны з вырашэннем важных задач па скарачэнні выдаткаў на ўтрыманне сталовай. Па выніках работы за 2015 год прадпрыемства атрымала дадаткова 470 мільёнаў рублёў, што дазволіла скараціць затраты  з прыбытку на арганізацыю дзейнасці сталовай.

Па яе ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле ажыццёўлена мадэрнізацыя кандытарскага цэха з устаноўкай італьянскага абсталявання, што дазволіла зрабіць больш разнастайным асартымент кандытарскай выпечкі.

Дыпломы, прэміі і кветкі намінанткам уручылі Мікалай Іванчанка і Сяргей Шэсцель.

Урачыстаць была аздоблена выдатнымі канцэртнымі нумарамі ў выкананні мастацкіх калектываў і салістаў нашага раёна, а таксама ўзорнага ансамбля  «Аношкаўскія музыкі» з Нясвіжскага раёна.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: намінанткі конкурсу; дыплом Наталлі Захаравай уручае Мікалай Іванчанка; Марыю Шумчык песняй са сцэны і кветкамі павіншавалі вучаніцы Дзераўнянскай СШ Кацярына Карыцкая і Таццяна Касцюкевіч; пераможцы конкурсу Галіна Канатка і Вольга Гірко; пасадка алеі, на пярэднім плане – Рамуальда Бурдукевіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *