Сцяцкі – сяло ля люднага гасцінца

Крочым па раёне Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Факты, падзеi, людзi

Рознакаляровыя сцяжкі

Гайдае майскі свежы вецер.

У гэты дзеньса святам вас, Сцяцкі,

Многія спяшаліся прывеціць.

Няхай жывём мы сёння ў гарадах,

Але ж не толькі раз у год, на свята,

Усе шляхі вядуць, дзе родны дах,

Дзяцінства свет – акно бацькоўскай хаты.

Заўжды наказ: збірайцеся часцей,

Каб жыць у спакоі, міры, дружна, ладам.

Ды ўсім вяскоўцам сустракаць гасцей:

Гонар ім і, безумоўна, радасць.

Каб, як гавораць, паказаць сябе,

Свае ўменне, здатнасць і гасціннасць.

Няхай жыцця шчаслівым будзе бег.

Сцяцкі – сяло ля люднага гасцінца.

Свята – і настрой лірычны. Яркае майскае сонца, квецень садоў, духмяны водар гронак бэзу і чаромхі. І людзі, хораша прыбраныя, гасцінна запрашаюць да столікаў, каб пачаставаць адмысловымі прысмакамі.

У святаў вёсак падобны сцэнарый, але кожнае з іх непаўторнае, асаблівае. Як і адметны воблік кожнага населенага пункта, ягоны імідж, які ствараюць самі жыхары.

Сцяцкам першым у раёне было даверана сёлета правядзенне свята вёскі. І выбар не выпадковы. Не патрабавалася шмат часу, каб паднавіць знешні інтэр’ер. Бо і фасады дамоў, і агароджы, і двары пераважна ўсе жыхары падтрымліваюць у чысціні і акуратнасці. Сапраўды, вёска пры дарозе на Рубяжэвічы, Івянец адкрытая многім вачам. Брыдка было б дапусціць неахайнасць, безгаспадарнасць. Належна ўсё прыбрана. Можна любавацца і сапраўды мастацкімі кампазіцыямі дворыкаў – не толькі буслянкамі, але і ўяўнымі экзатычнымі пейзажамі. Калі гаспадар добры, то і мысліць ён творча.

Гэта падкрэсліваюць у размове Таіса Іванаўна і Леанід Уладзіміравіч Луцікі. У жонкі і мужа (іх вы бачыце на адным са здымкаў фотарэпартажа) асаблівыя абавязкі. Дэпутат сельскага Савета і стараста вёскі маюць вялікі аўтарытэт і, як гаворыцца, падымуць на важную справу вяскоўцаў: арганізуюць суботнікі па навядзенні парадку.

Хораша, весела. Ад хаты да хаты ідуць вяскоўцы, госці. Гучаць шчырыя віншаванні, песні, музычныя прысвячэнні. Тулейкі і Новікі, Жыбулі і Кухарчыкі, Клімовічы і Мазы, Грамыкі і Даўгаполы. Мір вам, вяскоўцы, шчырыя працаўнікі, выдатныя гаспадары і гаспадыні.

Адметна, што не толькі кулінарныя здольнасці ў сервіроўцы стала  паказваюць вяскоўцы. Нельга было не любавацца імправізаванымі выставамі каля сядзіб – узорамі ткацтва, вышыўкі. І сабранымі даўнімі рэчамі сялянскага ўжытку – калаўротам, прасам, што сілкуецца пячным вугалем, бязменам… Для маладых – гэта ўжо музейныя экспанаты. Асабліва прыцягвае ўвагу карцінная міні-галерэя, работы сапраўднага  мастака. Васіль Жыбуль, карэнны жыхар Сцяцкоў, аформіў нават сімвалічную эмблему свята вёскі, з указаннем года яе заснавання – 1656-ты.

Наконт менавіта гэтай даты не быў катэгарычным старшыня Заямнаўскага сельвыканкама Уладзімір Гарохавік. Ён адзначыў, што для канчатковага зацвярджэння «дня нараджэння» паселішча патрэбны важкія пацвярджэнні спецыялістаў. Адно зразумела: вёска сапраўды мае біяграфію ў некалькі стагоддзяў. Слаўная гісторыя! Віхуры разбуральных войнаў праносіліся па гэтай зямлі. Навечна ў памяці імёны 19-ці землякоў, якія загінулі на франтах Влікай Айчыннай.

Уладзімір Альфрэдавіч прыгадаў і тых, хто аднаўляў народную гаспадарку. Першы старшыня «Чырвонага Кастрычніка» Іван Ягоравіч Пірагоў шмат зрабіў, каб калгас быў у ліку перадавых у раёне. Сёлета спаўняецца 50 гадоў з дня прысваення жывёлаводу калгаса Ганне Сямёнаўне Шчэцька, ураджэнцы Сцяцкоў, высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Са сцэны, зладжанай на лугавіне, вітаў вяскоўцаў, многія з якіх з’яўляюцца членамі вытворчага калектыву, дырэктар ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Сяргей Савіцкі. Самым здатным, а найперш заслужаным ветэранам, былі ўручаны падзячныя граматы і падарункі.

Віншаванні са святам выказала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч. Добрыя словы ў адрас выдатных працаўнікоў калектываў гаварылі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко, дырэктар Заямнаўскай школы Марына Ждановіч, кіраўнікі і прадстаўнікі прадпрыемстваў і службаў раёна. Прыгарадная вялікая вёска славіцца шчырымі, працавітымі людзьмі.

Вяскоўцаў ушанавалі выдатнымі выступленнямі, парадавалі і павесялілі майстры мастацкай самадзейнасці са Стоўбцаў, Дзераўной, Шашкоў, Любкаўшчыны. Дапазна доўжылася свята. Забавы мелі і дзеці, якія маглі паспытаць свой спрыт у скачках на батуце, пагуляць у футбол і нават адчуць сябе джыгітамі ў верхавой коннай яздзе.

Хто добра працуе, той весела і святкуе. Ісціна, якую пацвярджае чарговае раённае свята вёскі, першае ў гэтым годзе.

І ты дастойна выдзяляешся між вёскамі:

Гісторыі падзеі, лёсы тут.

Зямля сцяцкоўская, зямля стаўбцоўская,

Наш родны, слаўны, непаўторны кут.

Адкрыццяў шчасце і здзяйсненне мараў,

Хвалюючыя спевы салаўёў.

І неабсяжны свет тваіх абшараў,

І колас залаты тваіх палёў.

Квітней, мой родны край, пад мірным сонцам,

Зямля майстроў, спагадлівых людзей.

Дабра і шчасця зычым вам, вяскоўцы,

Хай светлым будзе кожны новы дзень.

Фёдар БАНДАРОВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *