Запатрабаваны адказнасць і дысцыплінаванасць

Ахова працы Нумары

Камісіяй па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійнай захваральнасці пры раённым выканаўчым камітэце на базе філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» ДРБУ № 135 праведзены раённы Дзень аховы працы на тэму: «Стрэс на рабочым месцы: калектыўны выклік». Спецыялісты па ахове працы прамысловых, будаўнічых, дарожных арганізацый, гандлю і безведамаснай падначаленасці наведалі вытворчую базу прадпрыемства, памяшканні санітарна-бытавога прызначэння. Тлумачэнні даваў дырэктар Вадзім Савіцкі, які адначасова расказаў аб гісторыі ДРБУ № 135 і задачах, якія пастаўлены перад работнікамі.

Затым адбылося пленарнае пасяджэнне. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко адзначыла важнасць гэтага мерапрыемства. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на неабходнасці як мага часцей сустракацца з работнікамі, абмяркоўваць тэмы, якія іх хвалююць, і не толькі па рабочых пытаннях, а і па сямейна-бытавых. Галоўны інжынер ДРБУ № 135 Вадзім Колпак расказаў аб рабоце, што праводзіцца адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам па стварэнні работнікам здаровых і бяспечных умоў працы, адказаў на пытанні.

Лекцыю на тэму «Цана стрэсу» прачытала псіхолаг цэнтральнай раённай бальніцы Настасся Бярвенская, якая растлумачыла сутнасць стрэсу і  ўздзеянне, якое ён аказвае на вытворчыя працэсы і паводзіны чалавека. Параіла, што трэба зрабіць для таго, каб мінімізаваць яго наступствы. Загадчыца аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Лойка зрабіла ўпор на фарміраванне ў працоўных калектывах здаровага ладу жыцця. Галоўны інспектар міжраённага аддзела інспекцыі працы Уладзімір Савіцкі спыніўся на пытаннях паўсядзённай дзейнасці.

Важныя аспекты работы па ахове працы закрануў у сваёй прамове галоўны спецыяліст па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Філіповіч. Адзначалася, што ў мінулым годзе і ў першым квартале бягучага раённым выканаўчым камітэтам была працягнута работа па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў ахове працы. Асноўнай яе формай з’явілася рэалізацыя мерапрыемстваў тэрытарыяльнай Праграмы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы на 2011 – 2015 гады і падпраграмы «Ахова працы» дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016 – 2020 гады. Ажыццёўлены комплекс мер па тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі вытворчасці, паляпшэнні ўмоў працы работнікаў. На гэта арганізацыямі раённай камунальнай і прыватнай формы ўласнасці накіравана за пяць папярэдніх гадоў 66,2 мільярда рублёў. У першым квартале сёлетняга года сума ўжо склала 10,8 мільярда рублёў.

Аналіз праведзенай работы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы ў арганізацыях, размешчаных на падведамаснай райвыканкаму тэрыторыі, паказаў, што асноўныя запланаваныя мерапрыемствы праграмы выкананы.

Знізіўся ў 4,2 раза каэфіцыент частаты вытворчага траўматызму (колькасць пацярпелых за адзін год па прычыне няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў разліку на 10 тысяч працоўных). Калі ў 2010 годзе было зарэгістравана 27 няшчасных выпадкаў (два смяротныя і восем з цяжкімі наступствамі), то летась – пяць (тры с цяжкімі наступствамі). Не зарэгістравана групавых выпадкаў траўматызму і з асобамі ва ўзросце да 18 гадоў. 

На жаль, бягучы год не надае аптымізму. За чатыры месяцы зарэгістравана тры выпадкі траўматызму, адзін з якіх смяротны і адзін цяжкі. Прычыны здарэнняў высвятляюцца, таму рабіць вывады пакуль што рана, але выразна праглядваецца віна службовых асоб арганізацый і саміх пацярпелых. Таму была звернута ўвага на няўхільнае прытрымліванне ўсімі працоўнай дысцыпліны на рабочых месцах. 

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *