Аб’яднацца ў саюз, каб вырашаць праблемы

Нумары Пяты Усебеларускі народны сход Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У складзе дэлегатаў ад Стаўбцоўшчыны ў рабоце V Усебеларускага народнага сходу прыме ўдзел кіраўнік СФГ «Сула » Уладзімір Радзевіч. Сялянская гаспадарка, дзе вырошчваецца насенне бульбы новых перспектыўных сартоў, вядомая не толькі ў рэспубліцы, а і за мяжой. Пад патранажам Уладзіміра Уладзіміравіча створаны яшчэ два прадпрыемствы – «Аграцэнтр-Сула» і «Сула Плюс». Першае вырошчвае таварную бульбу, другое займаецца яе продажам.

Чатыры разы Уладзімір Радзевіч станавіўся лаўрэатам конкурсу «Лепшы прадпрымальнік года» ў намінацыі «Лепшая сялянская фермерская гаспадарка» на ўзроўні вобласці і двойчы – на рэспубліканскім. Сёлета ў намінацыі «Вытворчая дзейнасць» ён стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі «Чалавек года Міншчыны». 

– Уладзімір Уладзіміравіч, вы дэлегіраваны ад нашага раёна на V Усебеларускі народны сход. Як успрынялі вестку?

– Гэта вялікі гонар, і я ўдзячны ўсім, хто за мяне прагаласаваў. Думаю, што ўдзел у такім важным форуме не пройдзе бясследна і ў далейшым, як дэлегату, дазволіць уносіць слушныя прапановы ў аблвыканкам і райвыканкам. А ў фермераў пытанняў, якія неабходна вырашаць, дастаткова.

– Фермерская гаспадарка «Сула» працуе на ўзроўні і мае высокія паказчыкі. А як, на ваш погляд, развіваецца фермерства ў нашай краіне?

– На жаль, колькасць фермерскіх гаспадарак у Беларусі скарачаецца. Калі пяць гадоў назад было 2700 тысяч, то цяпер засталося менш за дзве тысячы. Для таго каб фермерства развівалася, неабходна мяняць адносіны да аграбізнесу, як самім фермерам, так і дзяржаве. І адначасова ўдасканальваць заканадаўчую базу, бо ёсць нямала нюансаў, якія перашкаджаюць стварэнню і развіццю фермерскіх гаспадарак.

Фермеры, якія належным чынам працуюць і атрымліваюць канкурэнтаздольную прадукцыю, і гэтага нельга не адзначыць, уносяць важкі ўклад у эканоміку краіны. Такіх гаспадарак нямнога. І не таму, што няма каму працаваць. Проста людзі баяцца рызыкаваць, улічваючы сённяшняе нестабільнае фінансавае становішча. Калі б чалавек, які пажадаў узяць зямлю, быў упэўнены, што ў асабліва  цяжкія гады дзяржава падставіць плячо, акажа падтрымку, тады і фермераў было б больш. Пра сябе скажу, што падтрымку адчуваю пастаянна, на працягу ўсіх шаснаццаці гадоў працы. Удзячны за разуменне былым старшыням райвыканкама і цяперашняму мэру Юрыю Горлаву. Усім службам, у першую чаргу спецыялістам райсельгасхарча, землеўпарадкавальнай службы, а таксама кіраўнікам арганізацый раёна, да якіх звяртаўся і звяртаюся. Ніхто не адмовіў, усе аказвалі дапамогу ў станоўчым вырашэнні надзённых пытанняў. Гэта дало магчымасць СФГ «Сула» мець высокія дасягненні і развівацца далей.

– Уладзімір Уладзіміравіч, а што б вы сказалі на Усенародным сходзе, калі б вам далі слова? А можа і самі праявіце ініцыятыву выступіць?

– Як будзе складвацца. А ўвогуле я папрасіў бы звярнуць увагу на фермераў. І менавіта на працэдуру выдачы жадаючым зямельных участкаў. Яе трэба спрасціць. З аднаго боку чыноўнікі правільна паступаюць, бо, раздаўшы зямлю, ёсць трывога не атрымаць належнай аддачы.  Дзяржаве важна з кожнага гектара атрымаць як мага больш падаткаў у бюджэт – гэта і ёсць крытэрый ацэнкі работы фермера. Аднак з дзесяці працуючых фермераў тры-чатыры абавязкова даб’юцца вынікаў. І калі фермер плаціць больш падаткаў, чым дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы, якія працуюць побач, значыць, ён выкарыстоўвае зямлю эфектыўна. Такому гаспадару можна і дабавіць зямлі, калі ён просіць.

Хацелася б, каб фермеры, як і сельгаспрадпрыемствы, мелі стапрацэнтную падтрымку ў матэрыяльна-фінансавым забеспячэнні і фінансаванні. Работа на роўных з дзяржаўнымі прадпрыемствамі прадугледжана ў заканадаўстве, але  на самой справе ў рэспубліцы нямала раёнаў, дзе ад фермераў проста адмахваюцца. Крэдытныя рэсурсы – угнаенні, паліва, тэхніка – размяркоўваюцца ім па астаткавым прынцыпе. І калі фермер не мае аўтарытэту або не настойлівы, то ён  нічога не атрымае. Мне ў гэтым плане пашанцавала. Кіраўніцтва райсельгасхарча заўсёды ставіць да ведама, якая ёсць магчымасць і на якіх умовах набыць неабходныя мне матэрыяльныя рэсурсы. Пры неабходнасці я гэтым карыстаюся.

– Папярэдне вы сказалі, што праблем у фермераў узнікае нямала. А хто іх прызваны вырашаць? Наколькі вядома, сёння ў краіне няма ніводнай рэспубліканскай арганізацыі фермераў, якая абараняла б інтарэсы і правы сваіх членаў. Вашы меркаванні аб неабходнасці яе стварэння і, у прыватнасці, Беларускага саюза фермераў.

– Я за стварэнне рэспубліканскага аб’яднання фермераў,  якое абараняла б нашы інтарэсы, адстойвала правы, магло арганізаваць інфармацыйнае забеспячэнне, навучанне, абмен вопытам. Прытрымліваюся думкі, што патрэбна стварыць менавіта раённыя аб’яднанні фермераў. У раёнах фермерскія гаспадаркі рэгіструюцца, працуюць, карыстаюцца льготамі, пералічваюць падаткі ў бюджэт. Планую сёлета сабраць сваіх калег-фермераў і канчаткова вырашыць, ці патрэбны мы адзін аднаму, і пасля станоўчага адказу працаваць у адным ланцужку. Лічу, што нам неабходна абавязкова сустракацца напярэдадні напружаных палявых кампаній, каб абмеркаваць розныя пытанні. Магчыма, камусьці неабходна дапамога, а ўзаемавыручка сярод нас павінна прысутнічаць. Мы самі павінны збірацца і вырашаць праблемы, бо за нас ніхто іх не вырашыць.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *