Клопаты сялянскія

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ПРАФЕСІЯНАЛЫ СВАЁЙ СПРАВЫ

За чатыры месяцы бягучага года на малочнатаварных фермах ААТ «Радзіма Якуба Коласа» атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы па 2134 кілаграмы малака. Гэта чацвёртае месца ў рэйтынгавай табліцы сярод гаспадарак раёна. У лідарах працаўнікі МТФ «Пагарэлае» з надоем 2687 кілаграмаў. Брыгадзір фермы, Герой Сацыялістычнай Працы, праслаўлены ў мінулым аператар машыннага даення Зінаіда Ярашэвіч (на здымку ў цэнтры злева), ужо звыш дваццаці пяці гадоў кіруе калектывам, які пастаянна займае перадавыя пазіцыі не толькі ў гаспадарцы, а і ў раёне. А ў жывёлагадоўлі Зінаіда Пятроўна шчыруе больш за паўстагоддзя. Работнікам фермы, пакуль што адным  сярод  калег, удалося пакарыць дзесяцітысячны рубеж па надоях. І сёлета жывёлаводы прыкладаюць намаганні, каб дасягнуць высокіх паказчыкаў. Стараннасцю вылучаецца Лідзія Рымашэўская (на здымку ў цэнтры справа). Лідзія Аляксандраўна надаіла за мінулы год больш за іншых малака ад каровы і выйшла пераможцам у індывідуальным спаборніцтве. Ладзяцца справы ў аператара машыннага даення Святланы Столп (на здымку справа). Жанчына працуе на малочнатаварным комплексе ў Пагарэлым. Менавіта тут упершыню ў раёне была ўстаноўлена даільная зала з беспрывязным утрыманнем кароў. Святлана Вячаславаўна шчыруе разам з Верай Лабоза, Святланай Есьман і Валянцінай Хомчанка. З пачатку бягучага года руплівіцы атрымалі ў сярэднім ад кожнай каровы звыш 2060 кілаграмаў малака.

Немалы ўклад у паспяховую работу калектыву МТФ «Шахноўшчына» унесены тэхнікам-асемянатарам Эрнай Фішэр. Прыбаўка на карову з пачатку года складае тут 272 кілаграмы, а сярэдні надой – 2121 кілаграм.

Усе гэтыя жанчыны – прафесіяналы ў сваёй справе. Яны прымалі сёлета ўдзел у пятым злёце аператараў машыннага даення сельгаспрадпрыемстваў раёна.

 

ДЛЯ ЗНІЖЭННЯ САБЕКОШТУ

Аптымізацыя травянога поля – аснова высокапрадукцыйнага севазвароту. Гаспадаркам раёна ў гэтым годзе даведзена заданне засеяць і перазалужыць  бабова-злакавымі травасумесямі 7080 гектараў сенажацяў і пашаў, а таксама дадаткова правесці работы яшчэ на 2417 гектарах плошчаў, якія выкарыстоўваюцца больш за пяць гадоў. У асноўным гэта травы інтэнсіўнага тыпу – канюшына, райграс і фестулоліум. Люцэрны ў чыстым выглядзе трэба пасеяць тры тысячы гектараў. Для выканання пастаўленай задачы частка насення набыта з фінансавай падтрымкай райвыканкама. Вырошчваецца насенне і ў гаспадарках раёна, пад гэтыя мэты адведзена каля 400 гектараў. Больш за іншых насеннікаў закладзена ў ААТ «Агранёманскі», «Вялікі Двор» і «Шашкі». Выкарыстанне кармоў з бабовых шматгадовых траў і іх сумесяў са злакамі служыць важнейшым элементам зніжэння сабекошту вытворчасці малака і мяса.

 

ЗАСТАЕЦЦА ЗАПАТРАБАВАНАЙ

У гаспадарках раёна сёлета пасеяна звыш 7700 гектараў кукурузы – прыкладна столькі, колькі і ў папярэднія гады. І хоць стаўка ў вытворчасці кармоў зараз робіцца на таннейшыя ў некалькі разоў травяныя, зменшыць плошчы пад гэтай прапашной культурай, не пасеяўшы ў дастаковай колькасці шматгадовых траў, пакуль немагчыма. Вырошчваецца кукуруза толькі па зерневай тэхналогіі. Высявалася насенне ў асноўным беларускай селекцыі, у прыватнасці, гібрыды «мос», «палескі», «алмаз».  А таксама раяніраваныя ў Беларусі малдаўскі «парумбель», расійскі «краснадарскі», некалькі сартоў французскай селекцыі. Нягледзячы на тое, што «каралева палёў», па прычыне дарагавізны вырошчвання, вымушана саступіць свае пазіцыі ў кормавытворчасці, яна па-ранейшаму застаецца запатрабаванай. У ААТ «Агранёманскі» і «Радзіма Якуба Коласа» закладзены доследныя палі для ацэнкі ўраджайнасці сартоў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара і Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *