«Я адзін з першых дзяцей спаленай вёскі»

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Генрых Далідовіч напісаў нямала выдатных твораў у розных жанрах пра сучаснасць –  сваіх родных, аднавяскоўцаў, настаўнікаў, – аб’ёмісты, без перабольшвання, бліскучых  апавяданняў пра каханне. Шмат увагі ўдзяліў гістарычнай тэме, у прыватнасці, станаўленню беларускай дзяржаўнасці. Як аднавясковец Генрыха Вацлававіча магу падцвердзіць: ён – шчыры патрыёт, пясняр нашай Налібаччыны, якую натхнёна і глыбока ўвёў у сілавое поле былой і цяперашняй рэчаіснасці ўсёй Беларусі.

У розных энцыклапедыях зазначана, што пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Янкавічы (Стаўбцоўскі раён). Але пачаць аповед пра земляка трэба ад удакладнення. Ён пабачыў  свет у зямлянцы на хутары Амшарок, што знаходзіўся за два кіламетры ад Янкавіч, і з 1961 года ўжо не існуе.

СЫН ЯЕ ВЯЛІКАСЦІ НАЛІБАЦКАЙ ПУШЧЫ

Вёску Янкавічы ўлетку 1943 года спалілі акупанты, а мясцовы люд пагналі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Бацька будучага пісьменніка Вацлаў здолеў больш чым па саракакіламетровай дарозе да стаўбцоўскай чыгункі ўцячы з-пад канвою, туляўся ў бежанстве, а пасля вызвалення родных мясцін  разам таксама з бежанкай, маладой жонкай Янінай, вярнуўся «дадому». Да амаль цалкам згарэлых некалішніх будынін, размытых дажджом печаў. Некаторыя нюансы тагачаснага лёсу вёскі і хутара, бацькоў Генрых Далідовіч апісаў у апавяданні «Спечаныя яблыкі на галінах», у аповесці «Жывы покліч», а ў цыкле аўтабіяграфічных мініяцюр «Сярод лесу, сярод поля» даў дакументальныя рыскі: «Бацька сумеўся сяліцца на дзедаўшчыне – на папялішчы ў пустэльнай, адзічэлай, па начах нават прывіднай вёсцы, падаўся, як раней i ягоныя бацькі, на хутар, у Амшарок. Там зладзіў зямлянку – выкапаў яміну, абклаў яе падвалінамі, абставіў жэрдкамі, абкрыў ix галлём, кавалкамі з цёмна-зямлістага дзірвана. З ацалелай цэглы былой печы зляпіў грубачку з плітой, змайстраваў з плашак стол, ляжак, на ім матрац з сенам.

У гэтым «хораме» i нарадзіўся 1 чэрвеня 1946 года першынец, як у нас кажуць, Гэнік – адзін з першых хлопчыкаў у вёсцы і на хутары, што пачалі пакрыху адраджацца (за ім ужо ў хаціне народзяцца яшчэ дзве сястры і два браты, самая малодшая сястра, жартуе Далідовіч, самая цывілізаваная: заявіцца не дома, пры лучыне, пры павітусе, а ў бальніцы і пачне жыць у вёсцы з электрычнасцю). Гэніку з пятага класа па дзясяты прыйшлося хадзіць у школу за 7 км (аўтобусы тады не хадзілі, а снежнымі  зімамі – і грузавікі, пад’ехаць можна было толькі на прычэпе гусенічнага трактара. Але запакінуты куток зямлі не стаў ад гэтага нялюбым, больш – часамі трывожна, часамі хораша сніцца яму і сёння, таму зноў і зноў ажывае на новых старонках.

ПЕРШЫЯ ЛІТАРАТУРНЫЯ ЎРОКІ

Ахвотны да чытання юны хутаранец  асвоіў азбуку яшчэ да пяці гадоў.  Бацькі, якія хадзілі ў школу «за польскім часам», навучылі чытаць па-польску. Родную пісьмовую мову ён спазнаў у першым класе Янкавіцкай пачаткоўкі. У Амшарку ўсе насельнікі пражылі 15 гадоў, а пасля пры палітыцы  дэхутарызацыі мусілі  вяртацца ў вёску, якую пакінулі пры польскай уладзе і яе палітыцы хутарызацыі. У Янкавічах у класе сёмым Гэнікавы заметкі пачалі друкаваць у раённай «Ивенецкой правде», праз год-два ён – пазаштатны карэспандэнт стаўбцоўскага «Праменя», з 10 класа – «Сельской газеты». Старшакласнікам  у поўным сэнсе вобмацкам пачаў спрабаваць свае здольнасці ў прозе, дасылаць іх у любімы часопіс «Маладосць». Адтуль Міхась  Стральцоў, Вячаслаў  Адамчык пісалі яму лісты, знаходзілі ў яго творах некаторыя ўдалыя задумы, асобныя сцэны, словы і сказы, падказвалі, што трэба пазбягаць агульнавядомага і штучнага, вельмі ж ужо надуманага, раілі больш асэнсоўваць жыццё роднай вёскі, характары, паводзіны аднавяскоўцаў. Аўтар, вядома, засмучаўся, што не ўцэльвае ў сапраўднае, і, зразумела, нават падумаць не мог, што праз пэўны час  стане намеснікам галоўнага рэдактара, а пасля і галоўным гэтага паважанага дэмакрытычнымі коламі, моладдзю выдання.

«Стральцоў і Адамчык пісалі мне, што напачатку, калі малады нявопытны аўтар пачынае пісаць, то міжволі ікмкнецца пераймаць таго, хто ім падабаецца (я – Якуба Коласа). І яны падкрэслівалі: у цябе там багатае жыццё, цікавыя людзі і розныя мясцовыя падзеі, адпаведна, ты не пераймай кагосьці і лішне не сачыняй, апішы тое, што ёсць, што ты сам бачыш і чуеш. Апішы бабулю, якая прыходзіць да вас у госці з бліжэйшага хутара, пра што і як яна расказвае,  як збіраюцца і пра што гавораць суседзі. Гэтая парада мне вельмі была дарэчы. У адных  з першых апавяданняў пад агульнай назвай  «Цяпло на першацвет» я падрабязна апісаў некаторыя моманты са свайго  маленства, цяжкую, але загартоўчую працу з бацькам у кузні, сваю радасць, калі мне купілі першы касцюм, каб хадзіў у школу апрануты «па-людску». Калі ў самім  «Полымі» надрукавалі гэты трыпціх, я нават здзівіўся, што столькі ўхвальных водгукаў, што твор прызналі лепшым у жанры апавядання за год і прысудзілі за яго прэмію».

Калі пачыналася перабудова і пісьменнікі адчулі сябе свабадней, Генрых Вацлававіч не толькі яшчэ і яшчэ раз палічыў патрэбным звярнуцца да заходнебеларускай тэмы, напісаць пра тое, пра што і сам не пісаў, і іншыя мала закраналі. У выніку з’явіўся раман «Заходнікі», за які аўтару была зноў прысуджана палымянская прэмія, а ў 1976-м – Дзяржаўная. 

«СВАІМІ ТВОРАМІ Я АДДАЮ ДАНІНУ СТАРОЙ ВЁСЦЫ»

 Генрых Далідовіч прыгадвае:

«Бабуля – маміна мама – у 1956 годзе мелася разам з сынамі і іхнімі дзецьмі выехаць у Польшчу са свайго хутара Ляйтаркі (цудоўныя былі мясціны, а цяпер там суцэльны падрослы лес), але пасля перадумала і вырашыла застацца пры адзінай дачцэ. Нашай маме Яніне. Паколькі гэтая бабуля трымала маленькую гаспадарку, то я, як старэйшы ўнук, ёй дапамагаў. Дровы калоць, сена касіць.  Калі не трэба было хадзіць у школу, то я там і начаваў. Яна мне расказвала вечарамі столькі розных бываліц, што часам я нават засынаў пад яе аповеды: хто з кім кахаўся, а каго з кім бацькі не дапускалі асямеіць. Я шмат даведаўся ад яе пра наш старэйшы люд, але і думаць не думаў, што пасля мне ўсё гэта спатрэбіцца. У прыватнасці,  мой раман «Гаспадар-камень – гэта адзін з трох раманаў пра ўтварэнне дзяржаўнасці Беларусі ў XX ст. У першай кнізе больш побытавага, мне хацелася паказаць жыццё ў звычайнай налібацкай вёсцы. Эпізоды, дзе апісваюцца людзі, хутары і вёска, то я напісаў гэта дзякуючы таму, што мне расказала бабуля. Яна была вясковым акадэмікам па разуменні жыцця, чалавечых дум і пачуццяў. І пры гэтым яна не павучала, а разважала, тлумачыла. У яе, напрыклад,  было не толькі слова «трава», яна ведала назву кожнай травінкі, яна ведала ўсе зёлкі і што чым лячыць. Яна ведала ўсе назвы грыбоў. Дзякуючы ёй я спазнаў тое, што патрэбна кожнаму чалавеку, а пісьменніку асабліва. Але з яе расказаў пра  вайну я стараўся не пісаць (апроч спалення хутароў і вёскі ў 1943-м): у  нашай  літаратуры пра яе столькі напісана на высокім узроўні, што я б там нічога новага не сказаў. Хоць зведваю віну, скажам, перад Налібакамі, дзе ў адзін дзень вайны там быў забіты не адзін дзясятак людзей. І не фашыстамі ды паліцэйскімі. І мая будучая маці была таму сведкай. І ад таго, што бачыла ручаёк крыві, што цёк вуліцай, анямела, раптоўна пасівела, а пазней зведала жудасныя сны…  Так што тэматыка старой вёскі яшчэ зусім не вычарпаная…». 

Дзмітрый ГУРНЕВІЧ(урывак з эсэ)

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *