Каб Стаўбцоўшчына была прыгожай

Добраўпарадкаванне Нумары

КАСІ СЁННЯ, НЕ АДКЛАДВАЙ НА ЗАЎТРА

Сёння – яшчэ цярпіма, заўтра – ужо не нармальна. Прыкладна такая сітуацыя складваецца гэтымі днямі з абкошваннем горада. Стаіць цяпло, і паліваюць дожджыкі, таму трава расце вельмі хутка. «Асвяжаць» пакос вакол сваіх дамоў і прадпрыемстваў неабходна пастаянна, без старонніх  напамінкаў.

Да жыхароў мікрараёна Акінчыцы, куды мы накіроўваемся, прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні. Да прыкладу, вуліца Сянкевіча – транзітная, турысцкая, яна вядзе на радзіму Якуба Коласа. Каб пра нас дрэнна не думалі госці нашага раёна, уладальнікам сядзіб трэба своечасова падкошваць прылеглую тэрыторыю. Аднак не ўсе гэта разумеюць. На момант рэйду на вуліцах Сянкевіча, 23, Коласаўскай, 16, Касценчыка,13, і іншых трава не была скошана. На вуліцы Касценчыка, 9, работа пачата, але не даведзена да канца. На вуліцы Лясной жыльцы патурбаваліся пра парадак, таму і вылучаецца адзін, «не такі, як усе», дом № 5. На вуліцы Інтэрнацыянальнай, побач з трансфарматарнай падстанцыяй, з’явілася смецце. З вясны на гэтай тэрыторыі быў наведзены парадак, аднак нехта з прахожых ізноў узяўся за старое.

– Як можна назваць такога чалавека, – акцэнтуе ўвагу ўрач-гігіеніст Наталля Рык, – калі паўсюдна ў населеных пунктах раёна ўстаноўлены кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў, курсіруе машына аб’яднання камунальных службаў для іх цэнтралізаванага збору?..

Праблемы не знікаюць і з асобнымі жыльцамі вуліцы А. Кашавога. Да іх дамоў з тыльнага боку падступае лясны масіў. Цудоўная зялёная зона. Некаторыя паставілі тут альтанку, акультурылі гэты куточак для адпачынку – люба паглядзець. Але ёсць і адваротныя прыклады, калі на прыхопленых грамадскіх землях «разводзіцца» антысанітарыя, міні-звалкі.

Не дае пакою, у тым ліку і жыльцам бліжэйшых дамоў, непарадак на скрыжаванні трох вуліц – Мамантава, Ракасоўскага і Горкага. Гэты ўчастак зямлі раней быў аддадзены пад будаўніцтва аб’екта, аднак работы закончыліся на ўзроўні фундамента, які… хаваецца ў траве. Наталля Рык прыгадвае: «У мінулым годзе прыйшлося прымушаць уласніка абкошваць, сёлета – ізноў тая самая праблема».

З тыльнага боку неабходна своечасова абкошваць свае ўчасткі і жыхарам вуліцы Зялёнай. Мяркуючы па назве, менавіта гэтая вуліца прэтэндуе выглядаць як акуратна падстрыжаны гарадскі газон. А што насамрэч? Трава буяе вакол трансфарматарнай падстанцыі, на прылеглай да чыгуначных пуцей тэрыторыі, вакол аўтастаянкі. Прэтэнзіі ўзніклі не толькі да чыгуначнікаў, а і да камунальнікаў, за якімі замацаваны абочыны. Аднак на гэтай вуліцы знайшоўся і добры прыклад – стаўбцоўскі цэх ААТ «Белуторчармет», які сочыць за парадкам на сваёй прылеглай тэрыторыі.

Вуліцу Свярдлова, ды і ў цэлым наш горад, упрыгожыў з нядаўніх пор будынак кампаніі «Галерея вкуса». Пасля мадэрнізацыі ён выглядае вельмі стыльна, сучасна. Зразумела, нададзена вялікая ўвага пытанням добраўпарадкавання і далучэння будынка да гарадскога ландшафту. Калі пустуючыя будынкі (раней гэта быў малочны завод) спасцігае такі шчаслівы лёс – вельмі добра. Падобных пераўтварэнняў хацелася б пажадаць і суседняму з ім будынку – былому магазіну сістэмы «Дорорс». Парадак вакол быў наведзены толькі пасля ўмяшальніцтва санітарнай службы. Падчас раённага суботніка вялася ўборка вуліцы Свярдлова, моцна запясочанай. Дарэчы, сляды суботніка нельга не заўважыць і побач з домам ЖБК «Бярозка» – жыльцы высадзілі зялёную зону з кустоў-экзотаў.

Увогуле ў шматпавярховым мікрараёне неабходна аднаўляць пакос вакол фактычна ўсіх дамоў. Паміж дамамі – шмат  так званых нічыйных «трохвугольнікаў». Хто іх будзе касіць – невядома. Нярэдка «грыўкі»  застаюцца і каля прыпаркаваных аўтамабіляў, у сувязі з чым варта нагадаць: вадзіцелі самі павінны прыбіраць вакол свайго транспарнага сродку ў радыусе аднаго метра. Уласнікам гаспадарчых пабудоў, у прыватнасці, паміж вуліцамі Калініна  і Ленінскай, якія не спяшаюцца брацца за касу, Наталля Рык нагадвае:

– У аб’яднання камунальных службаў дастаткова вялікая тэрыторыя для абкосу.  Жыльцам не трэба чакаць, а неабходна аказваць пасільную дапамогу ў навядзенні парадку вакол сваіх пабудоў.

На здымках: будынак кампаніі «Галерея вкуса» ўпрыгожыў вуліцу Свярдлова і наш горад; зона адпачынку на вуліцы А. Кашавога, створаная рукамі жыльцоў; жыльцы ЖБК «Бярозка» высадзілі дэкаратыўныя кусты-экзоты; у каго пад балконам – кветкі, а ў каго – трава ў пояс (вуліца Энгельса); зарасла трансфарматарная падстанцыя Беларускай чыгункі (вуліца Зялёная); адсутнічае парадак ля аднаго з дамоў па вуліцы А. Кашавога.

У рэйдзе ўдзельнічалі: Наталля РЫК, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі; Таццяна ПЯТКЕВІЧ, наш кар.

 

НАЙПЕРШ – ГРЭЙДЗІРАВАННЕ

Для жыхароў сельскіх населеных пунктаў, ды і для гараджан, якія пражываюць не на цэнтральных вуліцах Стоўбцаў, адным з актуальных пытанняў добраўпарадкавання застаецца грэйдзіраванне.

На працягу сезона выконваць гэтыя работы дарожнікам ДРБУ № 135, камунальнікам прыходзіцца не адзін раз, а калі яшчэ зачасціць непагадзь з дажджамі, то яміны на дарогах і вуліцах можна раўняць хоць кожны тыдзень. Нельга абысці ўвагай і якасць грэйдзіравання. Бывае вельмі непрыемна, калі вуліца ці дарога ў цэлым «прапрасавана», выраўняна, аднак засталіся выбітымі асобныя ўчасткі (каля дарожных указальнікаў і т. п.) ці якая-небудзь малапрыкметная вулічка, завулак увогуле прапушчаны. Нараканні выклікае і тое, што пасля грэйдара часам застаюцца камяні.   

– Грэйдзіраванне вуліц і дарог прайшло ў нас у красавіку. Ехаць па іх можна, асаблівых скаргаў ад людзей не паступала, – адзначае старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач. – Былі ахоплены літаральна ўсе вёскі. У кагосьці аб’ёмы работ меншыя, у некаторых – большыя (напрыклад, Мешычы, дзе ў гравійным выкананні пераважна ўсе вуліцы і дарогі). Найбольш пытанняў узнікае па населеных пунктах вакол Рочавічаў. У такіх вёсках, як Барздзі, Гурнаўшчына патрэбны рамонт дарог, іх падсыпка, перш чым грэйдзіраванне. Крытычных сітуацый у нас няма, аднак ёсць праблема з грэйдзіраваннем у аграгарадках. Абслугоўванне іх вуліц перададзена аб’яднанню камунальных службаў.

Як вядома, у камунальнікаў на ўсе аграгарадкі раёна – адзін грэйдар. Нядаўна АКС закупіў спецыяльны «нож», які ўстанаўліваецца на бульдозер. Пасля пераўстаноўкі гэтая тэхніка выйдзе на дарогі і вуліцы.

Для добраўпарадкавання дарог на тэрыторыі Літвенскага сельсавета ДРБУ № 135 завяршыла сёлета асфальтаванне аўтадарогі Літва–Куль–Пятрылавічы з абсталяваннем у Слабодцы двух прыпыначных пунктаў. Аднак застаецца праблема ў Кунашах, дзе няма нармальнай пад’язной дарогі да вёскі. Яе жыхары вымушаны карыстацца ўнутрыгаспадарчай дарогай, якая вядзе да малочнатаварнай фермы.

– На даны момант гэты праезд падсыпаны, падраўняны, але ў перспектыве ён будзе зачынены, – удакладняе Тадэвуш Галавач. – Разам з майстрам, дырэктарам ДРБУ № 135 выязджалі на месца, каб прыняць рашэнне па гэтай праблеме. Дарожнікі ідуць насустрач – мяркуецца ўключыць будаўніцтва данага ўчастка дарогі ў план работ на 2017 год.  

Пра грэйдзіраванне вуліц у райцэнтры і аграгарадках расказаў начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан:

– Пасля зімы ўсе вуліцы, якія знаходзяцца на нашым абслугоўванні, прагрэйдзіраваны і прыведзены ў парадак. У райцэнтры гэта каля 24 км вуліц і дарог у гравійным выкананні, амаль 21 км – у грунтовым, у аграгарадках – амаль 20 км і 13 км адпаведна. Грэйдар быў задзейнічаны на іх на працягу месяца. Асобныя ўчасткі ўжо пагрэйдзіраваны два-тры разы. Безумоўна, многім, а асабліва стаўбчанам, хацелася б, каб у нас усе вуліцы і завулкі былі добраўпарадкаваны грунтоўна – з дапамогай асфальтавага пакрыцця. Аднак выдзяленне фінансавых сродкаў значна адстае ад існуючых патрэбнасцяў. Акрамя таго, неабходна праводзіць ямачны рамонт на вуліцах і дарогах з асфальтавым пакрыццём.

Ямачным рамонтам займаюцца ў АКС работнікі ўчастка па добраўпарадкаванні пад кіраўніцтвам Валерыя Красоўскага, брыгадзіра Анатоля Покі. На грэйдары працаваў Уладзімір Звярынскі. Надышла сенакосная пара, таму сваю тэхніку ён змяніў на касілку. Абкошвае гарадскія вуліцы і прысядзібныя тэрыторыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *