Актуальна пра бяспеку

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

ПАЧЫНАЮЦЦА КАНІКУЛЫ

Паралельна некалькі важных прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне здарэнняў з дзецьмі, прайшло на Стаўбцоўшчыне апошнімі веснавымі днямі.

Пачынаецца лета, а з ім – і працяглыя летнія канікулы, калі дзеці, вольныя ад школьных заняткаў, будуць бавіць значную частку дня на вуліцы і, цалкам магчыма, без дастатковага кантролю з боку бацькоў. У сувязі з гэтым тэма дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму набывае актуальнасць. З улікам яе значнасці і з увагай да той абстаноўкі, якая складваецца на дарогах,  з 25 мая па 5 чэрвеня праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў – «Увага! Дзеці». Акрамя таго, 27 мая ў нашым раёне прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху, дэвіз якога – «У дарогі няма канікулаў» – таксама гаворыць сам за сябе.

Аналіз сведчыць, што асноўнымі прычынамі няшчасных выпадкаў з удзелам дзяцей – як пешаходаў, так і веласіпедыстаў – выступаюць іх асабістыя бяспечнасць, няўважлівасць ды слабое валоданне Правіламі дарожнага руху. Сярод умоў учынення дарожных аварый – знаходжанне дзяцей-веласіпедыстаў ва ўзросце да 14-ці гадоў на дарогах агульнага карыстання, а таксама невыкананне бацькамі абавязкаў па выхаванні дзяцей і прывіцці ім навыкаў бяспечных паводзін на дарозе.        

Да прыкладу, у ліпені 2015 года вучаніца Засульскай школы пры выхадзе з рэйсавага аўтобуса, парушаючы ўстаноўленыя правілы, абышла яго спераду, пасля чаго выйшла на праезджую частку. У ходзе праверкі ўстаноўлена, што ДТЗ адбылося па віне дзіцяці, хаця ўстановай адукацыі была прадастаўлена інфармацыя, што з вучнямі, у тым ліку і з пацярпелай, быў напярэдадні летніх канікулаў праведзены поўны комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, а бацькі былі азнаёмлены пад роспіс з патрабаваннямі адносна дарожнай бяспекі сваіх дзяцей.

Яшчэ адзін выпадак здарыўся ў верасні 2015 года з вучнем школы № 3 г. Стоўбцы. Кіруючы веласіпедам, ён выехаў на абазначаны пешаходны пераход па вуліцы Ленінскай, дзе і пацярпеў ад наезду аўтамабіля. Разам з тым, Правіламі дарожнага руху дакладна вызначана, што веласіпедыст пры перасячэнні праезджай часткі дарогі па пешаходным пераходзе абавязаны спешыцца.    

Турбуе нас і бяспека дзяцей-пасажыраў. З пачатку года на дарогах Мінскай вобласці зафіксавана 11 ДТЗ з удзелам гэтай катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху. У пяці ДТЗ пацярпелыя дзеці не былі прышпілены рамянямі бяспекі, а малалетнія пасажыры знаходзіліся ў салоне аўтамабіля без спецыяльных аўтакрэслаў.

Так, у чэрвені мінулага года жыхар раёна, які кіраваў матацыклам ММВЗ, на скрыжаванні аўтадарог не аддаў перавагу руху транспартнаму сродку, які знаходзіўся на галоўнай дарозе. У выніку, адбылося сутыкненне, ад якога пацярпеў непаўналетні пасажыр матацыкла.    

У перыяд спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў «Увага! Дзеці» нарады дарожна-патрульнай службы нацэлены на выяўленне парушэнняў правілаў перавозкі дзяцей-пасажыраў, а таксама парушэнняў Правілаў дарожнага руху з боку дзяцей-пешаходаў. Пасля заканчэння акцыі мы намераны арганізоўваць на працягу летніх канікулаў рэйды ў мэтах кантролю за выкананнем дзецьмі Правілаў дарожнага руху.

Руслан ХАРУТА,намеснік начальніка райаддзела міліцыі – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі

 

УЗМАЦНІЦЬ МЕРЫ БЯСПЕКІ Ў ШКОЛАХ

Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч лічыць неабходным узмацніць меры бяспекі ў школах. Аб гэтым ён заявіў 25 мая журналістам.

Адказваючы на пытанне наконт нядаўняга нападзення вучня на настаўніка ў адной з мінскіх школ, міністр сказаў: «Ёсць сусветная практыка рэагавання на такія выпадкі, абароны выкладчыкаў. Гэта ўнутраная ахова школы, сістэма забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці навучальнай установы. На жаль, сёння мы часта грэбуем такімі агульнапрынятымі спосабамі».

Ігар Шуневіч паведаміў, што праваахоўнікі знайшлі прыладу злачынства, якая была выкарыстана пры нападзенні на настаўніка, – нож.

Міністр падкрэсліў, што гэты выпадак нетыповы для Беларусі. «Ён сітуацыйны ў большай ступені, чым маючы нейкую сур’ёзную аснову. Тым больш што вучань характарызаваўся станоўча, – сказаў кіраўнік МУС. – Прэцэдэнт створаны. Будзем думаць, як пазбегнуць такога ў далейшым». Ігар Шуневіч мае намер абмеркаваць гэтую тэму з міністрам адукацыі.

Як паведамлялася, 23 мая ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску ўзбудзіла крымінульную справу па ч.1 арт. 14 і ч.1 арт. 139 КК (замах на забойства). «Папярэдне ўстаноўлена, што 23 мая каля 08.30 жанчына-настаўнік па тэлефоне паведаміла дачцэ, што адзін са старшакласнікаў нанёс ёй удар у шыю неўстаноўленым вострым прадметам», – растлумачылі ў Следчым камітэце.

БелТА

 

ПАЦЯРПЕЛІ ДЗЕЦІ. ЯКІЯ ВЫСНОВЫ?

У павестку дня аднаго з апошніх пасяджэнняў раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях вынесены арганізацыя і якасць правядзення прафілактычнай работы, накіраванай на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх, у тым ліку дзяцей.

– Тэма гэтая актуальная заўсёды, тым больш, у пярэдадзень летніх канікулаў, – адзначыў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын. – Аднак яе злабадзённасць на Стаўбцоўшчыне на даны момант падкрэсліваюць канкрэтныя факты. У маі ў Яблынаўцы пацярпеў на пажары 14-гадовы падлетак, у Цеснавой здарылася трагедыя – на пажары загінулі дзевяцігадовы хлопчык і яго маці.    

Першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Полацкі, які выступіў па гэтым пытанні, пачаў са статыстыкі. З пачатку года ў рэспубліцы здарылася 2 111 пажараў, на якіх абарваліся жыцці 239 чалавек, у тым ліку траіх дзяцей, у Мінскай вобласці – 543 пажары з 78 загінуўшымі, у тым ліку адным дзіцем, на Стаўбцоўшчыне – 17 пажараў з чатырма загінуўшымі, у тым ліку адным дзіцем…

Відавочна, што наш дзевяцігадовы хлопчык з Цеснавой «адкрыў» сумную статыстыку дзіцячай гібелі на Міншчыне. Жудаснае «першынство» Стаўбцоўшчыны… Матэрыял па гэтым факце ўжо перададзены ў раённы аддзел Следчага камітэта. Прычына трагедыі ўстанаўліваецца, аднак найбольш верагоднай застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Зразумела, што пасля бою кулакамі не махаюць, аднак некаторыя высновы з гэтай трагедыі можна зрабіць ужо сёння.

У першую чаргу, суб’ектам прафілактыкі варта звярнуць увагу на сем’і з непаўналетнімі дзецьмі, якія раней прызнаваліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Неабходна скласці спісы іх, пабываць у кожнай. Сітуацыя там пасля праведзенай рэабілітацыі павінна быць нармальнай, аднак лепш лішні раз пераканацца ў гэтым. Пракантраляваць, што бацькі або нехта з іх не «раскадзіраваўся», выконваюць правілы пажарнай і іншай бяспекі, а жыццю дзяцей нішто не пагражае. Вельмі крыўдна, калі нечыя недапрацоўка, упушчэнне зводзяць да нуля мэтанакіраваную і – нярэдка – шматгадовую працу з сям’ёю ўсіх суб’ектаў прафілактыкі (з сям’ёю ў Цеснавой яна вялася фактычна з 2002 года, калі прызнаваліся ў сацыяльна небяспечным становішчы двое старэйшых дзяцей). Калі пра сям’ю «забылі», здарылася трагедыя.

– Яшчэ раз вывучыце закон «Аб прафілактыцы правапарушэнняў», Дэкрэт № 18 і дзейнічайце згодна з патрабаваннямі гэтых дакументаў, – звярнуўся да прадстаўнікоў службаў і арганізацый, суб’ектаў гаспадарання раёна Валерый Ілюшын.  

У полі пільнага зроку – і ведамаснае жыллё. Сям’я з Цеснавой, што загінула, жыла ў доме, выдзеленым мясцовай гаспадаркай. Гаспадаркай заменена ў ім электраправодка, адрамантавана пячное ацяпленне. Былі ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. «Аднак гэты прыклад – хутчэй выключэнне», – тлумачыць Валерый Ілюшын, маючы на ўвазе тое, што сельгаспрадпрыемствамі нярэдка выдзяляецца наёмным работнікам такое жыллё, у якім знаходзіцца небяспечна, а не толькі пражываць. Выяўлены недапушчальныя выпадкі – пражыванне работнікаў на вытворчых аб’ектах. Падыход такі, што за агульны стан ведамаснага жылля нясе адказнасць асоба, замацаваная прадпрыемствам, за рэжымныя пытанні – самі жыльцы.

Размова зайшла і пра лядашчыя будынкі, пясчаныя кар’еры, якія могуць уяўляць пагрозу жыццю і здароўю людзей. Асноўныя патрабаванні: яны павінны быць абследаваны і прыняты меры па абмежаванні доступу да іх. Акрамя таго,  былі закрануты пытанні пажарнай бяспекі пры нарыхтоўцы грубых кармоў. Абмеркаваны і план работы камісіі на другое паўгоддзе.

Валерый Ілюшын заклікаў усе прадпрыемствы раёна прыняць удзел у спаборніцвах санітарных дружын, якія пройдуць у пачатку чэрвеня.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ       

 

ГАТОЎНАСЦЬ ДА КУПАЛЬНАГА СЕЗОНА

У сувязі з набліжэннем купальнага сезона раённай санітарнай службай узмоцнены кантроль за утрыманнем зон рэкрэацыі.

На Стаўбцоўшчыне праведзена вялікая работа, каб зоны масавага адпачынку на вадаёмах сустрэлі адпачываючых поўнасцю падрыхтаванымі. Акрамя стварэння на пляжах неабходнай інфраструктуры і навядзення парадку, даследаваны пробы вады. Усе яны сведчаць, што купацца ў вызначаных зонах масавага адпачынку можна, прычым з карысцю для здароўя, таму што якасць вады на іх не выклікае трывогі за здароўе адпачываючых.  

Нагадаем, што рашэннем райвыканкама ўсе сем зон масавага адпачынку на вадзе былі замацаваны за суб’ектамі гаспадарання, распрацаваны мерапрыемствы па іх падрыхтоўцы да купальнага сезона-2016. З боку санітарнай службы суб’ектам былі накіраваны рэкамендацыі. Для аказання метадычнай дапамогі прайшла нарада з усімі зацікаўленымі. Да актыўных дзеянняў падштурхнулі і рэйдавыя мерапрыемствы па зонах масавага адпачынку на вадзе, арганізаваныя санітарнай службай сумесна з прадстаўнікамі раённай арганізацыі АСВОД, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Так, было выяўлена, што на возеры Кромань незавершаны пакос травы на тэрыторыі, прылеглай да пляжа. Па выніках рэйду НТВК «Аналіз-Х» ліквідавала гэты недахоп у вызначаны тэрмін.

– У цэлым, у ходзе сёлетняй падрыхтоўчай кампаніі не прыйшлося складаць адміністрацыйныя пратаколы і выдаваць прадпісанні, – адзначае ўрач-гігіеніст Наталля Рык, – дастаткова аказалася адных рэкамендацый.        

Пр

 

«МАКАВАЯ» АДКАЗНАСЦЬ

З 1-га чэрвеня па 15-га верасня на тэрыторыі раёна праходзіць спецыяльная праграма «Мак», закліканая не дапусціць распаўсюджання наркотыкаў расліннага паходжання – маку і канопляў.

У летні перыяд найбольш даступным сродкам для вырабу наркотыкаў з’яўляецца опій, які ўтрымліваецца ў раслінах маку. Мак і каноплі аднесены да наркаўтрымліваючых раслін, за пасеў і вырошчванне якіх прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Згодна з артыкулам 16.1 КоАП Рэспублікі Беларусь пасеў або вырошчванне забароненых раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі, цягне накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь (4 200 000 рублёў). Артыкул 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае штраф ці арышт да шасці месяцаў, або абмежаванне волі тэрмінам да трох гадоў за пасеў ці вырошчванне з мэтай збыту, вырабу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, забароненых да вырошчвання раслін і грыбоў, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы.

Усіх, каму вядомыя факты захоўвання, вырабу, збыту і ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, а таксама месцы вырошчвання маку і канопляў, просім паведаміць пра іх у раённы аддзел унутраных спраў па тэл.: 5-11-71, 5-11-98 або 5-19-15. Ананімнасць гарантуем.

Яўген КУРЫЛА,старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *