Майскія конкурсы

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

ФАНФАРЫ НАДНЯМОННЯ

Сярод традыцыйных конкурсаў, якія праводзяцца на Стаўбцоўшчыне, – і міжрэгіянальны конкурс выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах «Фанфары Наднямоння». У гэтым годзе ён прайшоў дзявяты раз і супаў са святкаваннем 60-гадовага юбілею народнага аркестра Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў «Віціны».

Гэта надало конкурсу асаблівую афарбоўку, значнасць. Чаго варты хоць бы такі факт: склад журы быў міжнародны. Майстэрства юных выканаўцаў ацэньвалі прафесары музыкі, дзеячы мастацтваў, кіраўнікі знакамітых духавых аркестраў з нашай краіны, а таксама з Латвіі, Польшчы, Расіі, у ліку іх народны артыст Беларусі Міхаіл Берсан.

На конкурс у Стоўбцы прыбылі 104 юныя ўдзельнікі з амаль усіх абласцей Беларусі. У ліку іх – выхаванцы сур’ёзных музычных школ Мінска, Брэста, Магілёва, Гродна, Гомеля. На сцэне конкурсныя нумары выконвалі юныя музыкі з Латвіі, Польшчы, Расійскай Федэрацыі. Вельмі прадстаўніча выглядала Стаўбцоўская школа мастацтваў: з 24-х прадстаўленых канкурсантаў 17 атрымалі лаўрэацкія дыпломы.

Загадчык аддзялення духавых інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, мастацкі кіраўнік і дырыжор народнага духавога аркестра «Віціны» Аляксандр Нічыпаровіч адзначае, што ў сучасны момант на аддзяленні назіраецца яркі творчы пад’ём, падабраўся вельмі таленавіты склад выкладчыкаў, якія самааддана працуюць з вучнямі. Аддзяленне наведваюць 120 юных талентаў. У ліку іх нямала здольных дзяцей, якія сумелі не адзін раз ужо пацвердзіць свой талент  на міжнародных, рэспубліканскіх і іншых творчых конкурсах і фестывалях, атрымліваючы ўзнагароды за высокае выканальніцкае майстэрства на духавых інструментах.

На конкурс «Фанфары Наднямоння» падрыхтавалі канкурсантаў шэсць выкладчыкаў духавога аддзялення: Аляксандр Нічыпаровіч, усе чатыры вучні якога атрымалі лаўрэацкія дыпломы, Уладзімір Татарыцкі, Сяргей Лубчонак, Вольга Ярмак, Арцём Ярмак і Раман Бець, які падрыхтаваў на конкурс найбольш выканаўцаў, дапамог асвоіць складаную конкурсную праграму сямі вучням, і ўсе яны адзначаны паважаным журы лаўрэацкімі дыпломамі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ФІНАЛ КОНКУРСУ

Завяршыўся Рэспубліканскі прафсаюзны конкурс творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны–2016». Праект Беларускай федэрацыі прафсаюзаў праходзіў у тры этапы.  Пераможцам раённага этапу ў нас стала загадчыца Слабадскога клуба-бібліятэкі Людміла Віцько. Са сваімі мастацкімі работамі – вырабамі з газетнай лазы – яна ўдзельнічала ад Стаўбцоўшчыны ў абласным этапе, які прайшоў ва Уздзе.

А наогул у рэспубліканскім конкурсе «Новыя імёны Беларусі–2016» прыняло ўдзел каля 40 тысяч чалавек – людзей розных прафесій, розных сфер дзейнасці. Гала-канцэртам у Палацы культуры прафсаюзаў завяршыўся рэспубліканскі этап конкурсу. Перад гледачамі выступілі 26 выканаўцаў і калектываў – пераможцы абласных і Мінскага гарадскога этапаў конкурсу. З работ фіналістаў конкурсу ў намінацыі «Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» была арганізавана выстава, якую маглі наведаць усе жадаючыя.

Галіна ЛУКАШЭВІЧ,старшыня раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

 

ШТРЫХІ НОВАГА ПАКАЛЕННЯ

Адбыўся раённы этап абласнога конкурсу сучаснага мастацтва «Новае пакаленне. Сучасны дзень». Для ўдзелу ў ім былі запрошаны дзеці-сіроты, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Конкурс арганізаваў Беларускі дзіцячы фонд.

Актыўны ўдзел у ім прынялі вучні СШ № 2, Вішнявецкай, Засульскай сярэдніх школ, гімназіі № 1, выхаванцы аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Пераможцамі раённага этапу сталі: выхаванец цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Яўген Шаламаў, вучаніца СШ № 2 Ганна Без’языкава, вучаніца Засульскай СШ Ганна Разумоўская, якія прынялі ўдзел у абласным этапе конкурсу.  Яўген Шаламаў атрымаў дыплом ІІІ ступені. Ён быў запрошаны прыняць удзел у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў, арганізаванай Мінскім абласным аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду.

 

ЮБІЛЕЙНЫЯ ВЫСТАВЫ

У наступным годзе мастацкае аддзяленне Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў адзначыць 20-ты юбілей. Гэтай даце прысвечана серыя выстаў, якія арганізавалі выкладчыкі Андрэй і Ірэна Зянько. Мэта гэтай акцыі – найперш, парадаваць гледачоў судакрананнем з прыгожым, са светам мастацтва, а па-другое – паказаць, чаго дасягнулі вучні аддзялення за гады вучобы, раскрыць іх унутраны свет праз іх творчыя работы.

Адна з першых выстаў «Крокі ў творчасці» пачала працаваць у раённай дзіцячай бібліятэцы, якая не адзін раз прадастаўляла памяшканне гасцёўні для выстаў выхаванцаў мастацкага аддзялення. Адметнасць юбілейнай выставы ў тым, што змешчаны выпускныя работы вучняў з 2005 па 2015 гады.

У школе мастацтваў распачала работу выстава выпускнікоў бягучага года. У гэтым навучальным годзе на аддзяленні ўведзена новая дысцыпліна – графіка. Менавіта графічныя работы і прадстаўлены на суд гледачоў.

Рыхтуецца абнаўленне выставы работ вучняў у дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы.

Аўтары работ юбілейных выстаў цяпер з’яўляюцца студэнтамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Іх імёны ў свой час не адзін раз гучалі на старонках нашай газеты як пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх конкурсаў і пленэраў – Дзіяна Чарнец, якая залічана без уступных экзаменаў у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, Аляксандр Бірук, Аляксей Зянько, Валерыя Дзіканава, Соф’я Масюкевіч, Валянцін Пяткевіч, Бажэна Звыцэвіч, Кацярына Говен, Кацярына Суднік і іншыя. Некаторыя з іх былі ўдастоены атрымаць прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Дзякуючы прафесіяналізму педагогаў Андрэя і Ірэны Зянько, іх зацікаўленасці ў прафесійным лёсе сваіх выхаванцаў  для многіх выпускнікоў вучоба на мастацкім аддзяленні дапамагла выдатна вытрымаць уступныя экзамены і стаць студэнтамі прэстыжных аддзяленняў ВНУ і ССНУ атрымаць запатрабаваную на рынку працы спецыяльнасць. Прафесіяналізм і заслугі Ірэны Зянько ў эстэтычным выхаванні маладога пакалення адзначаны такой узнагародай – яе фотаздымак занесены на раённую Дошку гонару.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *