Свята футбола – ад Coca-Cola

Нумары Спорт

Другі год запар правядзенне рэгіянальнага фіналу рэспубліканскага футбольнага турніру «Кубак Coca-Cola. Уступай у гульню!» давяраюць Стоўбцам.

Спаборніцтвы, якія праводзяцца пад эгідай прадпрыемства – вытворцы напіткаў пад сусветна вядомымі таварнымі знакамі, разлічаны на ўдзел у іх школьных камандаў з любога населенага пункта рэспублікі. Падлічана, што ў першым, масавым, этапе спаборніцтваў прынялі ўдзел звыш 44 тысяч юных футбалістаў. А ў рэгіянальных паўфіналах змагаліся за перамогу амаль 150 калектываў.

Сустрэчы рэгіянальных фіналаў адбыліся на стадыёнах Мінска, абласных цэнтраў рэспублікі – Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Брэста, а таксама нашых Стоўбцаў. На поле стадыёна «Юнацтва» выйшлі 7 камандаў хлопчыкаў і 8 камандаў дзяўчынак ва ўзросце 12–14 гадоў. Яны аспрэчвалі права прадстаўляць Мінскую вобласць у фінале.

Як і летась, гонар Стаўбцоўшчыны абаранялі юныя футбалісты – вучні СШ № 3 г. Стоўбцы. Каманда паспяхова адолела этап адборачных гульняў і выйшла ў фінал. Праўда, тут да самай вяршыні дабрацца не ўдалося. За залатыя медалі змагаліся каманды Салігорска і Гарадзеі. Пераможцу вызначыў адзін гол, які ўдалося правесці ў вароты сапернікаў хлопцам з Салігорска. На другім месцы калектыў Гарадзеі, на трэцім – Беразіно і на чацвёртым – Стоўбцаў. Цікавымі былі і гульні дзяўчат. Удача спадарожнічала юным спартсменкам з Мар’інай Горкі, якія і паедуць у Мінск на суперфінал.

У гэты суботні дзень на стадыёне «Юнацтва» было сапраўднае свята футбола. Рабяты змаглі прыняць удзел і ў конкурсах футбольнага майстэрства. Скажам, колькі разоў запар юныя футбалісты змогуць падкінуць мяч нагой, галавой, ім жангліраваць. Ці трапіць мячом у пэўныя вуглы варот і такім чынам вызначыць лепшага снайпера. Увогуле і ўдзельнікі, і гледачы атрымалі задавальненне ад такога спартыўнага дзейства.

 

ШЧЫРАВАННЕ ЛЁГКААТЛЕТАЎ

Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы спартакіяды Мінскай вобласці сярод выхаванцаў ДЮСШ і ДЮСШАР зноў назвалі імёны лаўрэатаў са Стаўбцоўшчыны. Найбольшага поспеху дабіўся Андрэй Ліпніцкі, які стаў чэмпіёнам вобласці ў бегу на 100 метраў і скачках у даўжыню. Віталій Галубец паказаў лепшы вынік у спартыўнай хадзьбе на тры кіламетры. Два медалі ў Веры Бець: сярэбраны – за другі вынік у бегу на тры кіламетры і бронзавы – за трэцяе месца на паўтаракіламетровай дыстанцыі. Аляксандр Недзень стаў бронзавым прызёрам у бегу на 200 метраў.

Хаця і засталіся на гэты раз без медалёў, але папоўнілі ачковую скарбонку каманды, якая заняла пятае месца, Уладзіслаў Мілашэўскі, Карына Уліч, Вадзім Хмель. А трэнер Анатоль Турчановіч будзе працаваць над дасягненнем далейшых поспехаў.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *