Да дзён меліяратара і аховы навакольнага асяроддзя

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

УСЕ – ЗАГАРТАВАНЫЯ ПМК

«Рабочы дзень у меліяратараў пачынаецца раней заяўленых васьмі гадзін. Пазней усе раз’едуцца на аб’екты, – папярэджвае нас перад сустрэчай в. а. дырэктара ААТ «Аграбудфірма «ПМК-74 – Налібакі» Станіслаў Ваньковіч. І дадае самае важнае: – Наша эканамічнае становішча пасля аб’яднання з ПМС далёка не з лепшых, аднак людзі працуюць і хочуць працаваць…»

Хочаш ці не хочаш, а і нам, журналістам, якія не раз мелі магчымасць атрымаць уяўленне пра нялёгкую працу меліяратараў, прыходзіцца падстроіцца пад іх «ранні» графік…  

З самай раніцы збор работнікаў – на вытворчай базе ў Дзераўной, адкуль іх дастаўляе на аб’екты ведамасны транспарт. Аб’екты раскіданы ў розных месцах і, часцей за ўсё, за дзясяткі кіламетраў ад Дзераўной. Там жа, сярод палёў і меліярацыйных каналаў, «начуе» і спецыялізаваная «цяжкая» тэхніка меліяратараў – экскаватары, бульдозеры.

Для дастаўкі людзей на аб’екты падаюцца два мікрааўтобусы. Перад выездам кожны механізатар ведае сваё заданне на бягучы дзень, таму што атрымлівае ў дыспетчара Ванды Францкевіч (на ніжнім здымку яна разам з машыністам бульдозера Міхаілам Агейкам і вадзіцелем Дзмітрыем Мазурам) пуцявы ліст. Сярод іх пераважаюць людзі вопытныя, загартаваныя сваёй прафесіяй і, як высвятляецца ў размове, фактычна ўсе яны – з мясцовых, родам з Дзераўной або суседніх вёсак. На роднай зямлі жывуць і яе ўзбагачаюць сваёй нястомнай працай.

Сярод сваіх, тутэйшых, і браты Чарняўскія – Вікенцій і Іосіф. Абодва працуюць экскаватаршчыкамі. Яны аддалі меліярацыі ўсё сваё працоўнае жыццё. Вікенцій (на верхнім здымку) ужо зарабіў і пенсію, але па-ранейшаму працягвае працаваць у ПМК.

– Пачынаў некалі пасля школы на дрэнажных работах. Потым закончыў курсы трактарыстаў, арганізаваныя на базе ПМК Уздзенскім СПТВ. Пасля арміі вярнуўся на тое месца працы, адкуль пачынаў, – з ахвотай прыгадвае Вікенцій Станіслававіч. У некалькіх сціплых радках – цэлая біяграфія, жыццёвая і прафесійная навука. За старэйшым братам прыйшоў у ПМК і малодшы Іосіф. Колькі імі за жыццё пабудавана і рэканструявана розных аб’ектаў – ужо не злічыць. Вікенцій Станіслававіч, як і яго брат Іосіф Станіслававіч, – прафесіянал сваёй справы. Іх паслугі заўсёды запатрабаваны, таму ў лепшыя часы даводзілася выязджаць і ў камандзіроўкі ў іншыя раёны Беларусі.

У многім падобным чынам склаўся лёс і машыніста бульдозера Міхаіла Агейкі. Яму, жыхару  Несцеравічаў, выпала пазнаёміцца з ПМК яшчэ ў школьным узросце. У 1978 годзе закончыў усё тыя ж курсы трактарыстаў, арганізаваныя Уздзенскім СПТВ. Тут праходзіў тэарэтычнае і практычнае навучанне (дарэчы, за жыццё яму прыйшлося папрацаваць і на колавых трактарах, і на збожжаўборачным камбайне). Ужо ў 17 гадоў яму даверылі трактар-«балотнік» Т-100В з  шырокай гусеніцай. Цяпер у яго тэхніка іншай маркі, аднак, як заўважае Міхаіл Раманавіч, у ПМК яго бульдозер самы старэйшы. Цяпер працуе на ім на ліквідацыі звалкі ў вёсцы Рудзевічы, на тэрыторыі Літвенскага сельсавета. Як бачна, у меліяратараў спектр дзейнасці шырокі.         

Не сядзяць без справы і вопытныя вадзіцелі Мікалай Касцюкевіч і Віктар Гарохавік, якіх вы бачыце на здымках справа. На сваіх аўтамабілях МАЗ яны задзейнічаны на будаўніцтве лесагаспадарчай дарогі на тэрыторыі Налібацкага і Кляцішчанскага лясніцтваў.  З кар’ера «Драздоўшчына» вадзіцелі падвозяць на аб’ект гравій. У іх не толькі аднолькавыя абавязкі і аб’екты, але і шмат агульнага ў працоўных лёсах. Абодва  шчыруюць у ПМК ужо чвэрць стагоддзя. У мінулай пяцігодцы і Мікалай Францавіч, і Віктар Міхайлавіч атрымалі новую тэхніку. Калі што здараецца, то самі здольны яе парамантаваць. «Былі б запчасткі», – амаль у адзін голас кажуць вадзіцелі. Калі работа ёсць – настрой у іх прыўзняты, аптымістычны, бо, як кажуць, гэта магчымасць прынесці заробак у свае сем’і і карысць іншым.            

Былы вадзіцель МАЗа, а сёння –  значна меншай тэхнікі, маркі УАЗ, Дзмітрый Мазур. У ПМК ён шчыруе амаль паўвека, за што яго можна смела назваць старажылам. Прадпрыемства некалі выдзеліла яго сям’і кватэру. Выгадавалі з жонкай траіх дзяцей. Ужо маюць пяцёра ўнукаў. Побач з Дзмітрыем Мікалаевічам працуе і яго зяць Валерый Пятроўскі, вадзіцель бензавоза.

На прыкладзе братоў Чарняўскіх, Дзмітрыя Мазура і іншых слаўных працаўнікоў відаць, як працягваюцца сярод меліяратараў сямейныя дынастыі.         

Са святам вас, шаноўныя меліяратары!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЗЯМЛЯ – НАШ ДОМ

5 чэрвеня ў большасці краін свету, у тым ліку ў Беларусі, адзначаецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя.

Для эколагаў, сіноптыкаў, геадэзістаў і іншых падобных спецыялістаў гэтае свята прафесійнае. Але і многія людзі выходзяць у гэты дзень на ўборку тэрыторый, слухаюць лекцыі аб ахове прыроды. Адзначаецца гэта масавае свята яркімі мерапрыемствамі, «зялёнымі» канцэртамі, прадстаўленнямі, конкурсамі сачыненняў, плакатаў у школах. А ўвогуле кожны з нас павінен задумацца, як зберагчы нашу планету.

Парламент Беларусі прыняў многія дакументы, што рэгламентуюць сферу прыродакарыстання. Сярод іх Законы Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб адходах вытворчасці і спажывання», «Аб экалагічнай экспертызе» і іншыя. Урадам зацверджаны доўгатэрміновыя нацыянальныя праграмы, якія вызначаюць экалагічную палітыку краіны.

Адчувальныя вынікі палітыкі экалагічнай бяспекі. За апошняе дзесяцігоддзе ўзровень забруджанасці прыроднага асяроддзя ў рэспубліцы значна знізіўся. Выключнымі становяцца выпадкі скідвання ў вадаёмы сцёкавых вод. Строга кантралюецца выкідванне прамысловымі прадпрыемствамі шкодных рэчываў. Гэта перш за ўсё вынік удасканалення сістэмы кіравання ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, правядзення экалагічнай экспертызы праектаў будаўніцтва і рэканструкцыі ўсіх відаў вытворчасці.

На сёння 8 працэнтаў тэрыторыі Беларусі маюць статус месцаў, якія асабліва ахоўваюцца. Самым вядомым беларускім запаведнікам з’яўляецца Белавежская пушча, якая ў 1992 годзе паводле рашэння ЮНЕСКА ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны чалавецтва. Налібацкая пушча, Коласаўскі мемарыяльны заказнік, рэкі Нёман, Сула, Уса, возера Кромань – выдатныя прыродныя мясціны, якія і мы, жыхары Стаўбцоўшчыны, павінны аберагаць, захоўваць для нашчадкаў.

Дзень аховы навакольнага асяроддзя зацверджаны з мэтай прыцягнення ўвагі сусветнай грамадскасці да праблем экалогіі, напамінку аб неабходнасці прыняцця практычных мер па прадухіленні глабальнага крызісу. Гэты дзень падкрэслівае вострую неабходнасць у змяненні адносін чалавека да прыродных рэсурсаў, да становішча ў сваім родным «прыродным доме».



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *