З міжнацыянальнай згодай

Нумары Пяты Усебеларускі народны сход Соцыум

image_pdfimage_print

Паважаныя землякі! Выступаю перад вамі з вялікім хваляваннем. Дзесяць гадоў таму мне, дырэктару Рубяжэвіцкай школы, прыходзілася рабіць гэта часта. Аднак час ідзе – людзі мяняюцца.

Для тых, хто мяне не ведае, скажу, што нарадзіўся я ў вёсцы Ніўнае. У свой час закончыў Дзераўнянскую школу. У маёй біяграфіі быў адзін год (раней яго я асабліва не афішыраваў), калі працаваў трактарыстам саўгаса «Хотава». Гэты год многае зрабіў у плане маёй працоўнай загартоўкі. Мне, 16-гадоваму выпускніку школы, даверылі новы трактар – першы трактар МТЗ-80, які атрымаў саўгас. Было адказна, цікава і хацелася ісці далей. Потым была вучоба ў педінстытуце. Закончыў фізмат. Студэнцкая супольнасць зрабіла вялікае ўражанне, асабліва прыцягвала навуковая дзейнасць. Маім навуковым кіраўніком быў А. М. Рубінаў (да нядаўняга часу – старшыня Савета Рэспублікі). З той пары імкненне да навукі захавалася.

Пасля педінстытута атрымаў размеркаванне ў родны раён. Адпрацаваў тры гады ў Хатаўской школе, і мяне, 25-гадовага настаўніка, прызначылі дырэктарам Рубяжэвіцкай школы. На гэтай пасадзе адпрацаваў 21 год і, дарэчы, быў двойчы вылучаны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу – першага і трэцяга. Напэўна, гэтым даверам ацэнены дасягненні нашай школы.

Нельга не прыгадаць, што тады мы пераламалі тэндэнцыю на скарачэнне колькасці вучняў у сельскай школе. Мы раслі і раслі. Са 160 вучняў – да 240. Адкуль узялося столькі дзяцей? Ды з суседняга, Дзяржынскага, раёна прыйшлі да нас. Калі мы стварылі ў школе ўмовы – духавы аркестр, фальклорныя калектывы, тэатр, першыя камп’ютары, – нядзіўна, што дзеці пацягнуліся. І нас, і дзяцей, якія вырашылі змяніць школу, падтрымаў тадышні старшыня суседняга калгаса «Маяк» С. Б. Шапіра і выдзеліў для падвозу вучняў аўтобус.

Ганаруся тым, што Рубяжэвіцкая СШ стала першай сельскай школай, якая выйшла ў інтэрнэт. Гэта быў 1996 год, калі многія яшчэ не ведалі, што такое камп’ютар. Укаранілі профільнае навучанне і пайшлі па шляху мультыпрофільнага навучання, якое давала кожнаму вучню індывідуальную траекторыю і забяспечвала індывідуальны выбар. Так, гэта быў эксперымент, дазволены нашай школе. Сёння ўстановы адукацыі ізноў вяртаюцца да профільнага навучання – і гэта добра.

Са школы я пайшоў, і пайшоў таму, што быў выбраны старшынёй Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз палякаў на Беларусі», а пазней – старшынёй гэтай арганізацыі. Выкладанне пры гэтым я не пакінуў: працую ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, з’яўляюся дацэнтам кафедры эканомікі і кіравання, выкладаю вышэйшую матэматыку.

Скажу некалькі слоў пра «Саюз палякаў на Беларусі», які ўзначальваю на грамадскіх пачатках. Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, у Беларусі пражывае каля трох тысяч палякаў. Гэта трэцяя па колькасці нацыянальнасць пасля беларусаў, карэннай нацыі, і рускіх. У свой час палякі падалі прыклад стварэння таварыстваў згодна з нацыянальнай прыкметай. Сёння такіх таварыстваў у Беларусі – 25. Яшчэ падчас маёй працы ў Рубяжэвіцкай школе быў праведзены сход і арганізавана таварыства «Рубяжэвічы», якое першым увайшло ў састаў рэспубліканскай арганізацыі. Сёння «Саюз палякаў на Беларусі»  ўяўляе шматструктурную арганізацыю (70 пярвічных арганізацый, у тым ліку ў Мінскай вобласці – 14, у Стаўбцоўскім раёне – тры), з вялікай гаспадаркай (нашай арганізацыі належаць 14 дамоў польскіх), якую ўтрымліваем за ўласныя сродкі. Склалася шмат розных традыцый, мастацкіх калектываў, якія выступаюць у нацыянальных традыцыях. У 2006 годзе на базе Стаўбцоўскага раёна прайшоў першы фестываль польскай культуры. Фестываль быў арганізаваны на добрым узроўні, у далейшым яго геаграфія кожны год пашыралася.

У 2005 годзе ў арганізацыі адбыўся канфлікт. На жаль, гэты раскол існуе і сёння. Мы адчуваем яго на сабе, таму і ўсведамляем сваю вялікую адказнасць у правядзенні той работы, якая аб’ядноўвае польскую нацыянальнасць, ды і не толькі яе. У нашу арганізацыю могуць уступіць усе, хто шануе польскую культуру, традыцыю, мову. Мы, як грамадская арганізацыя, палітыкай не займаемся і хацелі б, каб панавала міжнацыянальная згода не толькі сярод польскай супольнасці, а і сярод усіх іншых, паміж усімі нацыянальнасцямі, якія ёсць у Рэспубліцы Беларусь.

Удзячны вам за давер прадстаўляць Стаўбцоўшчыну на V Усебеларускім народным сходзе. Пастараюся дастойна выканаць свае функцыі.

Мечыслаў Лысы, старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *