Летняй парой

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

ФАРЭЛЬ З «СУЛЫ»

Участак «Сула» ААТ «Альба» ўжо адправіў у гіпермаркеты і буйныя сеткавыя магазіны рэспублікі каля 30 тон фарэлі. Да канца бягучага года тут гатовы вырасціць гэтага каштоўнага віду рыбы прыкладна 100 тон.

Фарэлевая гаспадарка, размешчаная на рацэ Сула, была пабудавана ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай развіцця рыбнай галіны і запрацавала ў сярэдзіне лютага бягучага года. Гэта першая ў Мінскай вобласці дзяржаўная фарэлевая гаспадарка, дзе фарэль вырошчваецца на прамысловай аснове. Пакуль рэалізавана толькі першая чарга праекта. Яе магутнасці разлічаны на вытворчасць 134-х тон таварнай рыбы. На стадыі завяршэння – праектныя работы на другую чаргу праекта, з рэалізацыяй якой да 2018–2019 гадоў з’явіцца магчымасць павялічыць аб’ёмы таварнай фарэлі ўдвая. Акупіць праект мяркуецца на працягу сямі гадоў.

 

З ГІСТОРЫІ РОДУ ДЗЯРЖЫНСКІХ

Дзесяць гадоў таму раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне аб адкрыцці «Музея-сядзібы «Дзяржынава». 

– Фактычна музей роду Дзяржынскіх вядзе свой адлік з 1972 года, калі з’яўляўся філіялам івянецкага музея «Мемарыяльны комплекс «Дзяржынава». Менавіта на гэтую, першасную, дату мы і рабілі спасылку падчас маніторынгу музейнай справы Мінскай вобласці, – паглыбляецца ў гісторыю дзяржаўнай установы культуры яе дырэктар Тэрэза Чуйко.

Традыцыйна з надыходам вясны жыццё ў музеі-сядзібе, што месціцца ў атачэнні лясоў, удалечыні ад ажыўленых аўтадарог, прыкметна ажывае. На экскурсіі сюды прыязджаюць турысты, розныя дэлегацыі, у тым ліку і замежныя. Паколькі асоба Фелікса Дзяржынскага мае непасрэднае дачыненне да органаў дзяржаўнай бяспекі, сярод іх нямала людзей ваенных. І паглядзець сапраўды ёсць што. Акрамя цікавага, з новымі біяграфічнымі і гістарычнымі фактамі, расповеду экскурсавода, экспазіцыя музея-сядзібы пастаянна папаўняецца новымі музейнымі прадметамі і раздзеламі.   

 

ВЯСКОЎЦЫ – ЗА ПАСКОРАНАЙ ПОШТАЙ

На сходзе ў раённым вузле паштовай сувязі падведзены вынікі работы паштавікоў у бягучым годзе.

Кожнае аддзяленне паштовай сувязі імкнецца ісці ў нагу з часам, што станоўча адбіваецца на ўкараненні новых відаў паслуг і развіцці тавараабароту. Сярод сельскіх аддзяленняў вылучаецца аддзяленне Літва (начальнік – Галіна Жвірбля).

– Аддзяленне адносна невялікае, але, разам з тым, яго работа наладжана так, што ёсць чаму павучыцца. Вяскоўцы актыўна карыстаюцца паслугамі лінейкі «Камфорт» і «1 клас», міжнароднай паскоранай поштай. У аддзяленне яны прыходзяць для ажыццяўлення заказу тавараў паводле каталога, праз інтэрнэт-магазін, і сярод тавараў ёсць попыт на такія ёмістыя, як, напрыклад, халадзільнік, мотаблок, – падкрэслівае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух. 

Сярод тых, на каго раўняюцца ў калектыве, можна назваць работнікаў, якія нядаўна былі адзначаны ў сувязі з прафесійным святам – Днём работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Гэта вадзіцель перасоўнага аддзялення паштовай сувязі № 1 Віктар Яўсейчык і вядучы бухгалтар Вольга Качановіч, узнагароджаныя адпаведна падзякай РУП «Белпошта» і граматай Мінскага філіяла РУП «Белпошта». Партрэт намесніка начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марыны Петух занесены на Дошку гонару Мінскага філіяла. 

Гэтымі днямі ў паштавікоў пачынаецца гарачая пара – адкрыта падпіска на перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь на другое паўгоддзе, у тым ліку і на раённую газету «Прамень». Пра афармленне падпіскі варта патурбавацца загадзя, для чаго можна зазірнуць у любое аддзяленне паштовай сувязі або запрасіць паштальёна дадому.      

 

У КАМІСІЮ – НА ГУТАРКУ

Напярэдадні лета адна з формаў работы раённай камісіі па справах непаўналетніх – гутарка з падлеткамі і іх законнымі прадстаўнікамі аб аказанні дапамогі ў пытаннях занятасці ў летні перыяд. 

З гэтай мэтай на пасяджэнне камісіі запрашалі траіх падлеткаў з трох сем’яў. Кожнаму з іх былі прапанаваны розныя варыянты, якія ўключаюць знаходжанне ў працоўным лагеры пры школе, работу ў школьнай рамонтнай брыгадзе,  аздараўленне ў лагеры «Нёман» ці профільным лагеры «Абаронца Айчыны».

– За падлетка, які выказаў жаданне працаўладкавацца ў будаўнічай арганізацыі, камісія выйшла з хадайніцтвам да дырэкцыі ПМК-233, – адзначае старшыня раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько. – Пры неабходнасці выходзім на дырэктараў прадпрыемстваў і ў індывідуальным парадку. Так было з ААТ «Жацерава», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дзе непаўналетніх згадзіліся ўзяць на сезонную работу, і дзеці фактычна будуць працаваць разам са сваімі бацькамі. Аднак, згодна з папярэднімі данымі адносна занятасці непаўналетніх у летні перыяд, большасць падлеткаў, асабліва ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў, хацелі б працаўладкавацца ў індывідуальным парадку па найму.

Сустракаюцца выпадкі, калі бацькі выступаюць супраць працаўладкавання свайго дзіцяці ў летні перыяд. Тады яны абавязаны забяспечыць іх «дамашнюю» занятасць і ажыццяўленне кантролю.

 

ПАДАДЗЕНАГАРАЧАЯ ВАДА

Аб’яднанне камунальных службаў завяршыла першы этап планавых работ на цеплатрасе ў Стоўбцах. Гараджане адчулі гэта па тым, што пасля двухтыднёвага адключэння ў іх кватэрах нарэшце з’явілася гарачая вада. 

Камунальнікі замянілі за гэты перыяд 24 кампенсатары ў пяці камерах, якія знаходзяцца на вуліцы Ленінскай, і ў адной камеры на тэрыторыі філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Акрамя таго, заменены трубы цеплазабеспячэння на пі-трубу па вуліцы Цэнтральнай. Падчас рамонтных работ здараліся ўцечкі вады, парывы на цеплатрасе, таму працаваць прыходзілася і ў выхадныя дні.

Яшчэ адно планавае адключэнне гарачай вады ў горадзе плануецца ў ліпені, таму што засталося замяніць яшчэ 12 кампенсатараў у трох камерах. Адначасова будзе весціся і рэканструкцыя ЦТП № 2. Там плануецца ўстанавіць сучасныя эканамічныя цеплаабменнікі – пласціністыя.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ     

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

І СЕНА, І СЯНАЖ

Корманарыхтоўшчыкі ААТ «Жацерава» ў групе лідараў па тэмпах касавіцы.

Травы першага ўкосу скошаны ў гаспадарцы на большай палове плошчаў і практычна ўсе ўбраны. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае каля чатырох цэнтнераў кармавых адзінак – другі паказчык у раёне. Нарыхтавана звыш 2400 тон сенажу з бабова-злакавых траў: люцэрны, канюшыны, фестулоліуму і цімафееўкі. Больш за дзве тысячы тон травяных кармоў пакладзена ў новую сянажную траншэю на МТФ «Жацерава», якую закрылі за тры дні. У палімерную плёнку закатана 559 тон правяленай зялёнай масы.

Парупіўся на кормаўборачным камбайне Міхаіл Калевіч, з касілкай – Сяргей Бандаровіч, з граблямі – Уладзімір Праскура, на трамбоўцы – Уладзімір Ермакоў. На апошняй аперацыі прымяняўся і трамбоўшчык, зроблены  ў райаграсэрвісе. На адвозцы зялёнай масы былі задзейнічаны вадзіцелі Уладзімір Аўласін, Віталій Тарабэш, Максім Леўкавец і Мікалай Дударэвіч.

Гэтымі днямі механізаваны атрад шчыруе на палетках ААТ «Агранёманскі».

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *