Чыя «вікторыя»?

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Матч чацвёртага тура першынства рэспублікі па футболе ў другой лізе паміж камандамі «Вікторыя» і «Нёман-Агра» закончыўся з лікам 2:2.

Звычайна нічыя, здабытая на чужым полі з моцным сапернікам, лічыцца нармальным вынікам. Аднак жа ход гульні ў Мар’інай Горцы даваў надзеі стаўбчанам на лепшае.

Абедзве каманды пачалі сустрэчу актыўна. Але поспех спадарожнічаў нашым. Дакладны ўдар на 22-й хвіліне матча ўдаўся Дзмітрыю Даўбейку. І далей стаўбчане ўтрымлівалі ініцыятыву. Актыўна дырыжыравалі нападзеннем паўабаронцы Андрэй Лапшын і Уладзіслаў Рубін. У пачатку другога тайма Аляксандр Паляшчук падвоіў лік. Такія падзеі не на жарт «завялі» гаспадароў поля. Неўзабаве яны праводзяць адзін мяч у адказ. Ідзе 70-я хвіліна сустрэчы. Цяжка было разабрацца, у чым убачыў суддзя парушэнне правілаў з боку стаўбчан, але ён рашуча паказаў на адзінаццаціметровую рысу. Не вытрымаў галоўны трэнер каманды «Нёман-Агра» Андрэй Мікалаевіч, паспрабаваў спрачацца з арбітрам. І, як было запісана ў пратаколе, быў выдалены з межаў тэхнічнай зоны.

Такім чынам, «Вікторыя» зраўняла лік, а гульня стала нервовай. Суддзя выдаляе з поля нашага паўабаронцу Андрэя Лапшына, а затым – іграка каманды Мар’інай Горкі Сяргея Герасіменку. Фінальны свісток зафіксаваў нічыю – 2:2.

Зірнём на турнірную табліцу. Каманда «Нёман-Агра» цяпер знаходзіцца на дзявятым месцы з 13-ці ўдзельнікаў турніру. На рахунку стаўбчан чатыры набраныя ачкі.

Наступны сапернік – каманда «Тарпеда» з Магілёва. Гульня адбудзецца сёння на стадыёне «Юнацтва».

А праз тыдзень, 11 чэрвеня, каманда «Нёман-Агра» ўступіць у барацьбу і за Кубак Беларусі. На стадыёне «Юнацтва» стаўбчанам будзе супрацьстаяць ФК «Ашмяны».                        

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *