Пад дэвізам «Будучае – гэта мы!»

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Факты, падзеi, людзi

Напрыканцы мая дзіцячы аздараўленчы лагер «Нёман» аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама гасцінна прадаставіў свае плошчы для правядзення ХІІІ абласнога форуму дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў пад дэвізам «Будучае – гэта мы!».  Вялікую падрыхтоўчую работу для гэтага на працягу не аднаго дня правялі супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Кожны раён Мінскай вобласці дэлегаваў сюды лепшых прадстаўнікоў з ліку моладзі – лідараў Рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, выдатнікаў вучобы, пераможцаў алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, мастацкіх конкурсаў, прадстаўнікоў вучнёўскага самакіравання, актывістаў працоўных акцый і валанцёрскага руху агульнаадукацыйных школ, устаноў прафесіянальнай і дадатковай адукацыі. Яны прыехалі са сваімі праектамі, ініцыятывамі, выстаўкамі, сцягамі з гербамі гарадоў, інфармацыйнымі банарамі, урэшце – са сваім іміджам, са сваім пазітыўным настроем, што перадаваўся кожнаму. Нават дарослыя памаладзелі ў гэтай атмасферы, з цікавасцю назіралі за тым, што адбываецца. Адначасова праходзіла шмат яркіх мерапрыемстваў. Працавалі шэсць інтэрактыўных пляцовак. Выстаўка-пленэр «Планета творчасці» аб’яднала тых, хто ўмее ўпраўляцца з пэндзлем, з’яўляючыся майстрам жывапісу. Задорна і ярка прайшоў парад грамадскіх арганізацый «Я, ты, ён, яна – разам дружная краіна!» з піяр-акцыяй «Захаваем планету зялёнай». Выставачная пляцоўка «Бяспечнае дзяцінства», арганізаваная з дапамогай РАУС і аддзела па надзвычайных сітуацыях, дэманстравала тэхніку, спецсродкі і т. п. Прафесійная гасціная «Будуем будучае разам» дапамагла старшакласнікам атрымаць адказы на свае пытанні аб выбары прафесіі. Новы патрыятычны сумесны праект Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і БРСМ, які рэалізуецца ў гарадах Беларусі, даў магчымасць удзельнікам форуму наведаць стылізаваны музей-бус «Кветкі Вялікай Перамогі» з экспанатамі часу Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні канікулаў на кірмашы карысных спраў і эфектыўных рашэнняў «Лета на Міншчыне – 2016» вучні маглі пазнаёміцца з ідэямі актыўнага адпачынку. У год культуры напярэдадні рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай»  літаратурны квест пазнаёміў юнакоў і дзяўчат з лепшымі ўзорамі беларускай і замежнай літаратуры для моладзі. Была магчымасць прыняць удзел у інтэлектуальных гульнях і віктарынах, турніры знатакоў і брэйн-рынгу, майстар-класах. Тэрыторыя аздараўленчага лагера ператварылася ў яркае відовішча, што стварала адпаведную атмасферу і настрой для знаёмстваў, зносін, сумеснага змястоўнага правядзення часу. 

На ўрачыстым адкрыцці форуму з прывітальным словам ад раённага выканаўчага камітэта выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Колясень і пажадаў маладым людзям рэалізаваць свой патэнцыял у цікавых карысных справах, пажадаў поспехаў ва ўсіх пачынаннях.

Аб важнасці такога маладзёжнага форуму сказала начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак, падкрэсліўшы, што ён праходзіць напрыканцы навучальнага года, калі можна падвесці вынікі. Вучні Міншчыны заваявалі шмат узнагарод на конкурсах, алімпіядах, у тым ліку і на міжнародных. У вучняў розныя інтарэсы, аднак іх аб’ядноўваюць цікавыя справы, якія дапамагаюць зрабіць больш прыгожай і багатай сваю школу, нашу Міншчыну ў цэлым і нашу краіну. Вынікам гэтага маладзёжнага форуму стануць новыя знаёмствы, а значыць – і новыя сустрэчы, і, безумоўна, – новыя планы, ідэі, ініцыятывы і справы.

На форуме быў запланаваны дыялог пакаленняў з кастром дружбы. Спорны майскі дождж унёс карэктывы, і сустрэча моладзі з прадстаўнікамі ўлад адбылася ў зале летніка. На пытанні вучняў адказалі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі, старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Юрый Горлаў, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак, рэктар Мінскага інстытута развіцця адукацыі Святлана Сітнікава, другі сакратар абласнога камітэта БРСМ Кацярына Канановіч.

Мяркуючы па змесце пытанняў, па настроі, з якім яны былі зададзены, можна рабіць выснову, што вучнёўская моладзь не раўнадушная да таго, чым жыве наша краіна, чуйна рэагуе на тое, як рэалізуецца маладзёжная палітыка ў нашай дзяржаве.  У складзе аўдыторыі былі прадстаўнікі абласнога маладзёжнага парламента. Ад нашага раёна ў яго ўвайшлі вучні гімназіі № 1 г. Стоўбцы Лаура Каспяровіч і Вікторыя Паўлюць, вучань СШ № 3 Аляксандр Валай, вучаніца Старасвержанскай СШ Надзея Санкевіч. Іван Ліпніцкі выказаў прапанову больш цеснага супрацоўніцтва Мінскага Савета дэпутатаў з абласным маладзёжным парламентам з прадастаўленнем магчымасці дэпутатам маладзёжнага парламента прымаць удзел у пасяджэннях Савета дэпутатаў, асабліва калі тэма датычыць маладзёжных пытанняў.

Сваімі пытаннямі вучні сумелі наблізіць прадстаўнікоў улады да сябе, і апошнія гатовы былі да нефармальнай размовы з пажаданнямі, парадамі маладым, прыводзячы прыклады са свайго асабістага жыцця. Сур’ёзны паварот набыла размова аб запатрабаваных прафесіях у сучасны момант. Юрый Горлаў у патрэбнай танальнасці і даступнасці расказаў вучням аб прыярытэтах сельскагаспадарчых прафесій, вельмі запатрабаваных на рынку працы, якія з’яўляюцца добрай стартавай пляцоўкай для кар’ернага росту і гарантуюць камфортныя ўмовы жыцця на зямлі. Даверлівая абстаноўка ў зале дазволіла вучням задаць пытанні аб густах, інтарэсах, любімых кнігах і музыцы, прыярытэтах у стылі адзення людзей пры высокіх пасадах. Гэта было ўсё да месца. Абодва бакі пагадзіліся, што такія нефармальныя сустрэчы пакаленняў патрэбна працягваць.

На тэрыторыі аздараўленчага лагера закладзена «Алея культурных традыцый» з дэкаратыўных раслін. «Альбом дружбы – 2016» сабраў адметныя ідэі і лепшыя дасягненні раёнаў з фотаздымкамі. Акцыя «Мы – за мірную Беларусь» уключала запуск у неба шароў з пажаданнямі.

Канцэрт «Спяваем РАЗАМ» сабраў самых таленавітых артыстаў з усіх рэгіёнаў. Наш раён быў прадстаўлены вучнем СШ № 3 Дзмітрыем Янушкевічам. Шоу-праграма на вуліцы дазволіла моладзі «адарвацца», патанцаваць, паспяваць, павесяліцца. Дамоў маладыя людзі паехалі з масай уражанняў і новых адрасоў. 

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *