Багаты традыцыямі і славай працоўнай Вялікі Двор

Крочым па раёне Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Вёсачка мая, вёска-чараўніца… У святочным убранні  падворкі, дзе ля веснічак накрыты сталы з пачастункамі. Сярод гасцей першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колясень, старшыні Шашкоўскага, Дзераўнянскага і Вішнявецкага сельвыканкамаў Святлана Якаўлева, Таццяна Босая і Ніна Гурыновіч. Усе гаспадары гасцінна запрашаюць паспрабаваць прыгатаваныя імі і іх дзецьмі мясныя і кулінарныя прысмакі, палюбавацца мастацкімі вырабамі і  прымаюць у свой адрас словы пахвалы за праяўленую здатнасць і фантазію. Прыемна здзівіла выкананымі бісерапляценнем рэчамі Ірына Пячонава, вышыванкамі – Таццяна Пражэнік. Пачалося свята з ускрайку, дзе жывуць маладыя сем’і. Усе яны атрымалі жыллё, працуюць у мясцовым сельгаскааператыве. Гэта Сяргей Каробка і Вольга Пабожная, Аляксандр і Наталля Швагерусы, Дзмітрый і Надзея Сахарэвічы, Андрэй і Зінаіда Вабішчэвічы, Алена Васільева. Прыветна, караваем і вершаванымі радкамі сустрэлі шаноўных гасцей сем’і Аляксандра і Таццяны Тарабэшаў, Уладзіміра і Наталлі Хмеляў, Анатолія і Галіны Стэфаноўскіх. Да Клаўдзіі Мядзведзь прыехалі сыны і дачка. Усіх дзяцей  у Клаўдзіі Міхайлаўны чацвёра. Яны накрылі стол і прыгатавалі смачную юшку. Запрасіла да сябе дружная сям’я Віктара і Ірыны Стэльмахаў. Дарэчы, Віктар Канстанцінавіч служыў у Афганістане. Сяргей і Марына Сенькі добрыя гаспадары, стварылі на падворку сапраўдны аазіс, а для гасцей спяклі каравай. Доўгі час жыве ў вёсцы Святлана Гаўрык, якая выгадавала траіх дзяцей. Іосіф і Ала Полацкія адначасова сустракалі ў гэты дзень і сваіх аднакурснікаў. У гэтай дружнай сям’і сёлета багата асабістых юбілеяў. Чаем частавала гасцей сям’я Валерыя і Таццяны Харковых. Для кожнай сям’і была выканана песня. 

Урачыстасць прадоўжылася на імправізаванай сцэне ля Дома культуры.

– Усіх, хто сёння ветліва сустрэў і пачаставаў нас, цяпер ведаю не толькі як добрасумленных працаўнікоў, а і як шчырых, дбайных гаспадароў, – сказаў Дзяніс Колясень. – Усе дастойныя пахвалы. Вы ўмееце не толькі працаваць, а і ствараць вакол сябе прыгажосць. Віншую ўсіх са святам і жадаю, каб надалей вёска ваша станавілася яшчэ прывабней. А напрацаваныя гадамі традыцыі і працоўную славу вяскоўцаў у будучым працягваць маладым.

Пра гісторыю вёскі расказалі вучні Нававёскаўскай сярэдняй школы. Дырэктар навучальнай установы Галіна Швед уручыла падарунак былому педагогу Любові Міхайлаўне Шавель.

Святочная праграма працягнулася ўшанаваннем старэйшых жыхароў вёскі. Нездарма гавораць: «Той род добры, дзе старэйшым павага і гонар. І  тое свята славіцца, дзе ім галоўнае месца». Другога мая споўнілася 88 гадоў Софіі Мікалаеўне Жыляевай. З прывітальным словам да жанчыны, а таксама юбіляраў-старэйшын  Любові Уладзіміраўны Цвірко, Ніны Антонаўны Садоўскай, Антаніны Віктараўны Касцюкевіч, звярнулася старшыня прафкама Вікторыя Райская, якая ўручыла падарункі. Былі ўшанаваны работнікі, якія адпрацавалі ў гаспадарцы звыш дваццаці пяці гадоў, і юбіляры. Больш за паўстагоддзя жыве ў Вялікім Двары таленавіты чалавек, які выпусціў некалькі зборнікаў вершаў, – Адам Грынкевіч. Адам Вікенцьевіч доўгі час працаваў настаўнікам у мясцовай школе. Са сцэны ён чытаў свае вершы пра родную старонку.

Вядучая запрашае на сцэну Вольгу Луцык, жыхарку вёскі і самага тытулаванага ў раёне дырэктара ААТ «Вялікі Двор», якая сорак пяты год узначальвае адну з лепшых у раёне гаспадарак. У сваёй прамове Вольга Аляксееўна падзякавала людзям за тое, што яны дагэтуль аказваюць ёй давер, выбіраюць сваім кіраўніком, і дадала:

– Наша вёска – наш храм, у якім жывём і які пакінем сваім нашчадкам. Таму трэба берагчы спадчыну нашых бацькоў і дзядоў.

Свята вёскі – компас, які вяртае да вытокаў, яднае мінулае з будучым, дае надзею на шчаслівы лёс вёскі. Жыццё не стаіць на месцы, нараджаюцца дзеці. У вёсцы пражываюць дзесяць шматдзетных сем’яў, якіх ушанавалі падарункамі і якім сказалі добрыя словы супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Есіс і Зінаіда Катлашэўская. Была заахвочана і сацыяльны работнік Таццяна Тарабэш. Самай маленькай жыхарцы вёскі, якой у гэты дзень споўніўся месяц, Дарыне Муравейка, падарунак падрыхтаваў індывідуальны прадпрымальнік Іван Заяц.

Старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская падзякавала ўсім жыхарам вёскі за наведзены парадак і ўручыла сертыфікаты якасці сем’ям, якія падтрымліваюць свае сядзібы ва ўзорным парадку і вылучаны сёлета лепшымі, – Сяргею і Марыне Сенькам, Сяргею і Таццяне Канапліцкім, Дзмітрыю і Надзеі Сахарэвічам.

Сёння вёска ганарыцца і сваімі землякамі, якія нарадзіліся і выраслі ў гэтых маляўнічых мясцінах. Гэта выкладчык Белдзяржуніверсітэта Валянцін Барысевіч і ўрач абласнога цэнтра «Маці і дзіця» Ларыса Дасвядчынская.

Аздобілі свята песнямі і падрыхтавалі для вяскоўцаў канцэртную праграму народны ансамбль «Дольніца» Горкаўскага дома культуры і народны хор народнай песні Навасвержанскага дома культуры. А для дзетвары ладзіліся атракцыёны.

Ёсць у вёскі адметная гісторыя, ёсць і надзея на лепшае заўтра, а стаць яшчэ прыгажэйшай ёй дапаможа любоў яе жыхароў.

Надзея БАТАЛКА,фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *