Штраф за забыўчывасць

Ахова працы Нумары

image_pdfimage_print

У адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства кіраўнікі арганізацый, іх намеснікі, адказныя за арганізацыю аховы працы, галоўныя спецыялісты, кіраўнікі (спецыялісты) службаў аховы працы, члены камісій арганізацый праходзяць праверку ведаў па пытаннях аховы працы ў адпаведных камісіях вышэйстаячых арганізацый, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, не пазней месяца з дня назначэння на пасаду і перыядычна, у адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных прававых актаў, але не радзей аднаго разу ў тры гады.

Ва ўсіх раённых і гарадскіх выканкамах Мінскай вобласці створаны адпаведныя камісіі для праверкі ведаў па пытаннях аховы працы. На сайтах кожнай тэрытарыяльнай адзінкі размешчана інфармацыя аб раскладзе работы вышэйуказанай камісіі, а таксама інфармацыя аб адказнасці за непраходжанне праверкі ведаў па пытаннях аховы працы. Дарэчы згадаць, што ў адпаведнасці з арт. 9.17 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, парушэнне службовай або іншай упаўнаважанай асобай работадаўца або індывідуальным прадпрымальнікам патрабаванняў па ахове працы, якія ўтрымліваюцца ў нарматыўных прававых актах, у тым ліку тэхнічных і лакальных нарматыўных прававых актах, цягне накладанне штрафу ў памеры ад пяці да сарака базавых велічынь.

Здавалася б, што можа быць прасцей праходжання кіраўнікамі і спецыялістамі праверкі ведаў па ахове працы – сама працэдура бясплатная і не займае многа часу. Аднак не ўсе кіраўнікі і спецыялісты праходзяць яе своечасова, нягледзячы на тое, што пры рэгістрацыі кожнаму прадстаўніку суб’екта гаспадарання ў раённых і гарадскіх выканкамах выдаецца адпаведная памятка, якая ўтрымлівае ўсю неабходную інфармацыю. Больш таго, гэтая інфармацыя таксама размяшчаецца на сайтах і стэндах раённых і гарадскіх выканкамаў. Яна з’яўляецца падставай пры парушэнні для пачатку адміністрацыйнага працэсу па прыцягненні вышэйназваных спецыялістаў да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу.

Як паказвае практыка, кіраўнікі знаходзяць для сябе апраўданні, маўляў, забыліся, не хапіла часу, не ведалі, што ім неабходна было праходзіць праверку ведаў у тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам. Разам з тым, пры звяртанні ў райвыканкам (гарвыканкам) практычна ўсе спецыялісты пасля падрыхтоўкі з першага разу праходзяць гэтую нескладаную, але важную працэдуру.

Прывяду адзін з паказальных прыкладаў ігнаравання патрабаванняў заканадаўства. Кіраўнік адной з арганізацый падчас вядзення адміністрацыйнага працэсу патлумачыў, што не прайшоў наступную праверку ведаў па пытаннях аховы працы ў 2014 годзе па прычыне сваёй забыўчывасці і загружанасці. Па выніках разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, упаўнаважанай службовай асобай упраўлення было прынята рашэнне аб прыцягненні яго да адказнасці ў выглядзе штрафу ў максімальным памеры – на суму 8 400 000 рублёў. З такім пастанаўленнем кіраўнік арганізацыі не згадзіўся і звярнуўся са скаргай у суд. Суд разгледзеў скаргу і прыняў рашэнне,  што пастанаўленне вынесена абгрунтавана, таму пакінуў яго без змяненняў. Гэты прыклад не з’яўляецца адзінкавым.

Варта дадаць, што факт не праходжання кіраўнікамі і спецыялістамі праверкі ведаў па пытаннях аховы працы сведчыць аб тым, што работадаўцы не ведаюць, як правільна арганізаваць і забяспечыць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы работнікаў на кожным рабочым месцы, падвяргаючы іх жыцці і здароўе небяспецы.

Фёдар ЧАРНАГАЛОЎ, начальнік Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Мінскага абласногаўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *