Ветэраны – не пасіўныя назіральнікі

Нумары Пяты Усебеларускі народны сход Соцыум

image_pdfimage_print

 Рыгор Рылькоў выбраны на раённым сходзе ўпаўнаважаных дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу. На сходзе яму было прадастаўлена слова, у якім ён расказаў пра сябе, даў ацэнку рабоце Стаўбцоўскай раённай ветэранскай арганізацыі і выканаўчай улады, падкрэсліў ролю ветэранаў у патрыятычным выхаванні моладзі.

– Маё жыццё падобна на тысячы лёсаў нашых грамадзян са статусам «дзіця вайны». Выйшаў з вялікай сялянскай сям’і ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці. Мае бацькі – таксама з вялікіх шматдзетных сем’яў. Маці была ў сваёй сям’і дзявятай, бацька – шаснаццатым. У 45-м, пад Берлінам, ён загінуў… Увогуле з бацькавага роду на фронт пайшло 12 чалавек. Ніхто не вярнуўся, а дзевяць з іх – прапалі без вестак…

Вялікая Айчынная вайна завяршылася, калі мне было шэсць гадоў. У гэтым узросце я зведаў увесь цяжар сялянскай працы, бо, калі мая матуля-ўдава цягнула на сабе плуг, я спрабаваў утрымаць яго, каб не ўпаў у разору… У юнацтве было шмат аграрнай работы, што дало магчымасць  прафесійна авалодаць усімі прыладамі сельскагаспадарчай вытворчасці.

З 1958 года ўліўся ў рады абаронцаў Радзімы. Ва Узброеных Сілах праслужыў 33 гады на розных адказных пасадах. Завяршыў праходжанне ваеннай службы на пасадзе начальніка палітычнага аддзела тылу Беларускай ваеннай акругі.

Маю дзве вышэйшыя адукацыі – інжынерную і акадэмічную ваенна-палітычную. Да 2000 года працаваў у грамадскім аб’яднанні «Беларускі саюз прадпрымальнікаў» у якасці генеральнага дырэктара, затым – намесніка генеральнага дырэктара Беларускай канфедэрацыі прамыславікоў і прадпрымальнікаў. Доўгі час уваходзіў у склад розных рабочых груп пры Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь, якія займаліся выпрацоўкай заканадаўчых актаў па ўрэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці. Узнагароджаны трыма ордэнамі, медалямі, у тым ліку замежных дзяржаў.

З 2010 года з’яўляюся намеснікам старшыні савета ветэранаў Мінскай вобласці, з 2013 года – старшынёй савета.

Не выклікае сумнення, што кожны з нас, каму даверана стаць удзельнікам гістарычнага V Усебеларускага народнага сходу, павінен успрымаць гэта не толькі як гонар, але і як высокую адказнасць за выкананне ўскладзеных абавязкаў. Асноўная задача ветэранскіх арганізацый (на Міншчыне працуюць 22 раённыя саветы, 815 пярвічных арганізацый) – садзейнічанне ў рэалізацыі палітыкі дзяржаўнай падтрымкі пажылых людзей. Гэтай мэце служыць і адпаведная дзяржаўная праграма, прынятая на 2016–2020 гады.

Ветэранская сям’я цэнтральнага рэгіёна складаецца з 325 тысяч чалавек. Сумна і горка ўсведамляць, што ад нас адыходзіць пакаленне пераможцаў… Сёння ў Мінскай вобласці пражываюць 1810 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх 1312 – непасрэдныя ўдзельнікі баявых дзеянняў. Жывы адзіны сведка бітвы за Магілёў на Буйніцкім полі Аляксандр Іванавіч Слабада. Ён жа і Герой Сацыялістычнай Працы, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і Уздзенскага раёна. Шэсць ветэранаў прайшлі стратэгічную бітву пад Сталінградам, пяць – уступілі ў баявыя дзеянні ў самым пачатку вайны, трое – бралі Берлін і рэйхстаг… Усім ім – ужо за 90, і кожны з іх, без перабольшвання, – як апошні герой.                   

Напярэдадні 72-й гадавіны вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сумнай даты – 75-годдзя пачатку вайны, мы павінны звярнуць асаблівую ўвагу на ветэранаў, на тых, хто пацярпеў ад яе. Гэта ўдовы, сіроты, дзеці вайны… Выказаць удзячнасць ім – наш свяшчэнны грамадзянскі доўг. Усё, што ёсць у нас, – гэта вынік іх ратнага подзвігу і стваральнай працы ў мірны час. Нас павінна аб’яднаць не толькі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, але і патрыятызм, любоў да сваёй Радзімы.

Сёння мы не можам адносіць сябе да пасіўных назіральнікаў таго, што адбываецца ў нашай краіне. Многія ўдзельнічаюць у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Трэцяя частка ветэранаў працягвае працаваць. Мы былі, ёсць і будзем надзейнай апорай нашай дзяржавы.

У Беларусі, сацыяльна арыентаванай рэспубліцы, прымаюцца ўсе меры і створаны ўсе перадумовы для таго, каб люді пажылога ўзросту, ветэраны былі акружаны клопатам і ўвагай. Мы адчуваем гэта на прыкладзе Мінскай вобласці і на прыкладзе вашага раёна. Нядаўна прачытаў інтэрв’ю старшыні райвыканкама Ю. М. Горлава газеце «Мінская праўда» і падумаў: вельмі добра, што вашаму раёну пашанцавала на такога лідара, кіраўніка. Раённая ветэранская арганізацыя адчувае падтрымку і з боку тэрытарыяльнага цэнтра, прафсаюзных арганізацый, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўсіх выканаўчых органаў улады, дэпутацкага корпуса. Няма такіх прыкладаў, калі б праявілі бяздушныя, абыякавыя адносіны да пажылых людзей. У цэнтры ўвагі – слабаабароненыя катэгорыі ветэранаў, такіх як адзінокія і адзінокапражываючыя.

Рыгор Рылькоў, старшыня Мінскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *