Грамадства

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

НА ТУРЗЛЁЦЕ – З МАЛАДЫМ ЗАДОРАМ

На турбазе «Высокі бераг» прайшоў турзлёт для пажылых людзей. На яго сабраліся каманды з пяці тэрытарыяльных цэнтраў суседніх раёнаў – Клецкага, Уздзенскага, Пухавіцкага, Вілейскага і Стаўбцоўскага.

У іх складзе – наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, дзякуючы якім мерапрыемства можна назваць яшчэ абменам вопыту, творчай сустрэчай. У першую чаргу запомніцца яна жартоўнай міні-эстафетай, у якой змаглі паказаць сябе літаральна ўсе ўдзельнікі.

– Адказнымі за міні-эстафету былі нашы калегі з Клецка, – заўважае арганізатар турзлёту, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс. –  Яны падышлі да гэтага даручэння вельмі адказна, творча, а менавіта – выкарысталі тое, што наша сустрэча адбывалася ў Дзень нараджэння піянерскай арганізацыі. Так, атрымалася імправізацыя з  піянерскімі гальштукамі, кастром і песнямі пад гітару. У праграме быў таксама танцавальны марафон, падрыхтаваны ўздзенцамі, і – з нашага боку – прадстаўлены песенны флэшмоб пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка хору «Родны кут» Міхаіла Міткевіча. Другі дзень сустрэчы адзначыўся пешым паходам у Смольню, дзе гасцей чакала цікавая экскурсія з Сямёнам Корсікам.

Напрыканцы былі падведзены вынікі турзлёту. Прыемна, што кляччане, напрыклад, выказалі атрыманыя эмоцыі ў вершаванай форме і прысвяцілі іх Стаўбцоўскаму тэрытарыяльнаму цэнтру.

Дапамогу ў правядзенні турзлёту аказалі Ала Мешыч і кіраўнікі гурткоў Людміла Няверава і Таццяна Шаўчук, якія падрыхтавалі гасцям уласнаручна зробленыя сувеніры. На памяць кожнаму ўручана брашура аб Стаўбцоўскім раёне. Кіраўнік гуртка Цімур Міткевіч зняў лепшыя моманты турзлёту, якія ўвасобіць у відэафільме. Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», цэх хлебапячэння райспажыўтаварыства і СЗАТ «Агракамбінат «Колас» дапамаглі з арганізацыяй дэгустацыі прадукцыі. Падтрымалі іх індывідуальны прадпрымальнік Таццяна Навасельская  і, безумоўна, турбаза «Высокі бераг».     

Пр

 

АСВОД ПАЗІЦЫЙ НЕ ЗДАЕ

Па выніках работы за мінулы год раённай арганізацыі АСВОД прысуджана трэцяе месца ў Мінскай вобласці. 

– Разглядаўся ўвесь дыяпазон нашай дзейнасці – ад колькасці няшчасных выпадкаў на вадзе да падрыхтаванасці да сезона зон масавага адпачынку на вадзе, работы пляжаў, удзелу ў абласных спаборніцтвах па шматбор’і, здачы членскіх узносаў і т. п., – заўважае старшыня раённай арганізацыі АСВОД Іван Шчарбанюк.

Са станоўчай статыстыкі: удалося ўратаваць пяць жыццяў, у тым ліку дзіцячых, дзякуючы матросам-выратавальнікам АСВОД. Не дапушчана трагічных выпадкаў у зонах масавага адпачынку на вадзе, якіх на Стаўбцоўшчыне было сем. Прадпрыемствамі раёна, якія, паводле рашэння райвыканкама, замацаваны за зонамі масавага адпачынку на вадзе, шмат чаго зроблена ў плане іх добраўпарадкавання і аснашчэння, ачысткі акваторыі дна.

Для бяспекі адпачываючых у сезон у нас працавалі тры ведамасныя выратавальныя пасты – на турбазе «Высокі бераг», на азёрах у Падгорнай і Кромані, узятых у арэнду адпаведна ТАА «Рудзьмянская гаспадарка» і ТАА «Аналіз- Х», а таксама два пасты АСВОД – на пляжах на гарадскім возеры і на рацэ Нёман у рысе горада. Для арганізацыі работы паста на рацэ Нёман у рысе горада абласной арганізацыяй АСВОД было выдаткавана 52 мільёны рублёў для набыцця вагончыка. Таксама было арганізавана дзяжурства матроса-выратавальніка і на возеры ў Горках, узятым у арэнду ААТ «Жацерава».

Новы купальны сезон – новыя задачы па арганізацыі культурнага адпачынку каля вадаёмаў.

У раёне дзейнічаюць 40 пярвічных арганізацый АСВОД, 10 юрыдычных асоб з’яўляюцца членамі АСВОД. У радах пярвічак – 2280 школьнікаў. У школах і на прадпрыемствах вядзецца прафілактычная работа. З пачатку года ў пярвічных арганізацыях пачалася справаздачна-выбарная кампанія.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СА ЗВАННЕММЕЦЭНАТА КУЛЬТУРЫ

Сваё 60-годдзе адзначае Рэспубліканскі Палац культуры прафсаюзаў. Па выніках 2015 года ён удастоены звання «Мецэнат культуры Беларусі». Тут заўсёды кіпіць насычанае творчае жыццё. Прафсаюзная сцэна служыць арэнай для важных палітычных і культурных падзей: з’ездаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, канферэнцый, міжнародных фестываляў і канцэртаў. Кожны год тут праходзіць каля 700 мерапрыемстваў, гледачамі і ўдзельнікамі якіх становяцца больш за 250 тысяч чалавек.

У гэтым Палацы культуры працуюць 30 творчых калектываў, гурткоў, студый. Аматарскія аб’яднанні наведваюць больш за паўтары тысячы дзяцей і дарослых. Нямала вядомых людзей Беларусі займаліся творчасцю ў сценах Палаца культуры прафсаюзаў.

Галіна ЛУКАШЭВІЧ,старшыня раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *