І… сеанс пачынаецца

Ганаруся сваёй прафесіяй Нумары

0332У гісторыю Новага Свержаня ўвайшло імя Клавы Бутанавай. Яна круціла ў Доме культуры кіно. У многіх была вялікая цікаўнасць: а што там за маленькім акенцам, якое свеціцца ў залу?  Каб прагляд адбыўся, многае для гледача застаецца «за кадрам». Для Ганны Кульбака гэтая прафесія была настолькі загадкавай, а асоба Клавы Бутанавай настолькі неардынарнай, што  пасля заканчэння Навасвержанскай школы дзяўчына без развагі пайшла вучыцца ў Мінскае ПТВ кінамеханікаў. Гэта быў далёкі ўжо 1970 год.

З гэтай прафесіяй у Ганны Вячаславаўны звязаны 40 гадоў яе жыцця. І што цікава: прафесія кінамеханіка і  сёння  застаецца загадкавай і надзвычай рэдкай. На сучасны момант на пальцах рукі можна пералічыць людзей такога занятку ў нас у раёне. Ды і  яны ўжо на пенсіі і не працуюць.

Імёны многіх  з іх назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю кінасеткі раёна. Як імя Мікалая Якаўлевіча Чаркасава. Ён стаў працаваць у кінатэатры «Беларусь» райцэнтра адразу пасля вайны. Быў адмысловым майстрам-кінамеханікам. Менавіта ён даваў ўрокі маладому спецыялісту Ганне Кульбака, якая доўгі час працавала ў кінатэатры «Беларусь». І дзякучы яму яна спасцігла ўсе сакрэты прафесіі, многаму навучылася і сама стала адмысловым майстрам. У стаўбцоўскім аддзеле Кінавідэапракату яна заўсёды лічылася адным з лепшых працаўнікоў.

Эра плёначнага кіно заканчваецца, на змену плёначным праектарам прыходзіць лічбавая апаратура. Ганна Вячаславаўна памятае 80-я гады, калі на індыйскія фільмы стаўбчане прыходзілі ў кінатэатр са сваімі крэсламі ці табурэтамі, таму што свабодных месцаў у глядацкай зале не было. Ды і для Ганны Кульбака прафесія кінамеханіка ў многім была прыцягальнай тым, што яна магла першай паглядзець усе прэм’еры, усе кінастужкі.

Вялікі экран саступіў месца дамашняму камп’ютару – і гэта адна з асаблівасцяў цяперашняга стану кінапракату. Аднак работнікі кінасеткі знаходзяць новыя формы работы з гледачом, і вельмі паспяховыя. Ганна Вячаславаўна, якая працуе цяпер у Навасвержанскім доме культуры, гаворыць, што яна мае цесную сувязь з мясцовым дзіцячым садам. З якой радасцю белабрысыя хлопчыкі і дзяўчынкі рассаджваюцца ў зале, з якім нецярпеннем чакаюць, калі патухне свет і на экране з’явяцца вясёлыя героі мультфільмаў! Даставіць радасць дзятве (а дашкольнікі – самыя ўдзячныя гледачы) – вялікая радасць для кінамеханіка.

Да сваіх асноўных абавязкаў  Ганна Кульбака ў кінатэатры «Беларусь» выконвае і ролю мастака – яна многія гады піша афішы. Нездарма ж бацькі некалі так хацелі, каб Ганна развівала свае мастацкія таленты ў прафесіі дызайнера ці якой іншай творчай.

Ёсць у Ганны Кульбака і яшчэ адзін прыродны дар, які выдасць сцэнічны касцюм, што вісіць у чахле ў яе аператарскай. Пакуль гэты талент яна стала рэалізоўваць, працуючы ў Навасвержанскім доме культуры, была такая перадгісторыя. Ганна Вячаславаўна расказвае, з якой зайздрасцю слухала яна, як праходзяць рэпетыцыі і канцэрты народнага хору «Панямонь». Ёй так хацелася быць на сцэне разам  з харыстамі. Даведаўшыся, што Ганна Кульбака мае дар  добра спяваць, яе залічылі ў хор, у якім яна спявае ўжо больш за 10 гадоў.

Усё гэта дапамагае Ганне Кульбака заставацца такім вось сонечным чалавекам, якой вы  бачыце яе на фотаздымку.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *