Навіны з сельгасарганізацый

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ШЧЫРУЕ МІЖГАСПАДАРЧЫ АТРАД

Корманарыхтоўшчыкі ААТ «Агранёманскі» рупяцца закласці як мага больш кармоў для грамадскага статка. На дзень наведвання гаспадаркі на яе сенажацях шчыравала не толькі ўласная тэхніка: як і летась, агранёманцы скааперыраваліся ў міжгаспадарчы мехатрад з механізатарамі ААТ «Жацерава».

– Нашы механізатары спачатку дапамаглі ўбраць травы жацераўцам, а цяпер яны да нас прыехалі, – патлумачыў спецыяліст па кормавытворчасці Аляксандр Крывель. – Работа спорыцца. На касьбе задзейнічаны тры касілкі, на варушэнні – двое грабляў, на падборы валкоў – два кормаўборачныя комплексы, на адвозцы зялёнай масы – адзінаццаць адзінак тэхнікі, на трамбаванні – тры трамбоўшчыкі. Сёлета пагода для нарыхтоўкі кармоў з першага ўкосу спрыяльная, можна сказаць ідэальная. Да запатрабаванай вільготнасці зялёная маса правяльваецца літаральна за дзень.

Разам са спецыялістам праехалі на поле за вёскай Цвіркі. На 85-гектарнай плошчы тут пасеяны бабова-злакавыя травы, у працэнтных суадносінах пераважае люцэрна. Па словах Аляксандра Леанідавіча ўраджайнасць правяленай масы даволі добрая, склала 120 цэнтнераў з гектара. На кормаўборачным комплексе працуе Аляксандр Фалюк, які папярэдне касіў траву. Аляксандр Мікалаевіч – механізатар шырокага профілю, ён выконвае любую даручаную работу сумленна і якасна. Манеўруючы па полі, ён пільна сочыць за тым, каб кармы не сыпаліся на зямлю, а абавязкова траплялі ў кузаў аўтамашыны або прычэп трактара.

У мінулы чацвер закладвалася сянажная яма на МТФ «Скамарошкі». Тэхніка адна за адной заязджала на разгрузку. Падліковец Раіса Бохан запісвала колькасць зробленых кожным механізатарам і вадзіцелем рэйсаў. Раіса Францаўна задаволена, бо траншэя запаўнялася хутка. На трамбаванні шчыраваў Віталій Няволька, які з году ў год заняты на гэтай аперацыі. Работа ў трактарыста адказная. Для таго каб кармы добра захоўваліся, іх неабходна як след затрамбаваць, таму Віталій Аляксеевіч стараўся. Дарэчы, закладваюцца кармы з кансервантам, на кормаўборачных комплексах устаноўлены спецыяльныя ёмістасці. Трамбаванне ідзе ў дзве змены.

На корманарыхтоўцы работы вяліся ў комплексе. За вёскай Дразды на трактары з нямецкай касілкай шчыраваў Анатолій Казлоўскі. Анатолій Барысавіч звыш дваццаці гадоў рупіцца ў гаспадарцы і пастаянна прымае ўдзел у зялёным жніве. На гэтым полі пад жыта была падсеяна канюшына. Травастой вырас неблагі.

Для занятых на касавіцы ў таварыстве створаны добрыя ўмовы. Арганізавана двухразовае харчаванне: гарачы абед і падвячорак работнікі сталовай прывозяць на поле. Кожнаму працаўніку выдаецца мінеральная вада.

Усе віды кармоў рыхтуюцца ў таварыстве адначасова. На мінулым тыдні намаганні былі скіраваны менавіта на закладку сенажу ў траншэі. Перад корманарыхтоўшчыкамі ўсіх гаспадарак раёна пастаўлена задача да сярэдзіны чэрвеня справіцца з гэтай работай.

На здымках: (злева направа) задаволены ўраджаем сеяных траў механізатары Аляксандр Фалюк і Казімір Дамброўскі, начальнік участка Аляксандр Якімаў і спецыяліст па кормавытворчасці Аляксандр Крывель; вопытны механізатар Анатолій Казлоўскі; механізатар Віталій Няволька і падліковец Раіса Бохан; кіпіць работа на сенажацях.

 

ДАДЗЕНЫ РЭКАМЕНДАЦЫІ

Па ініцыятыве кіраўніцтва раёна супрацоўнікі малочнай лабараторыі ААТ «Мінскі малочны завод №1» сумесна з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Юліяй Жукоўскай на мінулым тыдні наведалі ўсе сельгаспрадпрыемствы. Мэта аб’езду – рэзервы паляпшэння якасці малака. Справа ў тым, што сельгаставарыствы гатункам «экстра» адгружаюць на малаказаводы прыкладна шостую частку ад пастаўленай сыравіны. А ў рэалізацыі  і атрыманні высакаякаснай прадукцыі зацікаўлены як вытворцы, так і перапрацоўшчыкі. Правераны санітарны стан жывёлагадоўчых памяшканняў, малочных блокаў і даільных залаў, даільнага абсталявання, наяўнасць лабараторый і іх аснашчэнне неабходнымі прыборамі для вызначэння якасных паказчыкаў малака, мыючых і дэзынфіцыруючых сродкаў, правядзенне кантрольных доек і г. д. Згодна з вынікамі праверак спецыялістам галіны і жывёлаводам супрацоўнікамі гармалзавода зроблены заўвагі і дадзены слушныя рэкамендацыі. 

 

ПАМАГАТЫЯ СА СТАЛІЦЫ

На палетках ААТ «Шашкі» шчыруе тэхніка Мінскага райаграсэрвіса. Арганізацыя, якая абслугоўвае сельскую гаспадарку, і ў мінулыя гады падчас правядзення палявых работ працавала ў сельгаставарыствах нашага раёна.  Сёлета яе механізатарамі таксама выкананы немалы аб’ём работ. Яны парупіліся ў ААТ «Агранёманскі» і «Дзераўное» (у кожным таварыстве ўнесена ў глебу больш як па 20 тысяч тон арганікі), а таксама ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Зараз звяно, у якім налічваецца тры раскідвальнікі арганікі і пагрузчык, працуе на МТФ «Шашкі». У гаспадарцы ўжо ўнесена на палеткі каля дзевяці тысяч тон «вітамінаў урадлівасці», плануецца раскідаць яшчэ звыш трох тысяч тон. Паводле распараджэння райвыканкама на гэтыя мэты гаспадарцы выдзяляецца фінансавая дапамога. На ўгноеных плошчах у таварыстве будзе праведзена перазалужэнне. Як заўважае вядучы аграном Мінскага райаграсэрвіса Мікалай Бруй, затым зноў запросяць да сябе сталічных памагатых агранёманцы.

 

ЗАСЯЛІЛІ «КЛЮШАЧНІК»

У СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» на мінулым тыдні здадзены ў эксплуатацыю «клюшачнік» на 200 галоў пад беспрывязнае ўтрыманне жывёлы, пабудаваны на МТФ «Апечкі». У новым памяшканні размесцяцца сухастойныя каровы. Зараз жывёла вольна пачувае сябе ў выгулах. У планах кіраўніцтва ўзвядзенне на гэтай ферме яшчэ двух новых жывёлагадоўчых памяшканняў: адно пабудуюць для ўтрымання дойнага статка, другое – для  цялят. Будзе праведзена і рэканструкцыя цялятніка.

 

АСВОІЛІ ВЫРАБ

У ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» асвоены выраб стойлавага абсталявання для жывёлагадоўчых памяшканняў фермаў раёна. Разам з дырэктарам таварыства Сяргеем Мельнікам у рацыяналізатарскай распрацоўцы прынялі ўдзел начальнік вытворчасці Аляксандр Пахадня і інжынер-тэхнолаг Аляксандр Панасюк.

– Мы вырабім стойлавае абсталяванне для патрэб нашага сельскагаспадарчага філіяла. Гэта абыдзецца намнога танней, – адзначыў Сяргей Мікалаевіч. – Ужо маем і заказы ад кіраўніцтваў ААТ «Вішнявецкі-агра», «Жацерава» і «Рочавічы».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *