Перад развітаннем са школай

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

ГАРАЧАЯ ТЭЛЕФОННАЯ ЛІНІЯ Ў МІНІСТЭРСТВЕ АДУКАЦЫІ

Гарачая тэлефонная лінія працуе з 1 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі, паведамілі ў прэс-службе Мінадукацыі.

На тэлефонныя званкі абітурыентаў і іх сваякоў адказваюць прадстаўнікі ВНУ, кампетэнтныя ў пытаннях прыёму ў вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі.

«Практыка запрашэння на гарачую лінію спецыялістаў сістэмы вышэйшай адукацыі сябе выдатна зарэкамендавала: гэтыя людзі не толькі тэарэтыкі, але і дзеючыя практыкі, глыбока і дэталёва могуць адказаць на пытанні, даць параду альбо кансультацыю», – адзначылі ў прэс-службе.

Патэлефанаваць па гарадскім нумары (8-017) 222-43-12 можна да 19 жніўня. Лінія будзе працаваць з 09.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00. Гарачая тэлефонная лінія працуе і ў выхадныя дні: субота – 18 чэрвеня, 25 чэрвеня, 9 ліпеня, 16 ліпеня, 23 ліпеня, 30 ліпеня, 6 жніўня, 13 жніўня. І ў нядзелю – 19 чэрвеня, 24 ліпеня, 31 ліпеня, 14 жніўня.

БелТА

 

У ГАРМОНІІ З ДАРОГАЙ

Адбыўся раённы этап рэспубліканскага творчага конкурсу для дзяцей і падлеткаў «Захоўваем законы дарог!». Конкурс праходзіў у трох намінацыях – малюнак, выраб, сачыненне. У ім прынялі ўдзел 13 устаноў адукацыі, прадставіўшы 31 творчую работу.

Вучні далучыліся да вывучэння і захавання Правілаў дарожнага руху, гэта дапамагло ў фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін.

У намінацыі «Малюнак» першае месца журы аддало работам Дар’і Бурновіч (Вішнявецкая СШ), Марыі Голубевай (СШ № 2) Яўгену Кавалеўскаму (СШ № 3). Другое месца падзялілі Мікіта Юрыс (Аталезскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа), Захар Радзіон (Шашкоўская СШ), Кацярына Дзянісік (СШ № 2), Дзяніс Кізянкоў (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі). Трэцяе месца занялі работы Алега Радзіона (Шашкоўская СШ), Дзіяны Нічыпарэнка (Навасвержанская СШ), Вікторыі Казека (СШ № 3).

У намінацыі «Выраб» дыпломамі І ступені ўзнагароджаны Яраслаў Клаўшун (Вішнявецкая СШ), Віктар Руткоўскі (Любкаўшчынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа), Дзіяна Сапяжынская (Заямнаўская СШ). Другое месца журы прысудзіла Іллі Каструбаю (Акінчыцкі ВПК дзіцячы сад – пачатковая школа), Алесі Скулковай (Нававёскаўская СШ), Вікторыі Боган (Аталезскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа). Трэцяе месца заняла работа Вікторыі Хітрык (Навасвержанская СШ).

У намінацыі «Сачыненне» дыплом І ступені прысуджаны Кірылу Кручку (Старасвержанская СШ), Паліне Шэлін (Аталезскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа), Дзіяне Валахановіч (гімназія № 1), Валерыі Нікалаевай (Заямнаўская СШ). Другое месца занялі работы Марыі Гарох (гімназія № 1), Вольгі Пяўнёвай (Старасвержанская СШ). Трэцяе месца падзялілі Надзея Дзямянка (Шашкоўская СШ) і Хрысціна Качановіч (Старасвержанская СШ).

Адбыўся абласны этап творчага конкурсу. Усяго было прадстаўлена 230 работ. Дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама ў намінацыі «Малюнак» узнагароджаны вучань Шашкоўскай сярэдняй школы Яўген Кавалеўскі. Гэта радасць не толькі для Яўгена, але і для ўсіх нас.

Таццяна ГРАМЫКА,метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму

 

МНЕ ЎСМІХАЕЦЦА СІНЯЕ НЕБА

Гэта было так даўно, але, здаецца, зусім нядаўна… Я з букетам кветак, белымі бантамі і радасным сэрцам iшла ў школу. За руку мяне трымала прыгажуня-мама. Усё было так нова: новыя дзеці, школа, першая настаўніца – Ірына Міхайлаўна Нікіціна.

 У пачатковай школе было вельмі добра. Ірына Міхайлаўна вучыла нас рускай мове, матэматыцы, а мы прагна слухалі. Вучоба падабалася ўсім. Хоць на перапынках мы часта гарэзілі: то здымалі на тэлефон «блокбастары», то, як ашалелыя, насіліся, шумелі. Пачатковая школа прынесла мне шмат радасці, аднак былі і засмучэнні. Напрыклад, я заўсёды злавалася і крыўдзілася, таму што мяне называлі «Кацькай Пушкаровай»…

Ірына Міхайлаўна ва ўсім дапамагала нам. У канцы чацвёртага класа быў выпускны. Я сумавала, не хацела развiтвацца са сваёй першай настаўніцай. Цяпер я часта бачу Ірыну Міхайлаўну ў школе, і яна заўсёды ўсміхаецца мне, ласкава кажа: «Прывітанне, Кацюша!» Для мяне гэта шмат значыць.

 Пяты клас. Я не ведала, што мяне чакае, хвалявалася. Сонца свяціла вельмі ярка тады, першага верасня. Я, пяцiклашка, стаяла сярод вучняў і з цікаўнасцю глядзела на нашу новую настаўніцу, тую, якая стане для мяне самым лепшым і добрым сябрам.

Людміла Раманаўна Супрановіч вяла першы ўрок у нашым класе. Я бачыла яе ўсмешку, і сэрца напаўнялася цяплом і спакоем.  Колькі давялося перажыць ёй з-за нас! Але Людміла Раманаўна, нягледзячы ні на што, працягвала любіць нас, клапаціцца пра нас. Дзякуючы ёй я зразумела, наколькі настаўнікі самааддана служаць дзецям, аддаюць ім свае душу, сэрца. Я ведаю, як многа начэй правяла мая настаўніца за сшыткамі і кнігамі, як многа дзён яна прысвяціла нам – вучням. Я заўсёды дзівілася стойкасці і сіле Людмілы Раманаўны. За сем гадоў мы сталі неразлучнымі сябрамі. Колькі гадзін мы правялі разам, колькі мудрых парад мне дала Людміла Раманаўна! Ёй я магла даверыць самыя патаемныя сакрэты. З ёй магла абмеркаваць прачытаныя кнігі і прагледжаныя фільмы, пагаварыць пра пісьменнікаў, паэтаў, акцёраў і музыкаў. З ёй я магла ўсміхнуцца, убачыўшы белую бярозку, і сказаць аб тым, як жа я люблю вершы Сяргея Ясеніна. Ёй першай я паказвала свае апавяданні, вершы, ёй першай я казала аб ідэях, якія ўзніклі ў маёй галаве. Людміла Раманаўна ўсяляла ў мяне надзею. Я ўдзячна Богу за тое, што ў маім жыцці ёсць чалавек, чый нумар тэлефона я магу набраць у любы час.

Той, у каго ёсць сябры, – надзвычай шчаслівы чалавек. Я ведаю гэта. У школе № 3 ёсць два месцы, дзе мне рады ў любы час: прэпаратарская Людмілы Раманаўны і бібліятэка. Тут я магу схавацца ад праблем, магу падзяліцца шчасцем, тут – людзі, якія ніколі не здрадзяць, не пакрыўдзяць мяне. Я магу эмацыянальна расказаць ім аб усім, нягледзячы на гадзіннік. Іншыя б ужо даўно выпіхнулі мяне з бібліятэкі, але толькі не Вольга Пятроўна Гавака і Жанна Фёдараўна Дубовік. Дзякуючы іх цярпенню, дабрыні і ўвазе бібліятэка стала маім цёплым прытулкам.

Кожны дзень у школе дастаўляе мне радасць. Вялікі дзякуй мне хочацца сказаць дырэктару нашай школы Жанне Мікалаеўне Лысай, усім настаўнікам, кожнаму з іх. Я дзякую за кожную хвіліну, за кожны погляд, за кожную ўсмешку. Яны будуць жыць у маім сэрцы. Я абавязкова выхаваю ў сваіх дзецях любоў і павагу да настаўнікаў.

Мне хочацца падзякаваць настаўнікам Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, якія выкладалі эстэтычныя дысцыпліны. Людміла Станіславаўна Крамко выхавала ў мяне любоў да баяна. Прызнанне выказваю Святлане Мікалаеўне Швечыкавай і Зоі Міхайлаўне Драбышэўскай за тое, што яны два гады прафесійна вучылі мяне вакальнаму майстэрству. 

Вось і прабягае апошняя мая вясна ў сценах роднай школы. Я не ведаю, як складзецца мой лёс. Але я ведаю, што буду памятаць кожнае імгненне свайго дзяцінства, юнацтва. Дзе б я ні апынулася, я буду ведаць, што мяне любяць, мяне чакаюць і будуць рады мне тут – у горадзе Стоўбцы. Тут па-асабліваму сіняе неба, па-асабліваму спяваюць птушкі, шумяць бярозы. Тут усё асаблівае. Таму што тут – мая Радзіма! Тут – мой дом. Тут – маё сэрца. Навекі…

  Кацярына ІГНАТОВІЧ,вучаніца выпускнога класа СШ № 3 г. Стоўбцы

 

У КОНКУРСЕ ТЭАТРАЎ

Незабыўныя ўражанні засталіся ў нас ад удзелу ў XXV адкрытым фестывалі-конкурсе дзіцячых тэатральных калектываў, які праходзіў у горадзе Барысаве. Вялікая сцэна Палаца культуры імя М. Горкага прыняла ўдзельнікаў з розных устаноў культуры Беларусі.

Нашу Дзераўнянскую дзіцячую школу мастацтваў прадстаўлялі два дзіцячыя тэатры –»Іскрынкі «На-Дзеі» і «Каўчэг». Перад выступленнем мы вельмі хваляваліся, але, калі апынуліся на сцэне, то адчулі сябе сапраўднымі акцёрамі. Атрыманыя ўзнагароды дадалі нам яшчэ больш упэўненасці ў сваіх сілах. Дзіцячы тэатр «Іскрынкі» На-Дзеі» ДУА «Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў» атрымаў дыплом у намінацыі «Лепшае вырашэнне касцюмаў».

Юныя артысты – Ягор Дзям’янка, Юлія Падасецкая, Максім Жодзік, Юлія Грыгарцэвіч, Ганна Сіняўская, Надзея Пугач – таксама адзначаны.

Падзякі ад аркамітэта фестывалю атрымалі нашы настаўнікі –  Алена Пятроўна Шуцько і Наталля Уладзіміраўна Сіняўская – за творчасць, прафесіяналізм, высокі ўзровень падрыхтоўкі дзяцей.

А зараз мы рыхтуемся да ўдзелу ў новых конкурсах і фестывалях.

Валерыя ЯЎСЕЙЧЫК,Карына САЙ,вучаніцы тэатральнага аддзялення Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *