За парушэнні – да адказнасці

За першы квартал бягучага года дзяржаўнымі інспектарамі працы Стаўбцоўскага міжраённага аддзела праведзена восем праверак арганізацый раёна па пытаннях прытрымлівання наймальнікамі патрабаванняў заканадаўства аб працы і ахове працы. Выяўлена 391 парушэнне. Наймальнікам выдадзена шэсць патрабаванняў (прадпісанняў) на іх ухіленне. Забаронена эксплуатацыя 36 адзінак абсталявання, якія стваралі рэальную пагрозу жыццю і здароўю працоўных: па сямнаццаць у ААТ «Каганец» і «Шашкі», два – у ПВУП «Лесформінвест-Плюс».

Самыя распаўсюджаныя парушэнні: у арганізацыі навучання і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы і правядзенні інструктажоў; недахопы ў інструкцыях (не ўказаны ўсе неабходныя патрабаванні па сродках індывідуальнай аховы і іх прымяненні, забарона на спажыванне алкаголю, наркатычных і таксічных сродкаў і інш.);  падчас эксплуатацыі вытворчага абсталявання і лесвіц, утрыманні і абслугоўванні транспартных сродкаў і наземнага бязрэйкавага транспарту, у складскіх памяшканнях пры эксплуатацыі стэлажоў і паліц; на тэрыторыях адсутнічаюць знакі абмежавання хуткасці руху, схемы руху транспарту па тэрыторыі, не наведзены парадак; не запаўняюцца журналы штодзённага кантролю за станам аховы працы; адсутнічаюць бытавыя памяшканні.

У складзе раённай камісіі па праверцы ведаў па ахове працы правераны веды ў 30 кіраўнікоў, службовых асоб і членаў камісій па пытаннях аховы працы арганізацый, у т. л. у 25 – з арганізацый безведамаснай падпарадкаванасці. Да наймальнікаў, якія ўхіляюцца ад праходжання праверкі ведаў, прымяняюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння (ТАА «Санаком», ПГУП «СтальГранд» і ТАА «Глаўбер»).

У бягучым годзе ў раёне зарэгістраваны няшчасныя выпадкі на вытворчасці. Са смяротным зыходам на лесазаводзе і з няцяжкім – у ААТ «Шашкі».

Мабільнай групай райвыканкама праведзена 32 праверкі прытрымлівання арганізацыямі раёна патрабаванняў бяспекі, у тым ліку заканадаўства па ахове працы: у сельскай гаспадарцы – шаснаццаць (занатавана 452 парушэнні),  на будаўніцтве – шэсць (51 парушэнне), у арганізацыях іншых відаў дзейнасці – дзесяць (95 парушэнняў).

За мінулы год дзяржаўнымі інспектарамі працы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці  ў выглядзе штрафных санкцый дзевятнаццаць службовых асоб на суму 23,1 мільёна рублёў і восем наймальнікаў на суму 16,8 мільёна рублёў.

У мэтах прапаганды прававых ведаў сярод насельніцтва, прафілактыкі правапарушэнняў у сферы працоўнага заканадаўства і вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна праведзена шэсць нарад.

Выпадкаў нясвоечасовага накіравання паведамленняў аб выпадках траўміравання работнікаў (за гэта прымяняюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння) з боку наймальнікаў у Стаўбцоўскі міжраённы аддзел не выяўлена.

Уладзімір САВІЦКІ, галоўны дзяржаўны інспектар Стаўбцоўскага міжраённага аддзела працы