Разам з выратавальнікамі і валанцёрамі

Нумары РАНС інфармуе Увага - дзецям

image_pdfimage_print

Па традыцыі, напярэдадні летніх канікулаў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях запрашае на гарадскі стадыён дзетвару і іх бацькоў на свята бяспекі, прысвечанае Дню абароны дзяцей. У сёлетні год, аб’яўлены ў нашай краіне Годам культуры, яго можна назваць яшчэ святам культуры бяспекі. 

На мерапрыемства прыехала шмат дзяўчынак і хлопчыкаў разам са сваімі настаўнікамі з розных школ раёна, таму было яно, як ніколі, масавым. Жадаючыя спяшаліся зрабіць здымак на памяць на фоне пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, якая з нагоды свята выстраілася на стадыёне ў шарэнгу. Выратавальнікі раёна сумесна з членамі Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных падрыхтавалі адмысловыя тэматычныя конкурсы, у якіх дзеці праяўлялі творчасць і выдумку, дэманстравалі ў гульнявой форме сваё веданне правілаў бяспечнай жыццядзейнасці, а таксама спаборнічалі, хто хутчэй  прымерыць на сябе «баёўку» пажарнага. За гэта атрымлівалі карысныя прызы – кніжкі-«размалёўкі» і інш.

Сімпатычныя валанцёры БРСМ і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа раздавалі прысутным каляндарыкі супраць курэння – плён прафілактычнай дзейнасці раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. І гэта невыпадкова, таму што акурат  31 мая адзначаўся Сусветны дзень без тытуню. Сімвалічна, што ў гэты дзень завяршалася маштабная рэспубліканская акцыя «Беларусь без тытуню» .

Нельга не сказаць, што святам на стадыёне фактычна фінішыравала і акцыя выратавальнікаў  «Не пакідайце дзяцей адных».

– Акцыя праходзіла ў тры этапы, – падводзіць вынікі інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей. – На першым этапе ладзілася сустрэча з прыёмнай сям’ёй Васільевых з дзіцячага дома сямейнага тыпу, свята ў аграгарадку Слабада. Другі этап адзначыўся бацькоўскімі сходамі ў дзіцячых садах і школах раёна, семінарам для сацыяльных педагогаў і работнікаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра, сустрэчай у педыятрычным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы (удзел у ёй узялі і прадстаўнікі абласнога ўпраўлення МНС). Для мамаў малышоў мы падрыхтавалі віктарыну і, адпаведна, прызы. Уся прафілактычная работа – у імя бяспекі сем’яў, бяспекі нашых дзяцей.     

Адкрываючы свята на стадыёне, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын слушна падкрэсліў, што дзеці з’яўляюцца дарагімі не толькі для бацькоў, а і для краіны ў цэлым. Нельга дапусціць, каб іх жыцці абрываліся на пажары, на вадзе або ў дарозе. Самае страшнае, што гэта адбываецца часцей за ўсё з-за элементарнага недагляду дзяцей бацькамі, пакідання малых дзяцей адных, без кантролю дарослых. На пытанні летняга адпачынку, аздараўлення дзяцей і, адначасова, іх бяспекі звярнулі ўвагу ў сваіх выступленнях начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Стонька, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская.         

Слова было дадзена і самім дзецям, непасрэдным удзельнікам свята. Тым больш што многія з іх на працягу вучэбнага года зарэкамендавалі сябе актыўнымі юнымі выратавальнікамі-пажарнымі не толькі ў раёне, а і ў Мінскай вобласці. Выступілі навучэнцы Шашкоўскай школы – прызёры занальнага этапу конкурсу вясёлых і знаходлівых «Таленавітая моладзь – таленавітая ва ўсім», агітбрыгада КВЗ з Аталезскага ВПК дзіцячы сад–сярэдняя школа, вучні СШ № 2. Пад дружныя воплескі прысутных Валерый Ілюшын уручыў падзяку за супрацоўніцтва ўсім тром названым установам адукацыі, а таксама Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў, гімназіі № 1, вучні якой сёлета ўдала выступілі на абласным этапе конкурсу «Школа бяспекі».        

Падарункам дзецям ад выратавальнікаў сталі водная феерыя і магчымасць блізкага знаёмства з пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікай. 

У мэтах бяспекі дзяцей 1-га чэрвеня стартавала новая акцыя – «Канікулы без дыму і агню».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *