Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Надзея Горлава, Соф’я Цвірка, Арсеній Качулістаў, Яўгеній Жогла, Яраслава Дзяржаўская, Кірыл Сямёнаў, Ангеліна Сідорык і Дзіяна Тапалава.

Зямны шлях закончыўся для 16-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Скамарошках – на дачным участку пачаў гарэць хлеў. Агнём знішчаны дах пабудовы. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём. Матэрыял перададзены ў райаддзел міліцыі.

Міліцыяй зарэгістравана 120 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 11 крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазраваемыя. Зафіксаваны два факты крадзяжу веласіпедаў з пад’езда дома па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах. Махляр заключыў з ЗАТ «Бэст» дагавор аб аказанні паслуг электрасувязі, у выніку чаго завалодаў мабільным тэлефонам з залогавым коштам 7 128 000 рублёў, затым рэалізаваў яго, пры гэтым «забыў» пра дагаворныя абавязацельствы. У Новым Свержані 71-гадоваму мужчыну сын нанёс нажавыя раненні, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Пракуратурай раёна праведзены маніторынг выканання землекарыстальнікамі патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства, у ходзе якога на землях ДДЛГУ «Стаўбцоўскі лясгас» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» устаноўлены несанкцыянаваныя звалкі бытавых адходаў. Кіраўнікам названых прадпрыемстваў вынесены прадпісанні аб ухіленні парушэнняў.

ДАІ выявіла 299 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – восем нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх – на мотаблоку) і 19 вадзіцеляў-бяспраўнікаў (чацвёра кіравалі мотатранспартам), 16 недысцыплінаваных пешаходаў і чацвёра – веласіпедыстаў. Здарылася восем дарожных аварый. Вадзіцель аўтамабіля «Фіят-кардоба», жыхарка Стоўбцаў, на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Дзяржынскага не саступіла дарогу аўтамабілю «Форд-мандэа», які рухаўся па галоўнай дарозе. У выніку сутыкнення пацярпела пасажырка аўтамабіля «Форд-мандэа», 1943 года нараджэння. Яна змешчана ў хірургічнае аддзяленне бальніцы. Вечарам 1-га чэрвеня на вуліцы Міру, паблізу дома № 8, вадзіцелем аўтамабіля «Аўдзі-100» быў учынены наезд на чатырохгадовае дзіця, якое нечакана выбегла на праезджую частку з-за стаячага транспартнага сродку. Яно дастаўлена ў бальніцу. Праводзіцца дадатковая праверка. 

«Хуткая» выязджала 200 разоў. Адзін з выклікаў быў у Новы Свержань, дзе нецвярозы мужчына скокнуў з трэцяга паверха і атрымаў траўму пазваночніка.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ       



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *