Повязь часу

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Няўмольна бяжыць час, прасціраючы сваю плынь праз віхурнасць вялікіх і, часам, зусім непрыкметных падзей, мяняючы ландшафтны воблік нашага жытла і яго наваколля. Зірніце на здымак, на якім невядомы фатограф у пачатку дваццатых гадоў мінулага стагоддзя з гмаха касцёла св. Казіміра, што велічна ўзвышаўся над гарадской рыначнай плошчай, зафіксаваў для нашчадкаў гістарычныя рысы прынёманскага мястэчка з назвай Стоўбцы. Архіўнае фота дапоўніць наша ўяўленне аб паселішчы амаль векавой даўніны, скіраваўшы позірк на роўныя стужкі вуліц з простымі сялянскімі хацінамі да знакавага гарадскога месца – царквы cв. Ганны.

Васіль ЗЯНЬКО

 

ЗА ЗЯМЛЁЮ – У СІБІР

Паўтара мільёна беларускіх сялян у пошуках лепшай долі перасяліліся ў Сібір у пачатку дваццатага стагоддзя, калі ў Расійскай імперыі праводзілася славутая сталыпінская рэформа. Сярэдневяковыя формы землекарыстання, саслоўная непаўнапраўнасць і прыніжанасць селяніна, непасільныя падаткі і павіннасці былі асноўнымі прычынамі, якія штурхалі беззямельных і малазямельных на пошукі лепшай долі. Не забяспечваў у той час пражытачны мінімум сярэдняй сялянскай сям’і з шасці-сямі душ і надзел да 15 дзесяцін. Пры гэтым селянін без згоды сельскай грамады не мог прадаць свой зямельны надзел, закласці яго ў банк. Шматлікія падаткі і павіннасці пры нізкай урадлівасці глебы і адсталай аргтэхніцы прыводзілі да таго, што сялянская сям’я, маючы 15 дзесяцін, не магла пракарміць, апрануць сябе, па-чалавечы жыць. Селянін вымушаны быў прадаваць хлеб і іншыя прадукты сваёй працы, браць кабальныя пазыкі ў памешчыкаў.

Гэта выклікала выступленні пратэсту. Рост масавага аграрнага, а затым і палітычнага руху расійскага сялянства ў 1905 годзе прымусіў царскі ўрад прызнаць непазбежнасць рэфармавання парадкаў у вёсцы. Ініцыятарам і галоўным кіраўніком пераўтварэнняў выступіў прэм’ер-міністр і міністр унутраных спраў Пётр Сталыпін. 9 лістапада 1906 года быў апублікаваны ўказ «Аб змяненні і дапаўненні некаторых пастаноў аб сялянскім землеўладанні». Для выканання гэтага ўказа ў губернях і паветах пачалі стварацца землеўпарадкавальныя камісіі. Іх задачай было садзейнічаць сялянам у куплі і арэндзе казённай прыватнаўласніцкай зямлі. Указ дазваляў кожнаму гаспадару па яго жаданні выйсці з абшчыны і замацаваць у асабістую ўласнасць сваю надзельную зямлю. Адменена была забарона на перасяленне сялян у азіяцкую частку Расіі. Нават прадугледжваліся меры па заахвочванні перасяленцаў. Ім выдзялялі сродкі на праезд, кароткатэрміновую пазыку, беззваротную грашовую дапамогу. Падрыхтаваны былі сацыяльныя паязды, пункты прыёму і размеркавання перасяленцаў – адпаведна адводзіліся рэзервовыя ўчасткі зямлі.

Быў кінуты кліч: «У Сібір!» І на яго адгукнуліся многія беззямельныя сяляне. Спакусіўшыся шырокарэкламаванымі сібірскімі прасторамі і абяцанымі выгодамі, «пад’ёмнымі» грашыма, яны нярэдка за бясцэнак распрадавалі сваю маёмасць і спяшаліся завербавацца ў Сібір.

Доўгім і цяжкім быў той шлях. Участкі для перасяленцаў адводзілі ў глухіх таёжных мясцінах. Бездарожжа, нязвыклы суровы клімат, цяжкая праца па асваенні здзірванелых зямель, недахоп сіл і сродкаў для гэтага, бяздушнасць чыноўнікаў, адсутнасць урачэбнай дапамогі, масавыя хваробы і высокая смяротнасць – вось што чакала ў Сібіры масу перасяленцаў. І многія з іх вырашалі вяртацца назад, страціўшы апошнія грошы і надзеі.

Паводле архіўных дакументаў, усяго за час правядзення сталыпінскай рэформы (1902–1912 гг.) у Сібір, ад Томска да Іркуцка, былі пераселены  тры мільёны чалавек. З іх палова, паўтара мільёна, – беларусы. У Нацыянальным архіве захаваліся дзясяткі дакументаў, якія расказваюць аб гэтай важнай кампаніі, што праводзілася царскай Расіяй. Сярод перасяленцаў-беларусаў значацца і нашы землякі-стаўбчане. Так, са стаўпецкай воласці ў 1899 годзе, згодна з рапартамі, пісьмамі, у Мінскае павятовае па сялянскіх справах упраўленне звярнуліся з просьбамі аб перасяленні ў Сібір 12 сем’яў.

Атрымала пасведчанне на права перасялення сям’я Юльяна Говена з вёскі Апечкі. Сям’я мела крыху больш за 8 дзесяцін зямлі. У ёй пражывалі, як пазначана ў дакуменце, пяць асоб мужчынскіх і тры асобы жаночых душ. Таксама паехалі ў далёкі край сем’і Івана Уласіка з Задвор’я, Сямёна Будзько і Фёдара Гацуры з Апечак, Адама Булаха са Свержаня. Праўда, былі і адмовы, у асноўным з-за недахопу матэрыяльных сродкаў і рабочых рук у сем’ях.

У лістападзе 1898 года да мінскага губернатара звярнуліся жыхары мястэчка Рубяжэвічы, браты Міхаіл і Іван Туры, з просьбай аб перасяленні іх на сваю радзіму. Бацька яшчэ ў 1860 годзе за правапарушэнні (якія – у дакуменце не сказана) быў высланы ў Сібір, у Табольскую губерню. Там, у вёсцы Красная, Слабочыкаўскай воласці, яны нарадзіліся, выраслі, валодалі дастатковай гаспадаркай.

У 1885 годзе бацьку дазволілі вярнуцца на родную зямлю. Але сынам тут не спадабалася: зямлі мала, жывуць бедна, не прывыклі да мясцовых людзей і іх звычаяў. Аднак адказ губернатара на просьбу быў адмоўным. Ёсць у архіве і дакументы – просьбы жыхароў вёскі Апечкі да губернатара, нават і да імператара аб дазволе на перасяленне. Разбіральніцтва вялося доўга, але рэзалюцыя канчатковая была адназначнай: «не подлежит удовлетворению». Асноўнай прычынай для адмоў была беднасць прасіцеляў, а шмат траціць казённых сродкаў «на галоту» ўлады не жадалі.

Увогуле ж прапаганда вялася шырокая. Агітатары прыязджалі ў вёскі і расказвалі пра цудоўны, багаты сібірскі край. Нават прапаноўвалі сельскаму сходу сабраць некалькі хадакоў, якім аплачвалася дарога ў Сібір. Вось адно з пасведчанняў «хадакоў». У ім указвалася, што селянін Юльян Говен з’яўляецца прадстаўніком вёскі Апечкі Мінскай губерні. Ён накіроўваецца пасланцом ад сваёй сям’і, якая мае пяць душ мужчынскага полу, для выбару ўчастка на перасяленне. І ў выніку Говену быў выдзелены ўчастак з пяццю душавымі надзеламі ва Усцьянскай воласці Канскай акругі Енісейскай губерні.

І вось як ішоў далейшы працэс перасялення. Адпраўлялі на «новыя землі» ў «сталыпінскіх» вагонах. У малым, цесным вагоне размяшчалі па 30–40 чалавек. Рухаліся вельмі марудна. Да Іркуцка такі поезд ішоў не менш за  месяц. І хаця на прыпынках давалі гарачую ежу, але той, хто не запасся прадуктамі на доўгую дарогу, цярпеў ад недаядання. У такім скапленні народу і без медыцынскай дапамогі людзі хварэлі, некаторыя так і не дабіраліся да «запаветнай зямлі».

З прыбыццём на апошнюю сібірскую станцыю кожны павінен быў зарэгістравацца ў перасяленчым пункце. Звычайна там жа атрымлівалі пазыку, 100 рублёў пад’ёмных. За гэтыя грошы можна было купіць каня. Сялян развозілі па ўчастках і наразалі надзелы – па 15 дзесяцін на «мужчынскую душу». Зямля была звычайна ніколі не араная, з пнямі, карчамі.

Паводле архіўных даных, толькі ў адным Тулунскім раёне са 157 вёсак, створаных падчас сталыпінскай рэформы, 124 засялілі беларусы. Нашчадкі тадышніх перасяленцаў жывуць і цяпер ў сібірскіх вёсках. Ёсць сярод іх і буйныя паселішчы. Напрыклад, пасёлак Бельск Усольскага раёна, гарадок Алзамай Ніжнесудзінскага раёна.

Ці можна беларусам адшукаць адрасы сваіх продкаў у Сібіры? Трэба звярнуцца ў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага: 664011, Расія, г. Іркуцк, вул. Чэхава, д. 2.

Аляксандр ТУРКО

 

«З ВОЖЫКАМ ПА КАЛГАСЕ»

У Год культуры цікава будзе прыгадаць аб шчыраванні нашых культработнікаў больш як паўстагоддзя таму назад.

Агітбрыгада – слова, якое міжвольна можа выклікаць добрую ўсмешку ў старэйшых пакаленняў.

У большасці сваёй яна існавала як невялікі прафесійны або самадзейны тэатральны калектыў з выступленнямі на розную тэматыку і закранала праблемы свайго часу, высмейваючы адмоўныя бакі жыцця і паказваючы станоўчыя моманты.

На Стаўбцоўшчыне адным з найбольш паспяховых агітацыйна-мастацкіх калектываў стала брыгада Стаўбцоўскага раённага Дома культуры, створаная ў 1957 годзе.

У склад калектыву ўвайшлі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РДК і энтузіясты культурна-асветніцкай работы: сакратар раённага камітэта камсамола Уладзімір Яўсейчык, настаўніца школы-інтэрната Святлана Сыс, выхавацельніца дзіцячага сада Жанна Лукашонак, выкладчыкі музычнай школы Вера Раманюк і Ніна Бурдзейка, служачая Эльвіра Белавусава і іншыя. Узначаліў агітбрыгаду дырэктар раённага Дома культуры Уладзімір Васільевіч Таран, мастацкім кіраўніком стала Дзіна Уладзіміраўна Кухарава, музычным кіраўніком – самадзейны кампазітар Яўген Паўлавіч Ціхановіч.

«Удала падабраны склад удзельнікаў, арыгінальныя сцэнарыі, аператыўнасць, своечасовасць водгукаў на падзеі, выкарыстанне ў песнях, прыпеўках канкрэтных мясцовых фактаў – усё гэта спрыяе росту вядомасці мастацкага калектыву», –так апісаны стаўбцоўскі калектыў у выдадзенай у 1964 годзе Домам народнай творчасці Мінскага абласнога (сельскага) кіравання культуры брашуры «З Вожыкам у калгасе. Аб працы агітбрыгады Стаўбцоўскага раённага Дома культуры».

За кароткі тэрмін агітбрыгада РДК пабывала ва ўсіх калгасах Стаўбцоўскага раёна і ў тым жа 1957 годзе на Усебеларускім фестывалі моладзі заваявала дыплом першай ступені. Добрая слава стаўбчан далёка перасягнула межы свайго раёна. 984 выступленні, больш за 200 тысяч гледачоў – такім быў вынік працы калектыву за 1964 год.

Самым жа папулярным тэатралізаваным нумарам агітбрыгады стаў агляд «З Вожыкам па калгасе». Дзядзьку Вожыка палюбілі і гледачы, і самі ўдзельнікі творчага гуртка.

Члены агітбрыгады знаходзілі яркія і маляўнічыя сродкі для праслаўлення перадавікоў вытворчасці, але разам з тым, Дзядзька Вожык быў непрымірымы да ўсялякіх недахопаў.

Пасля аднаго з першых выступленняў Дзядзькі Вожыка (у калгасе імя Хрушчова) на сцэну выйшла група жанчын-калгасніц. Усхваляваныя толькі што праслуханымі трапнымі куплетамі аб гультаях, п’яніцах і спекулянтах, калгасніцы папрасілі Дзядзьку Вожыка пакрытыкаваць тых, па чыёй віне гінуць парасяты на ферме і гніе ў полі несабраная канюшына. Факты былі правераны членамі агітбрыгады і «дакладзены вышэй». Праз некалькі дзён у адрас творчага калектыву прыйшоў ліст, у якім калгаснікі сельгасарцелі сардэчна дзякавалі артыстам за аказаную дапамогу ў наладжванні гаспадаркі.

Канстанцін Нашчынец



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *