Бяспека на ўлонні

Нумары

image_pdfimage_print

ЯШЧЭ РАЗ ПРА МЕСЦЫ КУПАННЯ

На тэрыторыі раёна рашэннем раённага выканаўчага камітэта № 459 ад 12 красавіка 2016 года вызначаны вадаёмы, дзе купацца дазволена, а таксама вынесена забарона на купанне ў пэўных месцах.   

Нагадаем, што названае рашэнне было прынята раённым выканаўчым камітэтам на падставе часткі другой артыкула 23 Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пункта чатыры Правілаў аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, з мэтай падрыхтоўкі да сезона 2016 года зон масавага адпачынку на водных аб’ектах і арганізацыі бяспечнага адпачынку грамадзян ля вады.

На Стаўбцоўшчыне дазволеныя для купання месцы – гэта, у першую чаргу, вадаёмы з месцамі масавага адпачынку ля вады, а менавіта: рака Нёман у межах гарадскога пляжа па вуліцы Набярэжнай, возера ў Стоўбцах па вуліцы 17 Верасня ў межах гарадскога пляжа, рака Нёман у межах пляжа турысцка-экскурсійнага комплексу «Высокі бераг». Акрамя таго, купанне дазволена на наступных вадаёмах: на рацэ Нёман паблізу  дзіцячага аздараўленчага лагера «Церамок», сажалкі ў аграгарадку Горкі, возера Кромань і вадаёма ў Падгорнай.

Купацца забаронена ў кар’ерах, месцах знаходжання дамбаў, шлюзаў і іншых гідратэхнічных збудаванняў, тэхнічных і меліярацыйных каналаў, супрацьпажарных вадаёмаў, побач з якімі ўласнікам водных аб’ектаў неабходна ўстанавіць папераджальныя табліцы – «Небяспечнае месца. Купанне забаронена».

Для падрыхтоўкі і падтрымання парадку на працягу купальнага сезона месцы масавага адпачынку грамадзян на водных аб’ектах замацаваны за прадпрыемствамі і  арганізацыямі раёна (РУП «Стаўбцоўскае АКС», ТАК «Высокі бераг», ДДЛГУ «Стаўбцоўскі лясгас», ААТ «Жацерава», НТВК «Аналіз-Х», ТАА «Рудзьмянская гаспадарка»). Гэтыя суб’екты гаспадарання нясуць адказнасць за ахову водных аб’ектаў ад забруджвання ў межах вызначанай акваторыі, а таксама на замацаванай тэрыторыі на сушы.     

Мерапрыемствамі па падрыхтоўцы пляжаў і зонаў масавага адпачынку да купальнага сезона вызначана, што ў месцах купання і пляжаў павінна быць праведзена падводная ачыстка дна акваторыі з дапамогай спецыялістаў-вадалазаў Мінскай абласной арганізацыі АСВОД, устаноўлены ценявыя навесы, інфармацыйныя стэнды, раздзявалкі, грамадскія туалеты, кантэйнеры для збору цвёрдых камунальных адходаў. Непасрэдна месцы купання павінны быць абазначаны на мясцовасці, агароджаны буямі. Важна своечасова ажыццяўляць на пляжах і зонах масавага адпачынку скошванне травы і не дапускаць звалак бытавога смецця, прыбіраць прылеглую тэрыторыю.

Бяспека і парадак у зонах масавага адпачынку ля вады ў многім залежаць ад нашай самадысцыпліны і культуры адпачынку.

 

З АДПАЧЫВАЮЧЫХ – У ПРАВАПАРУШАЛЬНІКІ?

Часта падчас баўлення часу на возеры або ў лесе грамадзяне парушаюць элементарныя меры бяспекі, што аўтаматычна ператварае іх з адпачываючых у правапарушальнікаў.

Найбольш сустракаюцца парушэнні правілаў бяспекі на вадзе (яны прыводзяць і да трагічных наступстваў), развядзенне кастроў у пажаранебяспечных месцах, незаконныя высечка лесу і лоўля рыбы.

На Стаўбцоўшчыне вызначаны месцы масавага адпачынку на вадзе, зоны адпачынку, дзе ў выхадныя дні збіраюцца дзясяткі людзей. У гэтых месцах ствараюцца неабходныя ўмовы для адпачынку: абсталяваны пляж, пляцоўка для паркоўкі аўта- і мотатранспарту і інш., а нарады міліцыі забяспечваюць грамадскі парадак. Само знаходжанне міліцыі ў месцах масавага адпачынку грамадзян робіць іх, грамадзян, больш дысцыплінаванымі і, у першую чаргу, у адносінах да саміх сябе, што змяншае рызыку няшчасных выпадкаў, якія могуць здарыцца пасля ўжывання алкагольных напіткаў і далейшага «спаборніцтва» з воднай стыхіяй. Прынятыя кіраўніцтвам райаддзела міліцыі меры па забеспячэнні аховы грамадскага парадку ў месцах масавага адпачынку грамадзян накіраваны як на зніжэнне рызыкі няшчасных выпадкаў, так і на папярэджанне ўчынення адпачываючымі і ў адносінах да іх рознага роду правапарушэнняў.

У сувязі з гэтым варта нагадаць, што зоны масавага адпачынку на берагах рэк і азёраў, пляжах, у лясных масівах і т. п.) падчас сезона таксама з’яўляюцца грамадскім месцам, і адміністрацыйная адказнасць наступае ў выпадку, калі распіванне спіртных напіткаў адбываецца на вачах у іншых грамадзян. Састаў адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 17.3 КоАП Рэспублікі Беларусь, адсутнічае, калі кампанія для выпіўкі аддзяляецца ад іншых грамадзян і адкрыта не дэманструе распіванне спіртных напіткаў. Аднак у такой сітуацыі не варта забываць пра адказнасць за парушэнне нормаў экалагічнай і пажарнай бяспекі, парадку прыродакарыстання.

Пад з’яўленнем у грамадскім месцы ў п’яным выглядзе неабходна разумець такія паводзіны асобы ў стане алкагольнага ап’янення, якія абражаюць чалавечую годнасць і мараль, яўна парушаюць агульнапрынятыя нормы (грубыя выкрыкі, непрыстойны знешні выгляд і інш.), якія выклікаюць у іншых агіду і грэблівасць.

Нярэдкімі бываюць выпадкі, калі вадзіцель аўтамабіля з’язджае на абочыну і, па народнай традыцыі, узнікае п’янка-гулянка прама на капоце. Нельга забываць, што абочына аўтадарогі – таксама грамадскае месца, якім карыстаюцца іншыя грамадзяне, і ім наўрад ці спадабаецца сузіраць чыёсьці дэманстратыўнае распіванне алкаголю. Такія «адпачываючыя» таксама прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.

Аддзел аховыправапарадку і прафілактыкірайаддзела міліцыі

 

У МЕСЦАХ МАСАВАГА АДПАЧЫНКУ ГРАМАДЗЯН

За распіванне алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва ў грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап’янення (арт. 17.3 КоАП) прадугледжаны штраф у памеры да васьмі базавых велічынь, а ў выпадку паўторнага ўчынення такіх праступкаў на працягу года – да 15 «базавых» або адміністрацыйны арышт.            

За распальванне кастроў у забароненых месцах (арт. 15.58) – штраф у памеры да 12 «базавых».

За забруджванне грамадзянамі лесу і іншай драўнінна-куставой расліннасці (арт. 15.30 КоАП) – штраф у памеры да 20 «базавых».

За нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы, абражальнае прыставанне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выражаюцца ў яўнай непавазе да грамадства (арт. 17.1 КоАП) – штраф да 30 «базавых» , адміністрацыйны арышт.

За купанне на рэках, азёрах і іншых вадаёмах у забароненых месцах (арт. 23.63 КоАП) – штраф у памеры трох «базавых».

(Да ведама: адна базавая велічыня складае на даны момант 210 000 рублёў).

 

ПАЖАРАНЕБЯСПЕЧНЫ ПЕРЫЯД

З улікам аналізу розных фактараў у 2016 годзе прагназуецца складаная абстаноўка на прыродных тэрыторыях у плане пажараў.

– За апошнія дзесяць гадоў у рэспубліцы назіралася ўскладненне сітуацыі на прыродных тэрыторыях у выніку ўзнікнення вялікай колькасці прыродных пажараў, – падкрэслівае першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр ПОЛАЦКІ.

У 2015 годзе зафіксавана 8129 прыродных пажараў на агульнай плошчы 8759 га. Гідраметэаралагічная абстаноўка, якая характарызавалася адсутнасцю снежнага покрыва і павышаным тэмпературным рэжымам у зімовы перыяд, паўплывала на ранні пачатак пажаранебяспечнага сезона. Першыя пажары (сухая трава, кустоўе) зарэгістраваны ўжо ў лютым на тэрыторыях Гродзенскай і Мінскай абласцей. У бягучым годзе зафіксавана больш за 800 прыродных пажараў на плошчы 343,4 га. У выніку, два чалавекі загінулі і два – атрымалі траўмы, знішчаны жылы дом і дача, 13 гаспадарчых пабудоў, а яшчэ пашкоджана 16 адзінак рознай нерухомасці. На Стаўбцоўшчыне, на шчасце, не было такіх фактаў, аднак нельга забываць мінулы год, калі ў выніку спальвання сухой травы і смецця загінулі двое састарэлых (жыхары Хатавы і Залужжа) і атрымаў апёкі дачнік з Мінска.

Сёлета ў красавіку і маі ў рэспубліцы назіраўся чарговы рост пажараў – да 95-ці ў суткі. Не выключэнне і Стаўбцоўшчына. Спрыяе загаранням сухое надвор’е і павышэнне тэмпературы паветра. Сярод магчымых пагроз узнікнення і распаўсюджання прыродных пажараў называюцца наступныя: клімат (тэндэнцыя да пацяплення вядзе да змяншэння ўзроўню грунтавых водаў, моцнага прасыхання глебы, што павялічвае рызыку ўзнікнення лясных і тарфяных пажараў), антрапагенныя фактары (масавае наведванне насельніцтвам лясоў у перыяд адпачынку, збору ягад і грыбоў), тып лесу і лясныя гаручыя матэрыялы (у прыватнасці, наяўнасць хваёвых парод у саставе лесу), а таксама арганізацыйныя прычыны (выкананне прафілактычных мерапрыемстваў не ў поўным аб’ёме, нясвоечасовае выяўленне пажараў і т. п.).        

Аналіз фактараў, якія прадвызначаюць дынаміку пажаранебяспечнага сезона, а таксама тое, што сітуацыя ў бягучым годзе складваецца паводле сцэнарыя 2014-2015 гадоў, паказвае, што ў 2016 годзе можна чакаць складанай сітуацыі на прыродных тэрыторыях у плане пажараў. Пры недаборы ападкаў не выключана верагоднасць, што будзе ісці назапашванне ўсіх негатыўных фактараў трэці год запар.

Росту колькасці пажараў садзейнічае гаспадарчая дзейнасць чалавека, у тым ліку палы травы, спальванне смецця. Другі перыяд магчымы ў ліпені-жніўні пры ўмове засухі і паніжэння грунтавых водаў, трэці –  у верасні-кастрычніку пры наяўнасці сухога надвор’я, якое ў гэтую пару года садзейнічае акумуляцыі цяпла ў тарфяных масівах. На 10 працэнтаў больш пажараў адбываецца ў выхадныя і святочныя дні.       

Важна прааналізаваць выкарыстанне альтэрнатыўных водакрыніц для тушэння пажараў  (магчыма пагроза недахопу вады ў вадасховішчах), узмацніць кантроль за захаваннем пажарнай бяспекі на прыродных тэрыторыях, асабліва ў выхадныя і святочныя дні, забяспечыць своечасовае прыцягненне ўласнікаў для ліквідацыі прыродных пажараў і т. п. Асаблівая ўвага пры правядзенні мерапрыемстваў па папярэджанні лясных пажараў будзе звернута на населеныя пункты, акружаныя лясамі, якія могуць падвяргацца небяспецы пераходу ляснога пажару на жылыя дамы і пабудовы.

 

ДЗЯЦЕЙ ВЫРАТАВАЛІ, А БАЦЬКА – НЕ ВЫПЛЫЎ…

Раніцай у мінулую суботу на рацэ Нёман, на тэрыторыі турбазы «Высокі бераг», патануў 34-гадовы мужчына, жыхар Мінскага раёна. Цудам удалося выратаваць дзвюх яго малалетніх дачок – трохгадовую Мілану і пяцігадовую Паліну. 

Старэйшай дзяўчынцы пашанцавала больш – яна, застаўшыся на вадзе без дапамогі, паспела толькі спужацца, меншую ж прыйшлося даставаць з вады без дыхання і праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы адразу на беразе, потым – у бальніцы… На шчасце, яе ўдалося вярнуць да жыцця. Першыя выратавальнікі сясцёр – гэта маладыя супрацоўнікі навукова-даследчага інстытута сродкаў аўтаматызацыі Мікалай Драгун і Аляксандр Вярэніч, якія разам са сваімі калегамі прыехалі на турбазу для правядзення турысцкага злёту і акурат у гэты час знаходзіліся ля ракі з вудамі. Да слова, па гарачых слядах ім абодвум старшыня раённай арганізацыі АСВОД Іван Шчарбанюк за мужны ўчынак выказаў удзячнасць  і ўручыў падзячныя пісьмы.

Сям’я, у якой здарылася трагедыя, заехала на тэрыторыю турбазы ў поўным саставе (мама, тата і дзве дачкі) разам з яшчэ чатырма сем’ямі сваіх знаёмых. Непадалёку ад паляны, дзе традыцыйна ладзяцца турзлёты, яны разбілі свае палаткі.

Дакладным фактам застаецца месца здарэння: гэта не пляж з абсталяваным ведамасным пастом. Гэта месца далей па цячэнні, дзе Нёман паварочвае, дзе разрасліся лаза ды асака… У гэтых зарасніках лавілі сваю «ўдачу» толькі рыбакі, як тыя двое навуковых супрацоўнікаў… Яны, як сапраўдныя выратавальнікі, адрэагавалі імгненна. Адна з дзяўчынак яшчэ трымалася на вадзе, другая – на іх вачах – пайшла пад ваду. Потым, пасля арганізаванага абследавання Нёмана, было знойдзена цела іх бацькі. Глыбіня ракі ў гэтым месцы не перавышае 1,4 – 1,5 метра.

– Гэты выпадак – надзвычайны, – каменціруе Іван Шчарбанюк. – Навошта лезці ў ваду, дзе неправеранае дно, калі побач створаны ўсе ўмовы для бяспечнага купання і адпачынку на вадзе? Турбазай да адкрыцця купальнага сезона праведзены ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы.  Адкрыты ведамасны пост, на якім арганізавана дзяжурства матросаў-выратавальнікаў.

Робячы высновы з гэтага здарэння, АСВОД заклікае жыхароў раёна і яго гасцей захоўваць элементарныя меры бяспекі падчас знаходжання ля вады і на вадзе, купацца толькі там, дзе гэта дазволена, заўсёды разлічваць свае сілы і памятаць: вада памылак не даруе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *