Здатнасць: перамогі, юбілеі

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

ТАНЕЦ – ЛЮБОЎ І ЛЁС

У раённым Цэнтры культуры прайшоў творчы юбілейны вечар узорнага харэаграфічнага ансамбля «Гарошынка». Стваральнікам яго і кіраўніком на працягу ўсіх гэтых 30 гадоў з’яўляецца прафесійная танцоўшчыца, былая артыстка балета Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, выпускніца Санкт-Пецярбургскай акадэміі балета імя А. Я. Ваганавай Наталля Захарава. Яна ўраджэнка горада Стоўбцы, і свой талент шчодра аддае роднай зямлі, прыязджаючы з Мінска, дзе жыве, займацца танцамі з мясцовымі дзецьмі.

Харэаграфічны ансамбль «Гарошынка», які з 1992 года носіць  званне «ўзорны», мае даўнюю слаўную гісторыю. Ён заснаваны на базе калгаса «Чырвоны Кастрычнік». Затым калектыў працаваў пры Заямнаўскай сярэдняй школе, пазней – пры гімназіі № 1 г. Стоўбцы, апошнія пяць гадоў ён з’яўляецца мастацкім калектывам раённага Цэнтра культуры, хоць танцавальная студыя па-ранейшаму месціцца ў гімназіі № 1.

Павіншаваць Наталлю Захараву і яе калектыў прыйшлі прадстаўнікі ўлад, калегі-харэографы, родныя людзі, выпускнікі калектыву «Гарошынка». Словы ўдзячнасці за поспехі на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных фестывалях, за эстэтычнае выхаванне маладога пакалення Наталлі Захаравай выказала ў сваім прывітальным слове начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік. Апошняй узнагародай у спісе многіх з’яўляецца лаўрэацкі дыплом першай ступені, заваяваны «Гарошынкай» у маі бягучага года на Міжнародным музычным фестывалі «Майская фантазія» ў Чэхіі.

Намеснікам дырэктара раённага Цэнтра культуры Вольгай Камко быў падрыхтаваны сцэнарый, яна ж выдатна выканала і ролю вядучай творчага вечара. На працягу ўсёй урачыстасці гледачам дарыў танцавальныя нумары калектыў «Гарошынка».  А яшчэ – студыя эстраднага танца «Асарці» з Мінска – таксама дзецішча Наталлі Захаравай. Гэты калектыў працуе на базе мінскай школы № 191 і сёлета адзначыў 15-годдзе. Разам з Наталляй Антонаўнай выкладчыкам танцаў у гэтай харэаграфічнай студыі працуе яе дачка Аляксандра, выпускніца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Яна ўдзячная сваёй маці за тое, што прывіла ёй з дзяцінства любоў да такога адметнага віду мастацтва, як танец, сарыентавала яе ў выбары прафесіі і дапамагае цяпер адбыцца выкладчыкам танца. Павіншаваць Наталлю Захараву прыйшла яе маці – стаўбчанка Зінаіда Юнцэвіч. Зінаідзе Васільеўне – шыкоўны букет кветак за выхаванне дачкі і як прызнанне яе шаноўнага ўзросту пры такім прыгожым знешнім выглядзе. Муж Наталлі Захаравай Ігар Пятровіч з поўным правам дзяліў з ёю гэты поспех юбілейнага вечара. На працягу ўсяго творчага жыцця калектыву Ігар Захараў удзельнічае ў арганізацыі творчых канцэртаў, у абсталяванні студыі, аказвае ўсякую дапамогу кіраўніку і членам ансамбля, з’яўляючыся іх таксістам, будаўніком, дэкаратарам сцэны, а ў апошні час і майстарам па перавядзенні відэа ў лічбавы фармат.

Прыгожым было творчае віншаванне танцавальнага калектыву «Шчабятушкі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе Юлія Бохан. Пуцёўку ў прафесійнае жыццё ёй даў ансамбль «Гарошынка», у якім яна займалася з малых гадоў. Павіншаваць «Гарошынку» з юбілеем падняўся на сцэну прафесійны харэограф, кіраўнік харэаграфічнага калектыву Яўген Зуб.

Віншаванні ансамблю адрасавалі кіраўнікі ўстаноў культуры і навучальных устаноў, на базе якіх калектыў «Гарошынка» працаваў ці працуе цяпер.

Прыемным момантам вечара стала віншавальнае слова выпускнікоў ансамбля «Гарышынка», якія сцякліся ў гэты юбілейны вечар з розных гарадоў. 15 гадоў Наталля Захарава вядзе заняткі па сістэме шэйпінга ў аматарскім аб’яднанні «Здароўе». Члены гэтага клуба таксама з радасцю павіншавалі Наталлю Захараву з юбілейнымі датамі і выказалі ёй удзячнасць за заняткі, якія дапамагаюць ім заставацца прыгожымі і здаровымі.

Няхай іскрамётная «Гарошынка» яшчэ доўгія гады чаруе гледачоў беларускай полькай і рускай «плясовой».

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

НЯСВІЖСКІ ПЛЕНЭР

Восьмы раз вясною ў зеляніне і квецені прыроды прайшоў Рэгіянальны адкрыты конкурс-пленэр юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука.

Арганізатары яго – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама, Нясвіжская дзіцячая школа мастацтваў, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» і Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей – паклапаціліся выдатна арганізаваць пленэр, вызваліўшы ад платы за ўдзел у ім юных мастакоў, што аблегчыла фінансавую нагрузку для бацькоў і школ мастацтваў. Была арганізавана выдатная экскурсія ў залы Палацавага ансамбля, арганізатары паклапаціліся аб прызах. Прэстыж конкурсу надаў і салідны склад журы, у якое ўвайшлі член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтваў з Масквы Л. Гоманаў, член Беларускага саюза мастакоў, выкладчык каледжа імя І. Ахрэмчыка В. Клімушка, навуковыя супрацоўнікі Палацавага ансамбля Нясвіжа.

У конкурсе-пленэры прынялі ўдзел 50 юных мастакоў з усёй Беларусі. З нашага раёна на конкурс адправіліся выхаванцы Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Вершына, Вольга Дудук, Надзея Дзямянка пад кіраўніцтвам педагога Хрысціны Мартыненка і вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Патрысія Шчэкала, Дар’я Тулейка, Анастасія Маскаленчык на чале з педагогам Ірэнай Зянько. Удзел у пленэрах – сапраўдная праверка мастацкіх здольнасцяў і навыкаў вучняў – ім даводзіцца выконваць работы не дома, а пісаць на ўлонні, экспромтам. Патрабавальнае журы ўлічвае многія крытэрыі, ацэньваючы пейзажы. Выпускніца мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай школы Патрысія Шчэкала чарговы раз пацвердзіла свой талент і заваявала дыплом лаўрэата ІІІ ступені. У падарунак яна атрымала выдатны мастацкі каляндар з фотаздымкамі залаў Палацавага ансамбля. Абедзве дзіцячыя школы мастацтваў – Стаўбцоўская і Шашкоўская – узнагароджаны граматамі за выдатную падрыхтоўку вучняў і значны ўклад у эстэтычнае выхаванне маладога пакалення.

 

МАЙСКІ ВАЛЬС «ВІЦІНАЎ»

Народны духавы аркестр Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў «Віціны» чарговы раз пацвердзіў высокую ацэнку – адзін з лепшых калектываў Мінскай вобласці. На XXVI адкрытым абласным фестывалі духавой музыкі  «Майскі вальс» у Маладзечне калектыў атрымаў гран-пры конкурсу. Аркестр, мастацкім кіраўніком і дырыжорам якога выступае Аляксандр Нічыпаровіч, славіцца ў культурным жыцці не толькі нашага раёна, але і Міншчыны, што пацвердзіў і гэты мастацкі конкурс у Маладзечне. 

Духавыя аркестры Міншчыны, а таксама Латвіі, Расіі, Украіны на працягу двух дзён прадстаўлялі свае конкурсныя праграмы. Адметнасцю ў складзе Стаўбцоўскага аркестра з’яўляецца і ансамбль мажарэтак. Іх абаяльнасць, высокае майстэрства, арыгінальнасць не засталіся незаўважанымі журы конкурсу: мастацкі калектыў мажарэтак-барабаншчыц «Феерыя» пад кіраўніцтвам Анастасіі Бякасавай адзначаны лаўрэацкім дыпломам  І ступені.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў Летнім амфітэатры, а  фінальны дзень конкурсу адкрыў марш-парад духавых аркестраў і ансамбляў мажарэтак па вуліцах горада. Для жыхароў Маладзечна фестываль стаў сапраўдным яркім святам.

Пр

 

ПАРАВОЗІК З РАМАШКАВА

Выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прынялі ўдзел у ХІ Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, сацыяльных школ і ЦКРНіР «Вясёлкавы карагод».

Фестываль пачаўся з адборачнага этапа ва Уздзе, дзе гасцінна сустрэла санаторная школа-інтэрнат.

Мы не першы раз удзельнічаем у такім фестывалі. У гэтым годзе нас падтрымала сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы. Была распрацавана праграма, сумесна праводзіліся рэпетыцыі, дзеці з асаблівасцямі ў развіцці гарманічна былі ўключаны ў музычную кампазіцыю. Творчы калектыў вучняў 4 «А» і 8 «А» класаў пад кіраўніцтвам Алы Ярмак удзел у фестывалі ператварылі для нас у сапраўднае свята музыкі, песні, танца.

Каманда нашага цэнтра пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Святланы Хомчанка прыехала не толькі з музычнай кампазіцыяй «Паравозік з Рамашкава», але і з мастацкай кампазіцыяй «Спадчына мая – старонка родная», выкананай у тэхніцы цестапластыкі ў намінацыі выяўленчая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Шмат старанняў у яе падрыхтоўку ўклала кіраўнік гуртка – педагог дадатковай адукацыі Таццяна Аўгусціновіч.

Вынікі ХІ Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці «Вясёлкавы карагод» былі падведзены ў Маладзечне. Журы абласнога фестывалю высока ацаніла ўдзел дзяцей і педагогаў нашага цэнтра, прысудзіўшы дыплом ІІ ступені ў дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці ў намінацыі «Кераміка», «Дробная пластыка». Дыпломам лаўрэата фестывалю адзначаны музычны калектыў вучняў СШ № 2 і нашага цэнтра ў намінацыі «Мастацкая творчасць».

Хочам падзякаваць кіраўніцтву СШ № 2, А. В. Ярмак і вучням за такую сумесную творчасць,  супрацоўніцтва, якія дапамагаюць нам усім у рабоце.

Святлана СІКОРСКАЯ,дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *