Вёску славяць людзі працавітыя

Крочым па раёне Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Свята вёскі Пагарэлае. У агульнай раённай праграме яно чарговае, а для вяскоўцаў – жаданае, яркае, незабыўнае.

Гасцінныя жыхары гэтага прынёманскага паселішча, як вядзецца, рыхтавалі пачастункі, загадзя думалі над аздобай сваіх падвор’яў.

Госці свята і самі мясцовыя збіраліся ля магазіна пад тыповай цяпер, але заўсёды хвалюючай назвай «Родны кут». Тут ладзілася сцэна, і музыкі бралі першыя акорды. Найперш жа ўвагу прыцягвала своеасаблівая гістарычная прэзентацыя вёскі – стэнд «Погляд у мінулае», а побач – столік з аб’ёмным летапісам, падрыхтаваным культработнікамі. Архіўныя фотаздымкі, сціслая хроніка падзей. Даследчыкам, пэўна, яшчэ шмат работы. Пакуль жа маем звесткі (пацверджана і кнігай «Памяць. Стаўбцоўскі раён») аб урочышчы Пагарэлае, а затым і вёсцы, з сярэдзіны XIX стагоддзя.

А вось аб слаўных людзях! Найпершая асацыяцыя назвы Пагарэлае – з мясцовай малочнатаварнай фермай і яе загадчыцай Зінаідай Ярашэвіч. Пра Зінаіду Пятроўну будзе нагода сказаць і далей. Тут жа сам факт: простая працаўніца праславіла сваім шчыраваннем не толькі родную вёску, але і ўсю Стаўбцоўшчыну. Брыгадзір фермы, Герой Сацыялістычнай Працы ўжо звыш дваццаці пяці гадоў кіруе калектывам, які пастаянна займае перадавыя пазіцыі не толькі ў гаспадарцы, што носіць назву «Радзіма Якуба Коласа», а і ў раёне. А наогул яе стаж працы ў жывёлагадоўлі складае звыш паўстагоддзя.

Належнае месца ў своеасаблівай Кнізе гонару і вёскі, і гаспадаркі займае К. А. Каробка. Таксама біяграфія ўнікальная. 20 гадоў узначальваў мясцовы калгас «Перамога», затым яшчэ столькі ж – аб’яднаную гаспадарку «Радзіма Якуба Коласа». Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі шчыраваў, каб родны кут песняра стаў і заможным, і прыгожым.

Ардэнаносцы – і імі ганарыцца вёска. Светлая памяць аб тых, хто не вярнуўся з палёў вайны, аддаў жыццё за наша мірнае сёння. В. І. Астравух, А. І. Брылеўскі, І. П. Казлоўскі, В. А. Ланкевіч, К. П. Семянкевіч. Нізка схілім галовы…

У гэты мірны чэрвеньскі сонечны дзень услаўлялі ўсёй грамадой вяскоўцаў. З музыкай, песнямі, шчырымі пажаданнямі. Не толькі госці, але і суседзі маглі паўтараць з захапленнем: «Якія людзі сярод нас!» І ў кожнага свая знамянальная падзея, якую так важна разам адзначыць. Усе, хто ва ўрачыстым шэсці, спыняюцца ля брамкі першай сядзібы з прыгожа ўбраным столікам. Мікалай Андрэевіч і Людміла Пятроўна Сухаверхі сёлета адзначаюць свае чарговыя жыццёвыя юбілеі. Усё працоўнае жыццё яны аддалі жывёлагадоўлі. «Падвор’е Сухаверхаў у ліку лепшых у вёсцы», – адзначае старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Анатоль Мядзведзь. І гаспадароў сядзібы вітаюць усе дружнымі апладысментамі.

Вядучыя свята знаёмяць з сям’ёй Саскевічаў. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС лёс закінуў іх на нашу стаўбцоўскую зямлю. Амаль 30 гадоў жыцця аддалі яны працы ў гаспадарцы «Радзіма Якуба Коласа». Міхаіл Васільевіч працаваў механізатарам, Валянціна Васільеўна – даяркай. Юбілейная нагода сёлета – рубінавае вяселле, 40 гадоў разам у міры і згодзе, выгадавалі сына і дачку, маюць шэсць унукаў. Даглядаюць бацьку ў сталым узросце. Васіль Адамавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, і яму – гонар і пашана. Дарогамі вайны прайшоў і Іосіф Піліпавіч Казлоўскі, адзін са старэйшых жыхароў вёскі.

Рубінавае вяселле адзначаюць сёлета Ганна Аляксандраўна і Леанід Васільевіч Шумяньковы. І Леакадзію Іосіфаўну Брылеўскую ўсе шчыра павіншавалі з 75-годдзем. Яркая нагода і, так бы мовіць, маладыя юбілеі. 15 гадоў сумеснага жыцця ў Ланкевічаў – Таццяны Сяргееўны і Аляксандра Мікалаевіча, які працуе ветурачом на малочнатаварнай ферме Пагарэлае. Выхоўваюць Ланкевічы дзвюх дачушак і двух сыночкаў. Шматдзетная сям’я і ў Аляксея і Святланы Шкодаў. Аляксей Аляксеевіч адзначыў сёлета свой 40-гадовы юбілей. А ў сына Дзмітрыя першае важнае жыццёвае выпрабаванне – здача экзаменаў за курс базавай школы. Ім усім увага, словы віншаванняў.

Ад хаты да хаты – з песнямі і пажаданнямі, добрымі словамі ўдзячнасці і прызнання. Марыя Сямёнаўна Каробка – былы медыцынскі работнік. Усё яе працоўнае жыццё – дапамога людзям. Асаблівае шанаванне гэтай жанчыне, бо яна была спадарожніцай на жыццёвым шляху Канстанціна Аляксандравіча Каробкі, які так шмат зрабіў для росквіту коласаўскага краю. Дарэчы, сядзіба М. С. Каробка адзначана сярод самых дагледжаных. Як і падворак Івана Пятровіча і Зінаіды Аркадзьеўны Жыцкіх, пра якіх вядучыя сказалі: «Любуюцца сядзібай і вяскоўцы, і ўсе, хто праязджае праз вёску». І даюць ім слова. А слова гаспадыні вершаванае, цэлая паэма. Воплескамі суправаджаюць прысутныя расказ былых гараджан пра вясковае жыццё, поўнае і цяжкасцяў, і радасці ад працы на зямлі.

Людзі і лёсы… Яўгенія Сільвестраўна Пракаповіч за працоўныя дасягненні ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Асаблівая радасць у яе – дачакалася сына, які служыў у Афганістане. Ён дапамог маці аздобіць дом і падвор’е. Пасля працоўных будняў на радзіму, у бацькоўскі дом, вярнуліся Іван Аляксандравіч і Яніна Вікенцьеўна Халоп. У кожнай сям’і цікавая біяграфія.

Асабліва ўвага – сям’і Зінаіды Пятроўны Ярашэвіч. Славутая гераіня ў коле родных выглядае па-дамашняму проста. І тут не толькі пра яе працоўныя вяршыні можна гаварыць, а і пра чалавечнасць. Побач з ёю Надзея Міхайлаўна, якой сёлета споўніцца 106 (!) гадоў. Свякроў захавала ў адметны жыццёвы век і жвавасць, і рухавасць. Хіба ж не заўсёдная згода, павага і пяшчота таму спрыялі?

Па суседству з Ярашэвічамі жывуць Рымашэўскія. «Як Юрый Часлававіч накорміць рагуляў, так і малака надоіць Лідзія Аляксандраўна», – з добрым гумарком гавораць вядучыя. А надаіла Лідзія Аляксандраўна ў мінулым годзе ад кожнай каровы сваёй групы больш як па 9 тысяч кілаграмаў малака. Сярод усіх аператараў машыннага даення ў раёне яна мае найлепшы паказчык. Наступны рэкордны «эверэст» – 10 тысяч? Намаганні і брыгадзіра МТФ «Пагарэлае» З. П. Ярашэвіч, і ўсяго калектыву – не здаваць пазіцый, выходзіць на новыя рубяжы.

Пасля прывітальнага слова, выказанага кіраўніком спраў райвыканкама А. Р. Янкоўскай, намесніку дырэктара ААТ «Радзіма Якуба Коласа» У. В. Вараненку выпала ганаровая місія – уручаць граматы і падарункі перадавікам вытворчасці, слаўным ветэранам, многім вяскоўцам. «Адзначаны 82 чалавекі», – удакладняе старшыня сельвыканкама А. М. Мядзведзь. І просіць праз газету выказаць шчырую падзяку дырэктару ТАА «Мідас Плюс» І. М. Расолька, генеральнаму дырэктару СЗАТ «Агракамбінат «Колас» А. П. Скрыпко за спонсарскую дапамогу, індывідуальнаму прадпрымальніку С. І. Жарнак, кіраўніцтву раённага аддзела культуры, мастацкім калектывам з Мікалаеўшчыны, Любкаўшчыны, Горак. І, вядома ж, усім вяскоўцам, якія вельмі пастараліся, каб свята стала такім выдатным.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *