У добры шлях, у добры час!

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

У мінулую пятніцу стаўбчане маглі стаць удзельнікамі прыгожага хвалюючага свята – раённага выпускнога балю. У гэтым навучальным годзе наш раён благаслаўляе ў самастойнае дарослае жыццё 316 выпускнікоў.

Урачыстым маршам пад гукі духавога аркестра выпускнікі прайшлі да плошчы Бессмяротнасці, дзе адбылася ўрачыстасць.

Павіншаваць выпускнікоў з важнай падзеяй у іх жыцці на свята прыбылі старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька, начальнікі іншых аддзелаў райвыканкама, свяшчэннаслужыцелі, настаўнікі, бацькі, жыхары Стоўбцаў. Як не палюбавацца на выпускнікоў!

Юрый Горлаў у сваім віншавальным слове да выпускнікоў гаварыў аб тым, што нашай краіне патрэбны спецыялісты розных прафесій, і Стаўбцоўшчына рада будзе прыняць сваіх сыноў і дачок на працу пасля заканчэння навучальных устаноў. Ва ўнісон слову Юрыя Мікалаевіча было выступленне Мікалая Іванчанкі, які пажадаў маладым паспяховасці ў здачы ўступных экзаменаў і паспяховасці ў самастойным жыцці. Па-мацярынску цёплым і пранікнёным было слова да выпускнікоў Людмілы Стонька. Благачынны прыходаў протаіерэй Аляксандр Марцінчык і ксёндз Адам Врубэль пажадалі выпускнікам іх веды, уменні выкарыстоўваць для выратавання душы, узрасціць у сабе хрысціянскія дабрадзейнасці, вышынёю якіх з’яўляецца любоў – да бліжняга, да  бацькоў, да справы, якую выбіраюць, да сваёй Радзімы. Свяшчэннаслужыцелі заклікалі благаславенне Божае на выпускнікоў у адказны момант іх развітання са школай і ўступлення ў самастойнае жыццё.

Прыгожай літаратурнай кампазіцыяй стала выступленне настаўніцы Алены Жаўнерчык  і яе сына Сцяпана – выпускніка Заямнаўскай сярэдняй школы.

Гэты навучальны год вельмі ўраджайны на выдатнікаў вучобы  – 32 выпускнікі атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі. Яны былі ўручаны на гэтай урачыстасці, што стала прыемным і прыгожым момантам свята.

Вось і гучыць развітальны школьны вальс з ноткамі суму. Шчаслівага шляху, выпускнік!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *