Ліцейная вытворчасць – праект канкурэнтаздольнасці

Нумары Пяты Усебеларускі народны сход Соцыум

image_pdfimage_print

 – На нашым прадпрыемстве было вылучана некалькі кандыдатаў на V Усебеларускі народны сход, аднак калектыў выказаўся за мяне. На раённым сходзе была падтрымана мая кандыдатура. Разумею, што гэтым мне аказаны высокі давер, і яго неабходна пацвердзіць канкрэтнымі справамі.

На філіяле маторнага завода, самым буйным прадпрыемстве Стаўбцоўшчыны, я працую сем гадоў (прыйшоў адразу пасля заканчэння БНТУ), прычым трэба сказаць, у адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй спецыяліста ліцейнай вытворчасці.  На прадпрыемстве сёння рэалізуецца праект у рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, прызваны павялічыць экспартную складаемую выпушчанай прадукцыі і зніжэнне залежнасці ад імпарту. Акурат гэтыя прыярытэты ў эканоміцы рэспублікі і вызначаны Прэзідэнтам краіны. Я знаходжуся ў эпіцэнтры ўвасаблення праекта з самага першага дня – з часу закладкі на месцы новага завода капсулы для нашчадкаў. З улікам таго, якія маштабы набывае будаўніцтва, распачатае фактычна з «нуля», і колькі на гэтым шляху ўзнікае розных пытанняў і праблем, прыходзіцца прымаць нестандартныя рашэнні, выходзіць на цалкам новы ўзровень тэхнічнага і тэхналагічнага мыслення.

Безумоўна, што мяне, як прадстаўніка прамысловасці, на высокім форуме найперш цікавіць тэма развіцця прамысловасці. У цяперашніх эканамічных умовах немагчыма абысціся без яе кардынальных перамен. Відавочна, што айчыннаму аўтамабілебудаванню, з якім цесна звязана і маторабудаванне, цяжка дагнаць еўрапейскіх вытворцаў тэхнікі. Значыць, будзе перанакіраванне сіл і сродкаў у іншыя, дадатковыя, сферы дзейнасці, выбар запатрабаванага і перспектыўнага вектара.

На маторным заводзе гэты выбар быў зроблены – ліцейная вытворчасць. Увядзенне ў строй асноўных яе магутнасцяў дазволіць выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю на аснове  заказаў, здольных забяспечыць фінансавую стабільнасць і развіццё прадпрыемства. У будучым мы зможам выконваць заказы на чыгуннае ліццё як з боку таго ж МАЗа, МТЗ і т.п., так і з боку замежных вытворцаў аўтамабільнай тэхнікі. Тыя, хто адсочвае сітуацыю на рынках збыту, заўважаюць, што эканамічная палітыка вядучых еўрапейскіх краін усё больш пераарыентоўваецца на вытворчасць на ўсходнім накірунку. За апошнія 5–10 гадоў гэты рух набыў сур’ёзныя тэмпы. Да прыкладу, у Польшчы адкрыта шмат металургічных прадпрыемстваў. З часам гэтая тэндэнцыя закране і Беларусь.

Маторным заводам выбраны правільны накірунак, аднак турбуе такое пытанне: як доўга будзе будавацца новая вытворчасць? Будаўніцтва вядзецца з 2012 года. Цяпер мы знаходзімся на стадыі рэалізацыі першай чаргі, і гэтага недастаткова, каб быць канкурэнтаздольнымі. Патрэбна другая чарга вытворчасці – менавіта на ёй сканцэнтраваны сучасныя тэхналогіі і, самае важнае, магчымасць масавай вытворчасці. На даны момант мы маем участак вырабу гільзы блока цыліндраў, нарасцілі іх выпуск да васьмі тысяч штук у месяц, аднак гэтыя аб’ёмы ліцця застаюцца дробнасерыйнымі. Гільза выкарыстоўваецца маторным заводам выключна для ўласных патрэб. А, паўтаруся, хацелася б атрымаць сур’ёзны заказ ад еўрапейскіх заказчыкаў.

Прычын зацягвання тэрмінаў уводу другой чаргі многа. Мы сур’ёзна залежым ад галоўнага прадпрыемства. Яно выступае асноўным інвестарам праекта. Ёсць дэфіцыт сродкаў. Хацелася б разлічваць на дзяржпадтрымку, але, як дакладна даў зразумець і Прэзідэнт краіны, яна выдзяляецца пад канкрэтнага заказчыка, канкрэтную прадукцыю і канкрэтны рынак збыту. Калі гэтага няма, укладваць грошы ў нікуды сёння дзяржава не можа сабе дазволіць. 

Яшчэ адна праблема, якая хвалюе, – падрыхтоўка вышэйшай школай кваліфікаваных кадраў для прамысловасці. Сапраўды, яна жадае не толькі лепшага, а кардынальных перамен. Цяжка дасягнуць прагрэсу, калі спецыяліст прыходзіць на прадпрыемства без сучасных ведаў. Поспех не менш як на 80 працэнтаў залежыць ад якасці працоўнага калектыву.

Павел Ярахавец, начальнік вытворчасці філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *