Трапныя «выстралы» – жартамі

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

Лета пачалося для каманды «Кароткае замыканне» з трапных «выстралаў», ад якіх аж дух захоплівае і галава круціцца.

На фестывалі конкурсу вясёлых і знаходлівых сярод працоўнай моладзі Мінскай вобласці каманда «Кароткае замыканне» прадстаўляла Стаўбцоўшчыну і выйшла пераможцам. Дэвіз фестывалю – «Культурнае лета – культурная моладзь» – падкрэслівае яго тэматычную далучанасць да Года культуры, у тым ліку нацыянальнай культуры («кавээншчыкі» выступалі ў вышыванках), яго значнасць у кантэксце маладзёжных ініцыятыў. 

– Прывітанне ад нашай каманды сярод васьмі камандаў-удзельніц было ацэнена максімальнай колькасцю балаў, а ў «біятлоне» іх жартаўлівыя «стрэлы» не пакінулі сапернікам ніводнага шанца. Журы спадабалася і як  каманда справілася з дамашнім заданнем – гэта была музычная пастаноўка «Канёк-гарбунок на новы лад», – падзялілася ўражаннямі ад фестывальнай праграмы першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Капітан каманды «Кароткае замыканне» Юрый Дзёмін адзначыў у першую чаргу дружны характар фестывалю, што прайшоў у Клецкім раённым цэнтры культуры, а таксама магчымасць для новых знаёмстваў і з ахвотай згадзіўся даць бліц-інтэрв’ю.

– Каманды падабраліся моцныя, падрыхтаваныя, – расказаў Юрый Дзёмін. – Апошні раз такі фестываль праходзіў два гады таму і – немалаважна – у нас, у Стоўбцах. Тады некаторыя ўдзельнікі толькі пачыналі гуляць. Цяпер іх узровень відавочна вырас, з’явілася майстэрства, а некаторыя, як, напрыклад, каманда з Жодзіна, адзін з нашых самых сур’ёзных сапернікаў, спрабуе выступаць у Мінскай лізе.

– Юрый, у Клецку вам уручылі галоўную ўзнагароду фестывалю – кубак. Што для вас азначае запрашэнне на такія мерапрыемствы?

– Для каманды вялікі плюс, калі арганізуюцца падобныя мерапрыемствы. Пасля мінулага фестывалю, паўтаруся, мінула два гады. За гэты перыяд мы калі і выступалі дзе, то больш як госці, ад актыўных выступленняў амаль адышлі. Па гэтай прычыне нам было складана рыхтавацца да выступлення ў Клецку, тым больш, што ехалі мы не проста так, а за вынікам. Дзякуй усім, бо знайшлі падтрымку ў многіх арганізацый. СЗАТ «Агракамбінат «Колас» выдзеліла нам аўтобус для паездкі на фестываль. Любкаўшчынскі дом культуры – пляцоўку для рэпетыцый. Разуменне і падтрымку мы, канешне, знайшлі ў свайго кіраўніцтва – дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта Стаўбцоўскіх электрасетак, Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».

Вы, як і большасць членаў каманды, з’яўляецеся работнікамі электрасетак. Сярод вас з’явіліся і работнікі мясцовага філіяла цукровага камбіната?

– Пётр Несцярук – работнік філіяла цукровага камбіната, а касцяк па-ранейшаму складаюць энергетыкі. Гэта Дзяніс Пашкевіч, Аляксандр Борыс, Дзмітрый Лабун. Далучыўся да нас Дзмітрый Локтыш, таксама работнік нашага прадпрыемства, толькі з Клецкага РЭС. Ён, дарэчы, з Клецка прыязджаў на нашы рэпетыцыі.

Фестываль КВЗ завяршыўся. Працяг яго ў «Кароткага замыкання» будзе?

– Пакуль конкурсных планаў у нас няма. Але, калі паступяць канкрэтныя прапановы, будзем рыхтавацца і ўдзельнічаць. Час ідзе… У нас, акрамя работы,  ёсць сем’і. Некаторыя займелі пасады… Спадзяёмся, што ў Стоўбцах з’явіцца маладая змена тых, хто любіць выступаць у КВЗ.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *