Спаборніцтвы, турніры

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

ПРАЦЭС «ТАРПЕДАВАННЯ»

Аматарам футбола – раскоша. На спартыўных арэнах гарадоў Францыі разгарнулася грандыёзнае дзейства – чэмпіянат Еўропы. Шкада, што для выступлення ў фінальнай стадыі еўрапейскага футбольнага форуму не трапіла зборная каманда Беларусі. Але заўзятарам гэтай самай папулярнай спартыўнай гульні сумаваць не даводзіцца. Кожны дзень на каналах беларускага тэлебачання вядуцца трансляцыі. Францыя, Англія, Іспанія, Расія, Італія, Партугалія, футбольныя дружыны іншых краін дэманструюць сваё майстэрства, надаюць шмат эмоцый усім, хто хварэе за футбол.

Між тым, не спыняецца і мясцовае футбольнае жыццё. І ў нас, стаўбчан, ёсць падставы перажываць, радавацца. Каманда «Нёман-Агра» ўсё смялей заяўляе аб сабе ў турніры першынства Беларусі ў другой лізе.

Апошнім сапернікам нёманцаў сталі госці з Магілёва. Назва каманды «Тарпеда» найперш выдае прыналежнасць да прадпрыемства аўтамабілебудавання. Хоць выклікае і іншыя асацыяцыі. Як жартавалі балельшчыкі: «Хто каго тарпедуе?»

Каманда «Тарпеда» з Магілёва, памятаецца, была на відных пазіцыях і ў галоўнай лізе беларускага футбола. І як-ніяк прадстаўляе абласны цэнтр. Але ж які салдат не жадае насіць пагоны з зорачкамі? Канкрэтна ж, на полі стадыёна «Юнацтва» нашы адразу рынуліся ў атаку. Ужо на 14-й хвіліне матча Сяргей Маліноўскі адкрывае лік. Праўда, хвілін праз дзесяць госці ўстанаўліваюць раўнавагу. Нашы зноў рашуча ідуць наперад. І хоць адчувальная адсутнасць вядучага паўабаронцы Андрэя Лапшына, усё ж гульня ідзе пад дыктоўку стаўбчан. Пасля прастрэлу з фланга ігрок каманды гасцей «зразае» мяч у свае вароты. Нёманцы наперадзе – 2:1.

Замацаваў перавагу гаспадароў Дзмітрый Даўбейка. Пра яго гол варта сказаць асобна. На апошняй хвіліне першага тайма ён прымае перадачу ад Ільі Цюніса і ў «тарпедным» скачку галавой накіроўвае мяч у вароты каманды «Тарпеда». Гол – сапраўды на ўзроўні лепшых у футболе.

У пачатку другога тайма гасцям удаецца скараціць разрыў у ліку – 3:2, аднак на большае іх не хапіла. У стаўбчан на замену выходзяць хуткія Віктар Шуста і Аляксандр Паляшчук. Апошні і падводзіць рахунак трапным ударам у дабаўлены да асноўнага час – 4:2.

Перамога дазволіла нашай камандзе падняцца на шостае месца ў турнірнай табліцы. На матч наступнага тура ў суботу, 18 чэрвеня, нашы выязджаюць на Гомельшчыну, у Жыткавічы.

 

ЧЭРВЕНЬСКІ ЎРАДЖАЙ ЛЁГКААТЛЕТАЎ

У абжытым лёгкаатлетамі спартыўным манежы па вуліцы Каліноўскага ў Мінску праведзены абласныя спаборніцтвы па праграме Алімпійскіх дзён моладзі. Трэнер нашай каманды Анатоль Турчановіч рады падзяліцца навінамі.

Старты юніёраў 1999–2000 гадоў нараджэння прынеслі большы поспех дзяўчатам. Аліна Навіцкая апярэдзіла ўсіх на бегавых дыстанцыях 800 і 1500 метраў. Вікторыя Кожыч паказала найлепшы вынік у скачках у даўжыню і была трэцяй у трайным скачку. У Аляксея Міронава другія месцы ў бегу на 800 і 1500 метраў. Яўген Валадзько – сярэбраны прызёр на 400-метровай дыстанцыі, а Дзяніс Дзямянка – бронзавы на 2000 метраў з перашкодамі.

Рабяты, маладзейшыя на год-два, таксама не падвялі. Андрэй Ліпніцкі перамог у бегу на 100 метраў і скачках у даўжыню. Віталій Галубец выдатна асвойвае спартыўную хадзьбу. На фінішы і пяцікіламетровай, і трохкіламетровай дыстанцыі ён таксама стаў першым. Уладзіслаў Мілашэўскі заняў трэцяе месца ў бар’ерным бегу.

Шкада толькі, што не ўдалося заняць прызавыя месцы ў агульнакамандным заліку. Каманда старэйшых усяго паўачка ўступіла зборнай Маладзечна, якая стала трэцяй, малодшыя спартсмены на пятай пазіцыі. «Саставы нашых камандаў маглі быць і мацнейшымі, але цяпер якраз час здачы экзаменаў», – тлумачыць Анатоль Турчановіч. Аднак хіба ж пастаяннае знаходжанне ў ліку лепшых сярод усіх калектываў вобласці не прыкмета стабільнасці? А трэнеры добра заўважаюць таленты. Нашы лепшыя юныя лёгкаатлеты выклікаюцца на рэспубліканскія спаборніцтвы, якія пройдуць у Гродне і Брэсце.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *