Здароўе людзей – дзяржаўны прыярытэт

Нумары Пяты Усебеларускі народны сход Соцыум

image_pdfimage_print

Інэса Дударэвіч – адна з тых працаўнікоў цэнтральнай раённай бальніцы, хто пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы вярнуўся працаваць у свой родны раён.

Выпускніца Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта першапачаткова была накіравана на працу ў Дзераўнянскую ўчастковую бальніцу. Пасля дэкрэтнага адпачынку малады доктар атрымала пасаду ўчастковага тэрапеўта ў паліклініцы. За шэсць гадоў працы ўчастковым урачом Інэса Сяргееўна паспела многае. Найперш – упэўніцца, што выбраная ёю яшчэ ў дзяцінстве прафесія ўрача вызначыла адзіна правільны для яе шлях. Яна ўспамінае сваё сачыненне, напісанае ў чацвёртым класе, дзе марыла аб будучай прафесіі. Гэтая мара была падмацаваная сур’ёзнай працай па авалодванні ведамі ў СШ № 3 г. Стоўбцы і паспяховай здачай уступных экзаменаў. За гэты час работы ўрачом Інэса Дударэвіч паспела закончыць клінічную ардынатуру, сур’ёзна ўмацаваць свае веды ў свеце навейшых тэхналогій дыягностыкі і лячэння, якія практыкуюцца ў сферы аховы здароўя.

Яна абслугоўвае чацвёрты гарадскі ўчастак, у асноўным – вуліцы старога горада. Тут ёсць свая спецыфіка работы. Сярод пацыентаў – нямала людзей пажылога ўзросту. Вельмі важна аблегчыць іх стан, дапамагчы справіцца з немачамі. І ў арсенале ў доктара – не толькі медыкаменты, але і добрае слова, павышаная ўвага, даччын клопат. І лечыць гэта не менш, чым пілюлі.

Актыўная жыццёвая пазіцыя маладога ўрача, нераўнадушныя адносіны да сваёй справы ляглі ў аснову прызнання Інэсы Дударэвіч як перспектыўнага спецыяліста. Яна ўвайшла ў склад дэлегацыі нашага раёна, якая прыме ўдзел у V Усебеларускім народным сходзе. З якім настроем адпраўляецца дэлегат на гэты важны дзяржаўны форум?

–       Я ўдзячная за высокі давер, аказаны мне. Гэта накладвае на мяне абавязак апраўдаць яго. Прадстаўляючы сферу аховы здароўя краіны, дэлегаты-медыкі, думаю, маюць што сказаць, зыходзячы са свайго вопыту, у плане далейшага паспяховага развіцця нашай сферы. За гады асабістай ўрачэбнай практыкі я сутыкнулася з такімі пытаннямі, якія хацелася б вынесці на разгляд. Гэта датычыць падняцця матывацыі нашага насельніцтва ў кантролі за сваім здароўем, ва ўнутранай дысцыпліне своечасова праходзіць абследаванне, і штуршок да гэтага маглі б даць дзяржаўныя дакументы. Перад медыкамі на дзяржаўным узроўні ставяцца задачы ранняга выяўлення паталогій, што дазваляе праводзіць своечасовае лячэнне, у многіх выпадках выратоўваць жыццё чалавека. Мы ж у сваёй практыцы нярэдка сутыкаемся з сітуацыямі, калі пацыента даводзіцца ўгаворваць прыйсці на абследаванне, здаць аналізы, прайсці цыталагічнае даследаванне, не раз тэлефануем, нагадваем, упрошваем. Намнога б аблегчыла работу медыкаў, падняло б якасць дыспансерызацыі, калі б у заканадаўчым парадку былі акрэслены абавязкі кожнаму праходзіць прафілактычнае медыцынскае абследаванне. Я выказала тое, што набалела, з чым даводзіцца сутыкацца на пасадзе ўрача. А наогул мне, як маці, як грамадзянцы цікава будзе паслухаць аб мэтах і перспектывах развіцця нашай краіны ў розных сферах, аб сацыяльных аспектах, праграмах выхавання моладзі, падтрымкі маладых сем’яў, аб мерах па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі. Ва ўсім гэтым – будучае нашай краіны, моц нашай дзяржавы. Як патрыёту сваёй Айчыны мне хочацца бачыць Беларусь працвітаючай і моцнай.

Інэса Дударэвіч,

урач Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *