Прафесійнае майстэрства

Нумары Раённыя навіны Соцыум

image_pdfimage_print

ДА ЭТАПАЎ СПАБОРНІЦТВАЎ ПРЫСТУПІЦЬ!

У мінулы аўторак, на базе вучэбна-трэніровачнага палігона Стаўбцоўскіх электрычных сетак, быў дадзены ўрачысты старт рэспубліканскім спаборніцтвам на званне «Лепшы па прафесіі» сярод брыгад па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання падстанцый 110 кВ і вышэй.

Роўна ў 9.30 на палігоне выстраіліся ў шарэнгу шэсць камандаў – прадстаўнікі рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў «Брэстэнерга», «Віцебскэнерга», Гомельэнерга», «Гроднаэнерга», «Мінскэнерга» і «Магілёўэнерга». Ад імя РУП «Мінскэнерга» выступала каманда стаўбцоўскіх энергетыкаў, пераможца аналагічных абласных спаборніцтваў, якія прыкладна месяц таму прайшлі на гэтым жа палігоне. Для Стаўбцоўшчыны прымаць у сябе на працягу пяці дзён удзельнікаў такога прадстаўнічага мерапрыемства (яго яшчэ трапна назвалі святам энергетыкаў Беларусі) – таксама вялікая падзея.

Прагучаў даклад галоўнага суддзі Вадзіма Пяткевіча кіраўніку арганізацыйнага камітэта спаборніцтваў Аляксандру Сівакову аб гатоўнасці палігона і камандаў. Усе каманды згодна з рашэннем мандатнай камісіі былі дапушчаны да выканання работ на этапах. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў і гасцей звярнулася кіраўніцтва ДВА «Белэнерга», РУП «Мінскэнерга», Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў работнікаў энергетыкі, электратэхнічнай і паліўнай прамысловасці. Пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь права ўзняць сцяг спаборніцтваў было даверана леташнім пераможцам – членам брыгады Жлобінскіх электрасетак (РУП «Гомельэнерга»).

Без перабольшвання, у Стоўбцах на гэтым тыдні сабраліся лепшыя кадры і сілы, гонар беларускай энергасістэмы, шматлікія госці і калегі – прадстаўнікі энергасістэмы з Расійскай Федэрацыі. Паназіраць за работай прафесіяналаў былі запрошаны і будучыя кадры энергасістэмы – навучэнцы Мінскага энергетычнага каледжа. Спаборніцтвы праходзілі пад знакам юбілейнай даты – 85-годдзя беларускай энергасістэмы, пад лозунгам, які на палігоне быў у самым цэнтры, – «Без права на памылку».

На дасягненні нацыянальнай энергасістэмы, яе каштоўныя і паслядоўныя традыцыі, сярод якіх, безумоўна, і правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства, звярталі ўвагу ўсе без выключэння выступоўцы. Падобныя конкурсы служаць забеспячэнню аднаго з важнейшых фактараў – надзейнасці энергасістэмы. Прайграўшых у іх няма, таму што, акрамя традыцыйнага спаборніцтва калегаў, гэтыя конкурсы ўяўляюць сабою пляцоўку для жывых кантактаў, павышэння прафесійнага ўзроўню і ўвасаблення самых перадавых напрацовак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: гатовая да этапаў спаборніцтваў каманда РУП «Мінскэнерга», у саставе якой – стаўбцоўскія энергетыкі.

P.S. Калі вярстаўся нумар газеты, вынікі рэспубліканскіх спаборніцтваў яшчэ не былі вядомы. Пра тое, хто стаў пераможцам і заваяваў права прадстаўляць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах, якія пройдуць у верасні ў Казахстане, чытайце ў бліжэйшых нумарах «Праменя».

 

НА СЛУЖБЕ ЎРАДЖАЙНАСЦІ

– Планы выконваем, аб’ектаў дастаткова да канца бягучага года, людзі працуюць і атрымліваюць заробак, – акрэсліў стан спраў у калектыве меліяратараў в. а. дырэктара ААТ «Аграбудфірма ПМК-74 – Налібакі» Станіслаў Ваньковіч.

Асноўнай праблемай застаецца наяўнасць даўгоў, якія аграбудфірма атрымала «ў спадчыну» ад прадпрыемства меліярацыйных сістэм. ПМС было ліквідавана 31 снежня 2015 года ў сувязі з неплацежаздольнасцю, а з 1-га лютага 2016 года прынята рашэнне аб уваходжанні яго ў склад больш моцнай профільнай арганізацыі – ААТ «Аграбудфірма «ПМК-74 – Налібакі».

Меліяратары раёна (у калектыве – 90 чалавек, большасць – спецыялісты з вялікім стажам работы) працуюць без змяненняў — шчыруюць над тым, каб расла ўраджайнасць нашых палеткаў. Стаўбцоўскі раён уваходзіць у лік «пяцёркі» раёнаў Міншчыны, вызначаных аб’яднаннем «Мінскмеліяводгас» як прыярытэтныя.

Так, здадзены ў эксплуатацыю аб’ект рэканструкцыі «Волка» на землях ААТ «Каганец», на якім асвоена 660 мільёнаў рублёў. За сродкі абласнога бюджэту вядуцца работы на новым аб’екце – «Жоўтанёманскі» на землях ТАА «СЖК «Налібакі». За май было асвоена 132 мільёны рублёў. Увод аб’екта ў эксплуатацыю прызначаны на кастрычнік 2016 года.

На дадзены момант меліяратары са сваёй спецыялізаванай тэхнікай запатрабаваны на будаўніцтве лесагаспадарчай дарогі № 13, якая праходзіць па тэрыторыі двух лясніцтваў Стаўбцоўскага лясгаса – Налібацкага і Кляцішчанскага. На гэтым аб’екце ёсць магчымасць зарабіць больш за чатыры мільярды рублёў. Аграбудфірма была задзейнічана ДЭУ № 62 у якасці субпадраднай арганізацыі на будаўніцтве пад’язных дарог (у гравійным выкананні) ў мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы Стоўбцаў – «Паўночны-2». На абочынах гэтых дарог меліяратары ажыццяўлялі падсеў травы. Акрамя таго, у цэнтры іх увагі застаюцца такія сезонныя работы, як акошванне меліярацыйных каналаў, працягласць якіх – 640 км.

У бліжэйшы час чакаюцца таргі адносна вызначэння арганізацыі, якая за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе займацца рэканструкцыяй аб’екта «Ячонка» на землях ААТ «Каганец». Станіслаў Ваньковіч пракаменціраваў: «Будзем удзельнічаць у тэндары і спадзяемся яго выйграць».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *